Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Балёнскі працэс: Беларусь спрабуе двойчы ўступіць у адну і тую ж раку


Хутка споўніцца год, як Беларусь была далучана да Балёнскага працэсу.

Афіцыйную заяўку на далучэньне да Балёнскага працэсу Беларусь падала ў 2011 годзе. Тады заяўку адхілілі, а пытаньне замарозілі да 2015 году. У траўні 2015-га Беларусь усё ж прынялі ў Эўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі на пэўных умовах. Пакрокавы плян дзеяньняў прапісалі ў так званай «дарожнай мапе». Цяпер у Беларусі ёсьць 3 гады, каб выканаць умовы сяброўства ў Балёнскім працэсе.

Шлях да Эўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі быў доўгі і цярністы. З чаго ўсё пачыналася і ці далёка прасунулася Беларусь цяпер на гэтым шляху? Чаму Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт, які апошнія 10 гадоў працуе на выгнаньні, — у Балёнскім працэсе, а Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт — усё яшчэ па-за Балёнскай прасторай?

Самыя першыя захады, каб далучыць беларускія ВНУ да Балёнскай мадэлі, былі зробленыя яшчэ ў 2002 годзе. Тады выйшаў загад Савету Міністраў № 224, у адпаведнасьці зь якім Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт і Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт (які працаваў у той час у Беларусі) былі прызначаныя экспэрымэнтальнымі пляцоўкамі па ўкараненьні Балёнскай мадэлі адукацыі.

У 2004 годзе БДУ выпусьціў бакаляўраў. А ў 2006-м магістраў — не пасьпеў

Тагачасны рэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту прафэсар Аляксандар Казулін (які быў рэктарам з 1996 па 2003 год. — РС) распавёў, што задачу пераходу на Балёнскую мадэль адукацыі на пачатку 2000-х гадоў паставілі перад усімі беларускімі ВНУ, але выявілася, што яны да гэтага не гатовыя:

Аляксандар Казулін

Аляксандар Казулін

«Вось і паставілі канкрэтныя задачы перад БДУ — як вядучай ВНУ краіны, і ЭГУ — як носьбітам эўрапейскіх тэхналёгіяў у адукацыі (мяркуючы па назьве). БДУ павінен быў пацягнуць за сабой, як паравоз, увесь састаў вышэйшай адукацыі. Як ледакол, які прабівае дарогу, а за ім ужо ўсе ідуць. І да гэтага былі ўсе перадумовы. Больш за тое, рыхтаваліся зьмены ў Закон аб вышэйшай адукацыі і зьмены па лініі Міністэрства працы — у кваліфікацыйны даведнік, хто якія пасады павінен займаць: бакаляўры — адну нішу, магістры — іншую, каб не было перакрыжаваньняў.

У 2004 годзе БДУ выпусьціў бакаляўраў, а ў 2006 годзе меўся выпусьціць магістраў. І тады БДУ цалкам бы перайшоў на сыстэму шматузроўневай адукацыі: бакаляўр — магістар. А зь пераходам сярэдняй школы на 12-годку адбылося б завяршэньне ўсёй рэформы і вышэйшай, і сярэдняй адукацыі. З працоўнымі спэцыяльнасьцямі не было б праблемаў. Абавязковая адукацыя была — 10 гадоў. Хто хацеў вучыцца далей, павінны былі здаць іспыты і пайсьці на 12-годку, і толькі пасьля 12-годкі можна было паступаць ва ўнівэрсытэт.

Сыстэма сярэдняй адукацыі была зьмененая амаль цалкам: 11 гадоў прайшлі (усяго год застаўся), плюс пяць гадоў падрыхтоўкі. Адбыліся кардынальныя зьмяненьні ўсіх навучальных плянаў і праграмаў, а самае галоўнае — кардынальна зьмянілася стаўленьне да навучальнага працэсу.

І потым адным росчыркам пяра гэта ўсё было перакрэсьлена. Вырашылі, што 12-годка — гэта зашмат, нам трэба адраджаць савецкія традыцыі.

Галоўным ідэолягам усяго гэтага стаў тагачасны намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Анатоль Рубінаў. І ніхто не паглядзеў, якія калясальныя сродкі пайшлі на гэтыя рэформы. Да таго ж цалкам пахавалі профільнае навучаньне...

У выніку — мы перайшлі да калгасна-саўдэпаўскай адукацыі часоў пачатку мінулага стагодзьдзя. Апошні прыклад — зьніжэньне да ўзроўню ніжэй за плінтус мінімальнага прахаднога бала для паступленьня ў ВНУ. Гэта ж нават ня двойка, а кол па ранейшай шкале. З такімі баламі ня тое што ва ўнівэрсытэт, у ПТВ нельга прымаць. Ну, а калі няма якаснай адукацыі, пра што можна казаць?»

Дзесяць гадоў таму паступовы рух да Балёнскай мадэлі адукацыі ў Беларусі быў рэзка спынены.

Толькі ў Вільні ЭГУ ўдалося далучыцца да Балёнскага працэсу

Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт таксама на пачатку 2000-х гадоў далучыўся да экспэрымэнтальнага руху да Балёнскай сыстэмы адукацыі. Як заўважае прарэктар ЭГУ па акадэмічных пытаньнях прафэсар Аляксандар Каўбаска, дарэчы, усё існаваньне ўнівэрсытэта ў Беларусі было экспэрымэнтальнае:

Аляксандар Каўбаска

Аляксандар Каўбаска

«Паверыўшы загаду Саўміну, на 8 факультэтаў па 14 праграмах мы набралі студэнтаў на 4-гадовы бакаляўрэат. І мы мелі ўжо 8 магістарскіх праграмаў, калі студэнты навучаліся па паўтара года. У 2002 годзе наш унівэрсытэт стаў адным з удзельнікаў кансорцыюму „Campus Europe“, які забясьпечвае нашым студэнтам мабільнасьць.

У 2004 годзе мы атрымалі ліцэнзію, і ў тым жа 2004 годзе мы былі закрыты з палітычных матываў. Я паспрабую гіпатэтычна спрагназаваць, што дзякуй богу, што з палітычных. Бо ў 2006 годзе, калі б прыйшоў час даваць дыплёмы бакаляўраў некалькім сотням выпускнікоў, або дыплёмаў не было б наагул, або нас бы закрылі за неадпаведнасьць заканадаўству, якое і сёньня не падрыхтавана.

І інстытуцыі, і прадпрыемствы не гатовыя прымаць бакаляўраў у Беларусі», — скрушна падсумаваў спадар Каўбаска.

У 2006 годзе ЭГУ пераехаў у Вільню, быў афіцыйна зарэгістраваны, атрымаў статус унівэрсытэта Літвы. І ўжо ў Вільні давялося, паводле трапнага выразу прарэктара Аляксандра Каўбаскі, «другі раз уступаць у інтэрнацыянальную адукацыйную ваду Балёнскага працэсу». А гэта было нялёгка: давялося прайсьці ўсе асноўныя этапы станаўленьня: конкурсны адбор выкладчыкаў, выбары рэктара, трансфармацыю Сэнату, распрацаваць новы стратэгічны плян, перамяніць адміністрацыйную і акадэмічную структуру.

Плюсы Балёнскай сыстэмы

  • Цяпер ЭГУ амаль цалкам далучаны да агульнаэўрапейскай адукацыйнай прасторы, — кажа прафэсар Аляксандар Каўбаска і пералічвае асноўныя пазыцыі:
  • Мы ўключаныя ў праграму абмену «Эразмус» і «Эразмус плюс», абменьваемся студэнтамі. 20% студэнтаў у 2020 годзе будуць удзельнічаць у міжнародных абменах.
  • Крэдытную сыстэму маем.
  • Варыятыўнасьць дысцыплін — абмежаваную фінансамі, але маем, міждысцыплінарны падыход таксама маем.
  • Факультэцкую студэнцкую мабільнасьць маем.
  • Нашы дыплёмы прызнаюцца ў Эўропе.
  • Выбары рэктара ў нас ёсьць.
  • Студэнты ўключаныя ва ўнівэрсытэцкі мэнэджмэнт, яны ёсьць і ў Сэнаце, і ў Кіроўнай радзе.

Праблемы Балёнскай сыстэмы

Але, на думку прарэктара Аляксандра Каўбаскі, ёсьць і праблемы. Наш суразмоўца назваў некаторыя зь іх:

  • Малы памер унівэрсытэту не дае магчымасьці шырока абменьвацца выбарнымі курсамі.
  • Завочнікі — а іх дзьве траціны ад агульнай колькасьці студэнтаў ЭГУ — ня маюць магчымасьці ўдзельнічаць у абменных працэсах.
  • Ва ўнівэрсытэце даволі абмежаваная колькасьць студэнтаў, якія дасканала валодаюць ангельскай мовай.
  • Няшмат курсаў на ангельскай мове, якія б маглі быць прапанаваныя замежным студэнтам, і таму прыток замежных студэнтаў у ЭГУ невялікі.
  • Зьмяшаная форма навучаньня ў магістратуры ЭГУ не прывабная для студэнтаў зь іншых краін, каб яны прыяжджалі на вучобу.

Але ЭГУ будзе гатовы тэставацца ў Балёнскую сыстэму і далей, запэўнівае прафэсар Аляксандар Каўбаска.

Дэвід Полік

Дэвід Полік

«Балёнскі працэс — гэта матывацыя да дзеяньня, ён прапануе інструмэнты супрацоўніцтва і ўвасабляе нашы лепшыя мары і спадзяваньні», — падсумоўвае рэктар ЭГУ прафэсар Дэвід Полік.

«У ЭГУ ёсьць цэлы шэраг шурпатасьцяў, якія трэба ўдасканаліць»

Прэзыдэнт студэнцкага прадстаўніцтва ЭГУ Дзяніс Кучынскі выказаў думку, што ЭГУ наагул недзе паміж Беларусьсю і Эўропай. Ён заўважае, што нідзе ў сьвеце няма ўнівэрсытэтаў настолькі палітычна заангажаваных і эканамічна залежных. Што да Балёнскага працэсу, Дзяніс Кучынскі кажа:

Дзяніс Кучынскі

Дзяніс Кучынскі

«У Балёнскім працэсе ёсьць некалькі стаўпоў, на якіх ён стаіць: мабільнасьць, прызнаньне дыплёмаў, крэдытная сыстэма, выбар курсаў... Адзін з такіх стаўпоў — выбарнасьць рэктара. Для ЭГУ гэта сьвежае, зусім нядаўна ў нас адбыліся выбары рэктара, якія цяжка назваць дэмакратычнымі.

На такіх прыкладах я ўпэўнена магу сказаць, што ЭГУ ня можа сябе лічыць абсалютна паўнавартасным чальцом Балёнскага працэсу, зрэшты, як і многія іншыя ўнівэрсытэты Эўропы. Я магу параўнаць з гішпанскім унівэрсытэтам, дзе я вучыўся па праграме абмену. Гішпанскую адукацыю я не лічу вельмі якаснай.

Па-другое, паўстае пытаньне вакол самой назвы. Балёнскі працэс, уласна кажучы, у большасьці эўрапейскіх унівэрсытэтаў скончыўся, ён перайшоў у новую фазу. На маю думку, правільней казаць „Балёнская сыстэма адукацыі“, бо працэс — гэта тое, што пачынаецца і сканчаецца.

Так, збольшага мы адпавядаем. Але ёсьць цэлы шэраг шурпатасьцяў, якія трэба ўдасканаліць. Ёсьць да чаго імкнуцца», — падсумаваў прэзыдэнт студэнцкага прадстаўніцтва ЭГУ Дзяніс Кучынскі.

«Колькі год мы, як вавёрка ў коле, усё рэфармуем і рэфармуем сыстэму адукацыі»

Кіраўніцтва ЭГУ пацьвердзіла сваю гатоўнасьць падзяліцца сваім каштоўным досьведам зь беларускімі ўнівэрсытэтамі, якім неабходная адаптацыя да патрабаваньняў Эўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі. І нават запрасіла на міжнародную канфэрэнцыю ў Вільню прадстаўніка Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту — загадчыка катэдры гісторыі Расеі прафэсара Алега Яноўскага (які, дарэчы, у 2002 годзе, калі БДУ пачынаў далучацца да Балёнскага працэсу, быў там прарэктарам).

Прафэсар Яноўскі лічыць, што на пачатковым этапе далучэньня да Балёнскай сыстэмы БДУ і ЭГУ былі ў досыць дзеяздольнай зьвязцы. У Беларусі тады зьявілася асэнсаваньне — куды трэба рухацца. Але шматлікія рэформы адукацыі, хістаньні з боку ў бок ні да чога добрага не прывялі:

Алег Яноўскі

Алег Яноўскі

«Колькі год мы, як вавёрка ў коле, усё рэфармуем і рэфармуем сыстэму адукацыі. Цяпер Беларусь каторы раз актыўна ўступае ў тую самую раку, у якой было пройдзена ўжо некалькі гадоў. Але пытаньні, якія былі на тым этапе, дагэтуль ня зьнятыя з парадку дня. Бакаляўр адсутнічае ў кваліфікацыйнай шкале і працаўладкаваньні. Магістар адсутнічае, магістратура наагул ніяк не асэнсоўваецца, хіба што як лёгкі дадатак да асьпірантуры, нейкая прыступка.

Моладзь, першакурсьнікі разгубленыя — яны ня ведаюць, куды рухацца. У студэнтаў няма асэнсаваньня таго, што шмат залежыць ад цябе самога. Рух і асэнсаваньне пачынаюцца толькі ў студэнтаў старэйшых курсаў.

Але мы ня горшыя за іншых, у нас амаль усё адпавядае патрабаваньням, за выключэньнем сыстэматызацыі, фармалізацыі, якія прысутнічаюць у дамоўленасьцях 1999 году. Але існавалі і існуюць нацыянальныя сыстэмы адукацыі, якія маюць свае асаблівасьці, хоць яны зьвязаныя агульнымі рысамі ў рамках Балёнскага працэсу. Таму я не пагаджаюся са скептыкамі, што Беларусь далучана да Балёнскага працэсу авансам».

На канкрэтнае пытаньне, што трэба мяняць у беларускай мадэлі адукацыі, якія крокі зрабіць, прафэсар Алег Яноўскі адказаў, што «дарожная мапа падпісаная ня ім, а міністрам адукацыі»:

«Трэба, каб нашы меркаваньні — і чыноўнікаў, і выкладчыкаў, і студэнтаў, і ўсіх беларусаў, маладых і сталых — сышліся ў адной кропцы: мы без Эўропы, без сусьвету ў 21 стагодзьдзі — нікуды ні на што ня будзем вартыя, як бы мы ні спрабавалі быць асобнымі. Мяне наагул крыўдзіць, што нейкую „дарожную мапу“ міністар падпісаў: мы ж ня горшыя за іншых. Няхай Эўропа адкрываецца перад намі ў большай ступені, чым мы адкрываемся перад ёй».

«Ёсьць уражаньне, што дзейнасьць па імплемэнтацыі „дарожнай мапы“ заблякаваная»

На думку сябра грамадзкага Балёнскага камітэту, прафэсара Ўладзімера Дунаева, далучэньне Беларусі да Балёнскага працэсу — гэта першы выпадак, калі краіну прымалі ў Эўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі ўмоўна, авансам:

Уладзімер Дунаеў

Уладзімер Дунаеў

«То бок з умовай выканаць абавязаньні „дарожнай мапы“, рэфармаваньня сваёй сыстэмы адукацыі ў адпаведнасьці з каштоўнасьцямі, мэтамі, асноўнымі кірункамі палітыкі краінаў эўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі. Гэта такая асаблівасьць. І таму заявы кшталту „балёнскі трыюмф“, пра які трубіў міністар адукацыі Міхаіл Жураўкоў, крыху фальшывыя. Таму гэта, я б сказаў, такі своеасаблівы прымус Беларусі да рэформаў. І „дарожная мапа“ — гэта, па сутнасьці, адзіная праграма рэформаў у беларускай адукацыі, узгодненая з Эўропай. Чаму яна так для нас важная? Калі атрымаецца працаваць па такой схеме, магчыма, зьявіліся б карты рэфармаваньня іншых сфэраў».

«Што немцу добра, то беларусу сьмерць»

«Дарожная мапа» расьпісаная па кроках, і выкананьне кантралюецца адмыслова створанай кансультатыўнай групай. Ёсьць і добрыя знакі. Даючы першую справаздачу ў студзені 2016 году, Мінадукацыі адзначыла, што яно хоча зрабіць «дарожную мапу» часткай адукацыйнага заканадаўства. Але тут ёсьць шмат непразрыстых момантаў, кажа прафэсар Дунаеў:

«Яны імплемэнтуюць „дарожную мапу“ ў адукацыйнае заканадаўства ў выглядзе трох дакумэнтаў: першы — гэта загад міністра адукацыі аб імплемэнтацыі балёнскіх інструмэнтаў у сыстэму адукацыі. Другі — гэта Дзяржаўная праграма „Моладзь і адукацыя“ на 2016–20 гады, і трэці — гэта зьмены і дапаўненьні ў Кодэкс аб адукацыі. Але гэтых дакумэнтаў няма ў адкрытым доступе. Пра загад міністра ня ведаюць нават у ВНУ. Дзяржпраграмы „Моладзь і адукацыя“, здаецца, яшчэ няма ў прыродзе. Што да зьменаў у Кодэкс — было абяцана, што яны яшчэ да сьнежня будуць прадстаўленыя ў Нацыянальны Сход. Але іх там няма. І наагул складаецца ўражаньне, што ўся дзейнасьць па імплемэнтацыі „дарожнай мапы“ заблякаваная».

Такое ўражаньне, якое склалася ў прафэсара Дунаева, падмацаваў і намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Ігар Бузоўскі, выступіўшы на выніковай калегіі Мінадукацыі ў духу Анатоля Рубінава, які ў свой час сказаў: «Што немцу добра, то беларусу сьмерць». Маўляў, эўрапейскі досьвед невядома як адгукнецца на нашай глебе, і нам наагул лепш шліфаваць традыцыі, а не займацца наватарствам. Дык вось падобна, што ёсьць намёк на кансэрватыўны рэванш«.

У студзені справаздача па выкананьні Беларусьсю «дарожнай мапы» заслухоўвалася ў Кішынэве. Наступнае паседжаньне — на пачатку чэрвеня ў Менску. Эўрапейскія чыноўнікі хочуць сустрэцца і з грамадзянскай супольнасьцю. Грамадзкі Балёнскі камітэт будзе рыхтаваць свой альтэрнатыўны даклад.

Дарэчы, у адкрытым доступе «дарожнай мапы» дагэтуль няма.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG