Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларускі ўказ, які не падабаецца і палякам памежжа


Рэпартаж Свабоды зь Бялай-Падляскі за два тыдні да ўступленьня ў сілу ўказу № 40, які моцна абмяжуе ўвоз грамадзянамі тавараў у Беларусь — і ўжо спалохаў польскіх гандляроў.

Пакуль правілы дзейнічаюць старыя. Новаўвядзеньні ўступаюць у сілу з 14 красавіка. З гэтага дня беларусы, якія купляюць нешта за мяжой часьцей, чым раз на тры месяцы, бязмытна змогуць увезьці тавараў не на паўтары тысячы эўра, а толькі на трыста.

І хоць абмежаваньні ўведзеныя для грамадзянаў Беларусі — гэта моцны ўдар і па жыхарах Польшчы, перадусім па гандлярах, што жывуць на памежжы. Прыкладам, значная частка жыхароў пяцідзесяцітысячнага гораду Бяла-Падляска, што ад мяжы кілямэтраў за трыццаць, жыве менавіта за кошт пакупнікоў зь Беларусі.

Шыльды і рэкляма па-расейску ва ўсіх буйных крамах і рынках Бялай-Падляскі

Шыльды і рэкляма па-расейску ва ўсіх буйных крамах і рынках Бялай-Падляскі

Два базары, 5 гіпэрмаркетаў — усё для беларусаў

У гэтым невялікім горадзе ажно два вялікія базары, каля пяці гіпэрмаркетаў, а таксама шмат невялікіх крамаў з адзеньнем, бытавой хіміяй, хатняй тэхнікай і абсталяваньнем. У адной з крамаў, што каля рынку на вуліцы Берасьцейскай, пакупнікі — толькі беларусы. Гэта невялікая ўнівэрсальная крамка, дзе можна адразу ж набыць і харчовыя, і нехарчовыя тавары. Замежнікаў пазнаць па тым, што просяць аформіць Tax Free. Пакупнікі тут ці не з усёй Берасьцейшчыны: Пінск, Кобрынь, Івацэвічы, Берасьце. Беларусы ў гэтай краме пакідаюць звычайна ня менш як па 200 даляраў.

Шыльды і рэкляма па-расейску каля рынку ў Бялай-Падлясцы

Шыльды і рэкляма па-расейску каля рынку ў Бялай-Падлясцы

Уладальнік крамы кажа, што пасьля ўвядзеньня абмежаваньняў, верагодна, будзе вымушаны спыніць свой бізнэс. Польскіх пакупнікоў у яго практычна не бывае. Тавар у краму ён прывозіць зь Нямеччыны адмыслова з улікам попыту спажыўцоў зь Беларусі. Бізнэсовец узгадвае, што сам некалі, яшчэ ў дзевяностыя гады, вазіў тавары з нашай краіны ў Польшчу. А цяпер сытуацыя кардынальна зьмянілася.

У самым цэнтры Бялай-Падляскі пакупнікі зь Беларусі — толькі ў вялікіх крамах. Уласьнікі маленькіх гандлёвых кропак арыентуюцца на польскага пакупніка. Кошты тут, як правіла, большыя, чым на рынку ці ў гіпэрмаркетах. Самі бізнэсоўцы кажуць, што прадаюць тавар лепшай якасьці, таму і даражэйшы. Зусім іншая сытуацыя ў вялікіх гіпэрмаркетах.

Тут паўсюль рэкляма і апісаньне тавараў па-расейску. Абмежаваньні для беларусаў закрануць гэтыя крамы вельмі моцна. Уласьнікі кажуць, што без пакупнікоў з усходу проста ня будзе патрэбы мець гэтулькі гандлёвых плошчаў. Шмат хто сыдзе з рынку, бо ня будзе чым плаціць за арэнду.

Гарадзкі рынак у Бялай-Падлясцы на вул. Тысячагодзьдзя

Гарадзкі рынак у Бялай-Падлясцы на вул. Тысячагодзьдзя

Польскія гандляры: «Будзеце гараваць і вы, кепска будзе і нам»

Найбольш складана будзе гандлярам на рынках. У цэнтры гораду, на рынку, што на вуліцы Тысячагодзьдзя, прадпрымальнік, які гандлюе вопраткай, прызнаецца, што з жахам думае пра сваю будучыню:

Гандляр на Гарадзкім рынку па вул. Тысячагодзьдзя ў Бялай-Падлясцы

Гандляр на Гарадзкім рынку па вул. Тысячагодзьдзя ў Бялай-Падлясцы

«Гэта вельмі кепска для нас. Шмат беларусаў прыяжджаюць сюды на рынак і пакідаюць тут свае грошы. У мяне асабіста прыкладна каля дваццаці адсоткаў усіх пакупнікоў — беларусы. Але гэта ў працоўныя дні, а вось на выходныя яшчэ болей нават. Таму для майго бізнэсу будзе істотны ўдар, калі страчу такую колькасьць пакупнікоў. Шкада, вядома, што так складваецца, тым болей — колькі гадоў вядзецца праца ў справе малога памежнага руху. З боку Польшчы ўсё падрыхтавана і гатова для ўвядзеньня, а вось з вашага боку пакуль нічога ня зроблена».

Гарадзкі рынак на вул. Тысячагодзьдзя ў Бялай-Падлясцы

Гарадзкі рынак на вул. Тысячагодзьдзя ў Бялай-Падлясцы

Гандляры на гэтым рынку без праблемаў разумеюць беларускую мову, бегла размаўляюць па-расейску. Відаць, што часта маюць справу з пакупнікамі зь Беларусі.

«Штодзённа ў мяне пакупнікі зь Беларусі. Я тут ужо колькі гадоў гандлюю абуткам і прызвычаіўся да гасьцей з вашай краіны. Ведаем пра новыя абмежаваньні на перавоз тавараў празь мяжу для вашых грамадзянаў. Цяпер беларусы змогуць правозіць толькі 20 кіляграмаў тавару на агульную суму ня болей за 300 эўра. Што я пра гэта думаю? Гэта кепска для ўсіх, у тым ліку і для нас. Чым болей прыяжджаюць да нас, чым болей набываюць, тым болей мы маем грошай. І тычыцца гэта ня толькі нашага рынку, але таксама і шматлікіх крамаў з вопраткай, тэхнікай у Бялай-Падлясцы. Для нас гэта добра, мы ж фактычна жывем з гэтага. У мяне каля 50 адсоткаў пакупнікоў — беларусы, калі нават ня болей. А ў вольныя дні ў нашым горадзе большасьць пакупнікоў — вашы суграмадзяне. Бачу гэта, калі еду дадому».

Шыльды і рэкляма па-расейску ва ўсіх буйных крамах Бялай-Падляскі

Шыльды і рэкляма па-расейску ва ўсіх буйных крамах Бялай-Падляскі

Яшчэ большай папулярнасьцю ў беларусаў карыстаецца рынак на ўезьдзе ў Бялу-Падляску па вуліцы Берасьцейскай. Тут набываюць і тэлевізары, і пральныя машыны, і запчасткі для аўтаў. Побач адразу ж некалькі крамаў зь лічбавай тэхнікай. Пакупнікі зь Беларусі неахвотна ідуць на кантакт з журналістамі, але ўсе сыходзяцца ў адным: што абмежаваньні на перавоз тавараў празь мяжу сталі для іх надзвычай непрыемнай навіной.

«Абураемся гэтаму новаўвядзеньню. Канечне, нам гэта вельмі не падабаецца, і мы абураемся, але што мы можам зрабіць?»

Прыяжджаюць сюды грамадзяне Беларусі зусім не ад добрага жыцьця. Паводле некаторых падлікаў, кожны з наведнікаў польскіх крамаў пакідае тут каля 350 даляраў ЗША.

«У Беларусі большасьць тавараў нашмат болей каштуюць, чым тут, у Польшчы. Вядома, для дзяржавы ўвядзеньне абмежаваньняў на карысьць. Але для грамадзянаў — моцны ўдар. Мы вельмі незадаволеныя новаўвядзеньнямі. Калі едзеш на рынак у Бялу-Падляску, то заўжды набываеш нешта ня толькі для сябе, але і для родных, для суседзяў. Цяпер жа рэдка выяжджаю, бо досыць шмат трэба выдаткаваць на дарогу, нятанна каштуе і страхоўка. А з улікам таго, што істотна скараціліся заробкі, набываючы тавары ў Польшчы, можна было ашчадзіць капейку, неяк перажыць месяц. Але ў любым выпадку буду прыяжджаць сюды. Праўда, вядома, радзей».

Гандляры на гэтым рынку наракаюць на ўвядзеньне абмежаваньняў, але спадзяюцца, што сытуацыя неяк зьменіцца.

Гандляр на рынку па вуліцы Берасьцейская ў Бялай-Падлясцы

Гандляр на рынку па вуліцы Берасьцейская ў Бялай-Падлясцы

«Ня будзе пакупнікоў зь Беларусі, то тут ня будзе наагул гандлю. 90 адсоткаў пакупнікоў на гэтым рынку — беларусы. Палякаў тут вельмі мала. А беларусы тут вельмі шмат набываюць і вопраткі, і тэхнікі, афармляюць „такс-фры“. Так што пасьля ўвядзеньня абмежаваньняў будзе нам вельмі складана. Зь іншага боку, мы ўжо нешта падобнае перажывалі раней. Пасьля таго як былі ўведзеныя візы, Польшча ўвайшла ў Эўразьвяз, то мы амаль два гады фактычна ня мелі аніякага гандлю. Потым сытуацыя зьмянілася і стала лепей. Так што будзеце пакутаваць і вы, і мы гэтаксама. Гэта моцны ўдар ня толькі па вашых грамадзянах, але і па жыхарах Польшчы ў памежнай зоне».

Абмежаваньні ўступаюць у сілу з 14 красавіка. Паводле новых правілаў празь мяжу грамадзяне Беларусі змогуць правозіць ня болей за 20 кіляграмаў рэчаў на агульную суму ня болей за 300 эўра. Абгрунтоўваецца гэта эўрапейскай практыкай і тым, што трэба бараніць айчыннага вытворцу.

XS
SM
MD
LG