Лінкі ўнівэрсальнага доступу

FAZ: Уцекачы знайшлі альтэрнатыўныя маршруты ўезду ў Эўропу


Пасьля закрыцьця «балканскага маршруту» папулярным становіцца «італьянскі напрамак». Таксама шматлікія мігранты асядаюць на тэрыторыі Баўгарыі.

Пасьля закрыцьця так званага «балканскага маршруту» (праз Македонію, Сэрбію і Харватыю ў Аўстрыю і дзяржавы Паўночнай Эўропы) уцекачы знайшлі альтэрнатыўныя шляхі пранікненьня ў Эўропу. Пра гэта паведаміла газэта Frankfurter Allgemeine Zeitung у матэрыяле, разьмешчаным на яе сайце ў нядзелю, 27 сакавіка.

Паводле зьвестак выданьня, адзін зь іх пачынаецца ў порце Анталья на поўдні Турцыі, у Мэрсіне блізу мяжы з Сырыяй або ў Атэнах у цэнтральнай Грэцыі. Пасьля чаго мігранты на рыбалавецкіх і невялікіх гандлёвых судах перасякаюць Міжземнае мора і трапляюць у Італію. Кошт пераправы, паводле выданьня, вагаецца ад 3 да 5 тысячаў эўра.

Пры гэтым некаторыя ўцекачы з Грэцыі спрабуюць пранікнуць у Альбанію, адкуль таксама морам дабіраюцца да Італіі або працягваюць рух на поўнач Эўропы на аўтамабільным транспарце. Прычым сухапутную мяжу паміж Грэцыяй і Альбаніяй пераадолець значна цяжэй, чым марскую паміж гэтымі краінамі і Італіяй з-за складанасьці альбанскага ляндшафту і горнага характару мясцовасьці. Да таго ж далейшае прасоўваньне праз тэрыторыю Чарнагорыі і Босьніі і Герцагавіны на поўнач Эўропы абцяжарана з-за сапёрных мін, якія засталіся ў зямлі з часоў вайны ў 1990-х гадах.

Альтэрнатывай робіцца Баўгарыя

Яшчэ адзін альтэрнатыўны маршрут ідзе праз Баўгарыю. Адтуль мігранты спрабуюць патрапіць у Румынію або Сэрбію. Абодва варыянты не ідэальныя. У Румыніі натуральнай перашкодай для далейшага прасоўваньня становяцца Карпаты. Што тычыцца Сэрбіі, то яе межы з ЭЗ знаходзяцца пад пільным кантролем. Такім чынам шматлікія ўцекачы ў выніку асядаюць у Баўгарыі.

Аналягічныя цяжкасьці ўзьнікаюць і ў ахвочых перасекчы расейска-фінскую мяжу, кантроль на якой апошнім часам стаў больш жорсткім. Паводле дадзеных уладаў Фінляндыі, у студзені з Расеі ў краіну прыбылі каля 500 просьбітаў прытулку, што на 200 чалавек больш, чым за ўвесь 2015 год. І гэта нават нягледзячы на тое, што ў канцы 2015 году памежная служба Фінляндыі, у прыватнасьці, забараніла перасякаць мяжу з Расеяй на ровары.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG