Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кастусёў: Мае словы, што без 25 сакавіка не было б і прэзыдэнта Лукашэнкі, на маё зьдзіўленьне, ня выразалі


Рыгор Кастусёў

Рыгор Кастусёў

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў задаволены вынікамі свайго ўдзелу у праграме «Клюб рэдактараў» на беларускім тэлебачаньні. Пра гэта ён заявіў у інтэрвію Свабодзе.

«Запрашэньне на гэту праграму было для мяне нечаканасьцю, — прызнаецца палітык, — Але хачу адзначыць, што адносіны на гэтым „Клюбе рэдактараў“ перад і падчас запісу былі станоўчыя. Не было нейкай такой устаноўкі, што чагосьці казаць нельга, а штосьці можна. Збольшага я задаволены. Практычна скарачэньні невялікія. Галоўны пасыл, які я хацеў сказаць, прагучаў. Тыя словы, якія я казаў у час запісу перадачы пра тое, што без 25 сакавіка не было б і прэзыдэнта Лукашэнкі, на маё зьдзіўленьне, ня выразалі, паказалі».

Кастусёў канстатаваў, што ўдзельнікі праграмы ў цэлым пазытыўна выказваліся наконт даты 25 сакавіка:

«Той факт, што мае словы пра тое, што 25 сакавіка павінна стаць кансалідуючай датай для беларускага грамадзтва паказалі, і нават паказалі ў субтытрах — гэта для мяне значыць, што адносіны прынамсі тых людзей, якія былі са мной побач на перадачы, мяняюцца ў станоўчы бок. Спадзяюся, што зьменяцца, ці ўжо мяняюцца падыходы беларускіх уладаў. Рабіць высновы наконт беларускіх уладаў у цэлым цяжка, бо мы такіх выказваньняў ад уладаў ня чулі. Але ад тых людзей, якія былі са мной побач у „Клюбе рэдактараў“, я пачуў што 25 сакавіка гэта важная дата ў гісторыі і яе трэба шанаваць», — адзначыў ён.

Рыгора Кастусёва ўжо ня першы раз запрашаюць на беларускае тэлебачаньне. У мінулым годзе палітык тройчы зьяўляўся на дзяржаўным ТБ — двойчы на АНТ у перадачы «Справа прынцыпу» і адзін раз на «Беларусь-1» у ток-шоў «Форум». Але намесьнік старшыні Партыі БНФ лічыць заўчасным рабіць нейкія высновы на падставе гэтага факту.

«Цяжка сказаць, наколькі шырокія могуць быць магчымасьці беларускай апазыцыі зьвяртацца да людзей праз тэлебачаньне. Мне цяжка рабіць высновы, як шырока гэта будзе распаўсюджана — ці гэта адзінкавыя выпадкі, ці будуць яшчэ запрашэньні. Але я адназначна лічу, што такімі магчымасьцямі трэба карыстацца», — падкрэсьліў ён.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG