Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці паверыць Лукашэнка Вашчыкоўскаму, што Захад не рыхтуе Майдан у Беларусі?


Наколькі далёка можа пайсьці пацяпленьне адносінаў паміж афіцыйным Менскам і Захадам? Якія тут ёсьць натуральныя палітычныя перашкоды і абмежавальныя «сьцяжкі»? Ці паверыць Аляксандар Лукашэнка польскаму міністру Вашчыкоўскаму, што Захад не рыхтуе Майдан у Беларусі? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы Экспэртыза Свабоды адказваюць палітолягі Андрэй Фёдараў і Андрэй Казакевіч

Цыганкоў: Візыт у Беларусь міністра замежных спраў Польшчы Вітальда Вашчыкоўскага даў пэўны імпульс адносінам афіцыйнага Менску з Захадам. Гэта быў першы візыт у Менск кіраўніка зьнешнепалітычнага ведамства краіны, якая ўваходзіць у Эўразьвяз, пасьля адмены эўрапейскіх санкцыяў супраць беларускага кіраўніцтва. Бакі, у тым ліку і Аляксандар Лукашэнка, абменьваліся добрымі словамі на адрас адно аднаго. Наколькі далёка можа пайсьці пацяпленьне адносінаў паміж Менскам і Захадам?

Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў

Фёдараў: Казаць пра нейкія прынцыповыя зрухі было б заўчасна. Я ўпэўнены, што беларускія ўлады ня згодныя пайсьці на значныя зрухі ў сваёй унутранай і эканамічнай палітыцы. І ў такой сытуацыі Эўропа ня можа заплюшчыць вочы на тое, што робіцца з грамадзтвам і што робіцца ў эканоміцы. Яна ня можа пайсьці насуперак сваім прынцыпам і сваім эканамічным інтарэсам. Таму ёсьць пэўная мяжа — добра было б хаця б да яе дайсьці — пакуль нават да яе далёка.

Цыганкоў: А чаму Эўропу павінна моцна хваляваць унутраная палітыка Беларусі? Няма палітвязьняў, не затрымліваюць на масавых акцыяў — гэтага і досыць?

Фёдараў: Дзякуй і гэтаму, але Эўропа, відавочна, хацела б большага — свабодных і дэмакратычных выбараў у адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі. Вось тут бакі і сутыкнуцца, і іх рух насустрач спыніцца.

Андрэй Казакевіч
Андрэй Казакевіч

Казакевіч: Мне сытуацыя ў беларуска-эўрапейскіх адносінах нагадвае, калі людзі ўзьняліся ўгару і цяпер ідуць па роўным плато. Сапраўды. Адбыліся пэўныя зьмены, былі ўзятыя пэўныя вышыні, — Беларусь нарэшце «спадабалася» Эўропе такая, якая яна ёсьць. І зараз адбываецца інструмэнталізацыя гэтага новага ўзроўню, выпрацоўваюцца механізмы таго, як супрацоўнічаць у гэтай новай сытуацыі.

Натуральна, ёсьць шматлікія абмежаваньні — Эўропа ніколі ня пойдзе, як я думаю, на поўнае збліжэньне, уключэньне Беларусі ў праграмы супрацы без сур’ёзных зьменаў у беларускай палітычнай сыстэме, а беларускія ўлады ня пойдуць на зьмены гэтай сыстэмы, бо ня маюць для гэтага стымулаў і прычынаў. Што тычыцца эканамічных рэформаў, то, як я думаю, яны могуць адбывацца, і найхутчэй, будуць — хаця пра гэта ня будзе абвяшчацца публічна.

Натуральна, ёсьць пэўны калідор для паляпшэньня адносінаў — і далей за нейкія сур’ёзныя зьмены ў палітычнай сыстэме Беларусі яны ня пойдуць.

Цыганкоў: Магчыма, нібы адказваючы на нейкія страхі беларускіх уладаў, польскі міністар Вашчыкоўскі асабліва падкрэсьліў у Менску, што выступае за эвалюцыю, а не рэвалюцыю, што Захад не рыхтуе Майдан у Беларусі. Магчыма, тут быў пэўны сыгнал Менску — ня бойцеся нас, давайце ісьці на збліжэньне. Ці паверыць Лукашэнка гэтым словам?

Фёдараў: Вядома, прыслухаецца, але ці паверыць — сказаць цяжка. Насамрэч, Захад асабліва моцна і не стымуляваў гэтую каляровую рэвалюцыю, — падтрымліваў збольшага маральна. Але беларускія ўлады лічылі, што менавіта Захад тут усё падстройвае. І калі беларуская апазыцыя зноў актывізуецца, улады Беларусі зноў абвінавацяць у гэтым менавіта Захад. Тут таксама шмат залежыць ад адносінаў Расеі з Захадам, наколкі яны будуць напружаныя.

Казакевіч: Магчыма, проста так на слова Лукашэнка і не паверыць, але апошнія некалькі гадоў гэта ўжо стала афіцыйнай палітыкай Захаду. Па-першае, мінімізаваць падтрымку палітычных праектаў у Беларусі, зводзіць яе больш на непалітычны ўзровень. Таксама адмова ад чаканьня нейкіх кардынальных палітычных зьменаў у Беларусі. У выніку цяпер ёсьць значна менш адчуваньня Менскам небясьпекі з боку Захаду.

Тое, што сказаў Вашчыкоўскі — гэта проста вынік працэсаў, якія праходзяць ужо некалькі гадоў. І гэта сапраўды складае спрыяльны фон для паляпшэньня стасункаў паміж Менскам і Захадам, бо цяпер Захад разглядае беларускія ўлады як асноўных прадстаўнікоў беларускага народу. Нейкія альтэрнатыўныя сілы, у тым ліку апазыцыя, ужо не разглядаюцца як важныя суб’екты для дыялёгу.

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Але гэта вынік патрабаваньняў афіцыйнага Менску ці Захад сам прыйшоў да такіх высноваў?

Казакевіч: І тое і другое. Па-першае, доўгі нэгатыўны досьвед падтрымкі палітычных апазыцыйных сілаў, які ня даў прыкметных вынікаў. Па-другое — так, гэта тое, чаго заўсёды дамагалася беларуская ўлада, заўсёды ставіла гэта на парадак дня. Плюс замежнапалітычны кантэкст — агрэсіўная палітыка Расеі апошнія гады. Усё гэта прывяло да таго, што Захад фактычна адмовіўся ад стратэгіі актыўнай падтрымкі палітычнай альтэрнатывы ў Беларусі.

Цыганкоў: Дык дзе палягаюць натуральныя «сьцяжкі», за якія ня выйдзе паляпшэньне адносінаў паміж афіцыйным Менскам і Захадам?

Фёдараў: Першае — кіраўніцтва Беларусі наўрад ці пройдзе на сапраўды дэмакратычныя выбары, якія патрабуе Захад — праведзеныя ў адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі. Адпаведна будзе крытыка з боку Захаду і непрызнаньне выбараў дэмакратычнымі.

Па-другое — эканоміка, што ня менш важна. Кітай, напрыклад, ня больш дэмакратычная краіна за Беларусь, але эканамічныя стасункі зь ім у Эўропы даволі добрыя. У Беларусі пакуль няма нармальных умоваў нават для таго, каб проста супрацоўнічаць эканамічна, не зьвяртаючы ўвагі на палітычныя моманты.

Казакевіч: Беларускія ўлады ня будуць разглядаць у якасьці прадмету для перамоваў асновы беларускай палітычнай сыстэмы. Гэта найперш выбары, але і ў больш шырокім сэнсе — тое, як фармуецца ўлада. Гэта «сьцяна», якая ня будзе пераадольвацца. Для Эўропы такім абмежавальнікам ёсьць дэмакратыя і правы чалавека. Пакуль гэтага ў Беларусі няма, ня будзе поўнага ўцягваньня Беларусі ў эўрапейскі працэс.

Але паміж першым і другім існуе даволі шырокі калідор, і ў ягоных межах могуць весьціся дыскусіі. Яны будуць тычыцца пэўных асобных дэталяў, палітычных правоў, эканамічных рэформаў, далучэньня Беларусі да Сусьветнай гандлёвай арганізацыі. І ніхто ня будзе імкнуцца пераходзіць гэтыя межы, бо цяпер існуе кансэнсус, што гэтага рабіць ня варта.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG