Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка зьбіраецца ў Эквадор


Прэзыдэнт Эквадору Рафаэль Карэа (зьлева) і прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка. Падчас візыту Лукашэнкі ў Эквадор. 28 чэрвеня 2012 году
Прэзыдэнт Эквадору Рафаэль Карэа (зьлева) і прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка. Падчас візыту Лукашэнкі ў Эквадор. 28 чэрвеня 2012 году

Прэзыдэнту Эквадора Абдалу Букарама ў 1997 годзе абвясьцілі імпічмэнт, Лукашэнку ў той жа час удалося застацца на пасадзе.

Кіраўнік Беларусі сёлета зьбіраецца наведаць зь візытам Эквадор. Пра гэта Аляксандар Лукашэнка заявіў сёньня на сустрэчы са старшынём Нацыянальнай асамблеі Эквадору Габрыэлай Рывадэнэйрай Бурбонэ, якая на чале парлямэнцкай дэлегацыі сваёй краіны прыбыла ў Менск.

Падчас размовы Лукашэнка згадаў, што ў 2012 годзе ён ужо наведваў Эквадор:

«Я пабываў у многіх краінах, але Эквадор не магу параўнаць зь ніводнай зь іх па ўнікальнасьці і своеасаблівасьці».

«Візытам з гістарычным падтэкстам» называе ў размове са Свабодай меркаваную паездку Лукашэнкі, праграма якой цяпер узгадняецца, былы выкладчык міжнароднага права ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце, сябра міжнароднай камісіі Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня Павал Знавец:

Павал Знавец
Павал Знавец

«Да нас прыехалі дзяліцца досьведам сваёй парлямэнцкай дзейнасьці і наладжваць супрацоўніцтва дэпутаты парлямэнту Эквадора. Гэтая, здавалася б, зусім не надзвычайная навіна насамрэч мае схаваны падтэкст. Справа ў тым, што ў 1997 годзе ў сусьветнай палітыцы адбыўся ўнікальны выпадак: парлямэнт Эквадора абвясьціў свайго прэзыдэнта Абдалу Букарама разумова непаўнавартасным. І вынес яму імпічмэнт. І гэта пры тым, што ў Эквадоры, як і ў нас, прэзыдэнт надзелены шырокімі паўнамоцтвамі, ён кіраўнік і дзяржавы, і выканаўчай улады.

У 1996 годзе Вярхоўны Савет спрабаваў вынесьці імпічмэнт Лукашэнку. Але ў нас тады гэтага не атрымалася. А вось эквадорскія парлямэнтары з гэтай задачай справіліся».

Абдала Букарам быў прэзыдэнтам Эквадора з 10 жніўня 1996 году па 6 лютага 1997-га.

Ён нарадзіўся ў 1952 годзе ў сям’і ліванскіх імігрантаў. Актыўна займаўся спортам (бар’ерным бегам), быў сьцяганосцам Эквадора на Алімпійскіх гульнях 1972 году ў Мюнхэне.

Букарам удзельнічаў у прэзыдэнцкіх выбарах 1988, 1992 і 1996 гадоў. І на апошніх атрымаў перамогу. Але неўзабаве Нацыянальны кангрэс (парлямэнт) пазбавіў яго паўнамоцтваў.

Пасьля адстаўкі Букарам атрымаў палітычны прытулак у Панаме.

Грамадзяне Беларусі могуць наведваць Эквадор бязь візы, пры ўмове, што гэтая турыстычная паездка ня будзе перавышаць 90 дзён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG