Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Як мяняецца стылістыка Дня Волі і стаўленьне да яго ўладаў?


Дзень волі — 2016

Дзень волі — 2016

Якія асаблівасьці сёлетняга сьвяткаваньня Дня волі? Як мяняецца стылістыка сьвяткаваньня? Як ставяцца да гэтай даты ўлады?

Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць галоўны рэдактар часопісу ARCHE Валер Булгакаў, публіцыст, радны БНР Алесь Чайчыц і аглядальнік нашага радыё Віталь Цыганкоў.

Дракахруст: Як вы ацэньваеце вынікі сёлетняга сьвяткаваньня Дня волі? У мінулыя гады акцыі на 25 сакавіка былі, як правіла, самыя шматлюдныя, колькасьць людзей, якія выходзілі на маніфэстацыю ў гэты дзень, былі своеасаблівым індыкатарам грамадзкай актыўнасьці. Сёлетнюю акцыю таксама можна разглядаць як зьвяно ў ланцугу іншых акцыяў мінулага і гэтага году — маніфэстацыяў перад выбарамі і акцыяў пратэсту індывідуальных прадпрымальнікаў.

Галоўная частка акцыі 25 сакавіка была дазволенай, у адрозьненьне ад шматлікіх папярэдніх акцыяў. Традыцыя плюс кароткатэрміновая тэндэнцыя плюс дазвол — што можна сказаць пра вынік як пра «тэрмомэтар» грамадзтва?

Булгакаў: Сёлетні Дзень волі на мой абывацельскі розум сваім маштабам і ідэалягічным пасланьнем мала чым розьніўся ад мінулых. Сёлетняе сьвяткаваньне не прабіла новы трэнд. Яго адрозьненьне ад мінулых акцыяў — у пэўнай дэпалітызацыі, націск рабіўся не на маніфэстацыю палітычных лёзунгаў і праграмаў, а на адзначэньне самой урачыстасьці.

Дракахруст: Паводле апытаньняў, прыкладна 10% беларусаў лічаць 25 сакавіка пачаткам беларускай дзяржаўнасьці. Чаму ж дазволеная акцыя адзначэньня гэтай даты сабрала некалькі тысячаў, а не дзясяткі тысячаў людзей?

Чайчыц: Людзі абіраюць розныя формы адзначэньня гэтага сьвята — нехта ідзе на дэманстрацыю, нехта ідзе з сябрамі піва піць, у розных гарадах людзі ўшаноўвалі месцы, зьвязаныя з БНР. У доўгатэрміновай пэрспэктыве гэта менавіта сьвята, адзначэньне таго, што Беларусь пачалася як сучасная незалежная дзяржава 25 сакавіка 1918 году.

Зараз настроі ў грамадзтве не пратэстныя, вельмі далёка ў Беларусі ад рэвалюцыйнай сытуацыі.

Дракахруст: «Гэта ўжо не пратэст, гэта сьвята» — сказаў у інтэрвію Свабодзе адзін з удзельнікаў маніфэстацыі.

Падчас сёлетняй маніфэстацыі былі бачныя дзьве плыні: прамоўцы казалі грозныя прамовы супраць Лукашэнкі, а іншыя, скажам, «Арт-сядзіба», зладзілі вясёлы хэпэнінг з выявамі «Пагоні» і вершніцы. Паміж гэтымі плынямі адбыўся нават мікраканфлікт — адны лічылі, што ім перашкаджаюць іншыя.

Дык што гэта было — сьвята, пратэст, сьвяточны пратэст, сьвята непаслушэнства?

Сьвята бывае і ў лягеры

Цыганкоў: Усяго патрошку. Сьвята бывае і ў лягеры. У цяперашняй грамадзка-палітычнай сытуацыі было крыху адчуваньне менавіта такога сьвята, бо ўсе разумелі, што ёсьць істотныя абмежаваньні дазволенага.

А што да вашага першага пытаньня, то не выпадае параўноўваць зь 90-мі гадамі, калі на Дзень волі зьбіраліся дзясяткі тысячаў людзей. Але пасьля 19 сьнежня 2010 году на папярэдніх Днях волі атмасфэра была даволі змрочная.

Сёлетняе адзначэньне за 5 гадоў — самае разьняволенае, вясёлае і бадай што самае масавае.

Таксама варта параўноўваць з тымі акцыямі, якія пачаліся пасьля вызваленьня Міколы Статкевіча, які вярнуў вулічныя акцыі ў палітычны парадак дня. Маніфэстацыя 25 сакавіка была самай масавай з кастрычніка 2015 году.

Дракахруст: Алесь, падчас сьвяткаваньня 25 сакавіка карэспандэнтка Свабоды ўзяла інтэрвію ў расейскага філёзафа і блогера Максіма Гарунова, які гасьцяваў у гэты дзень у Менску. Ён адзначыў, што на падобныя маніфэстацыі ў Маскве сьцягваюць велізарныя сілы АМАПу і іншых спэцаддзелаў паліцыі, якія паводзяць сябе даволі жорстка. А як бы вы, жывучы ў Маскве, параўналі б сытуацыю на падобных акцыях у расейскай і беларускай сталіцах?

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі зараз у такім становішчы, што яму выгодна разьвіваць нацыянальную сьвядомасьць беларусаў

Чайчыц: У Менску і ў Маскве цяпер супрацьлеглыя трэнды. Людзі, якія ў Расеі выходзяць на мітынгі памяці Барыса Нямцова, супраць вайны ва Ўкраіне, ведаюць, што ідуць супраць жорсткай, азьвярэлай улады, якая знаходзіцца калі ўжо не на піку, то блізка да піку экзальтаванасьці, зьвязанай з далучэньнем Крыму і вайной у Данбасе. Эмацыйны напал больш драматычны і больш змрочны. Забойствы, кроў — тут гэтыя рэчы на парадку дня.

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі зараз у такім становішчы, што яму выгодна разьвіваць нацыянальную сьвядомасьць беларусаў, умацоўваць каштоўнасьць незалежнасьці. А незалежнасьць Беларусі выцякае наўпрост з БНР.

Улады гэта ня могуць не ўсьведамляць, хаця і ня могуць у сілу сваіх ранейшых крокаў узяць на ўзбраеньне ідэі 25 сакавіка. Шмат што перашкаджае ім гэта зрабіць. Але ўскосна спрыяць, не перашкаджаць пашырэньню гэтых ідэяў ім наўпрост выгадна.

Дракахруст: Валер, а як бы вы ацанілі паводзіны беларускіх уладаў у сувязі з 25 сакавіка? Ня толькі ў сувязі з сёлетнім сьвяткаваньнем, а ў цэлым. Алесь сказаў, што шмат што перашкаджае ўладам прыняць гэтыя сымбалі і гэтае сьвята. А можа, акрамя іншага, перашкаджае і тое, што на гэтае сьвяткаваньне выходзіць паўтары тысячы чалавек?

Сьвяткаваньне Дня волі перастала быць разьдзяляльнай лініяй паміж уладай і дэмакратычнай супольнасьцю

Булгакаў: Сьвяткаваньне Дня волі перастала быць разьдзяляльнай лініяй паміж уладай і дэмакратычнай супольнасьцю. Напрыканцы ХХ стагодзьдзя акцыі ў гэты дзень былі ўдарным інструмэнтам апазыцыі, вырашаўся, як тады падавалася, лёс незалежнасьці Беларусі. Тады выбар быў чорна-белы — ты ці за незалежнасьць ці супраць.

Мітынг у 1996

Мітынг у 1996

Пасьля 25 гадоў незалежнасьці ўсім здаровым на глузды людзям, што жывуць у нашай краіне, зразумела, што беларуская незалежнасьць, беларуская дзяржаўнасьць — гэта каштоўнасьць. Дзякуючы гэтаму зьнік той жудасны напал жарсьцяў. І Дзень волі з палітычнай маніфэстацыі ўсё больш ператвараецца ўва ўрачыстую цырымонію.

З другога боку, пазыцыя дзяржавы апартуністычная. Яна не перашкаджае сьвяткаваць, але беларускі народ слаба паінфармаваны аб тым, што за сьвята 25 сакавіка. Нават палітычна ангажаваная частка грамадзтва мае скажоны, ідэалягізаваны ў той ці іншы бок вобраз падзеяў.

Дзяржава нічога ня робіць, каб курс па гісторыі БНР чытаўся ва ўнівэрсытэтах, каб манаграфіі па гісторыі БНР шырока друкаваліся ў дзяржаўных выдавецтвах.

У гэтым і прычыны малалікасьці маніфэстацыі на 25 сакавіка. Нягледзячы на пэўнае збліжэньне пазыцыяў, для масавай сьвядомасьці ў Беларусі Дзень волі — гэта апазыцыйнае сьвята. І страх недазволенага вельмі моцна сядзіць у сярэднім беларусу. Таму ён гэтае сьвята ігнаруе.

Дракахруст: Віталь, а як сёлета асьвятлялі, адзначалі гадавіну ўтварэньня БНР афіцыйныя мэдыі? За апошняе дзесяцігодзьдзе адбывалася пэўная эвалюцыя афіцыйнай пазыцыі. У свой час фармулёўкі былі, як у савецкія часы — «буржуазныя нацыяналісты», «халуі кайзэра». Але ўжо на 90-годзьдзе БНР у перадачах БТ і на круглым стале ў «Советской Белоруссии» канстатавалася, што 25 сакавіка — важная, хай і неадназначная, гістарычная веха беларускай гісторыі. Гэты працэс акцэптацыі можна параўнаць са зьменай стаўленьня да ВКЛ, якое амаль прызнаецца сярэднявечнай беларускай дзяржавай, і са стаўленьнем да вышыванак — БРСМ ужо ўсіх зьбіраецца апрануць у вышыванкі. БНР чакае лёс вышаванак?

Улады ўжо не вядуць нэгатыўную прапаганду адносна БНР, але пакуль не вядуць пазытыўную

Цыганкоў: Не, з БНР не адбываецца тое, што з вышыванкамі. Я б не перабольшваў гэты працэс збліжэньня. Ён ідзе, улады сапраўды не вядуць супраць БНР ідэалягічную вайну, не памінаюць «тэлеграму кайзэру». Але гэта пакуль не ўвасабляецца ў пазытыўных дзеяньнях — няма станоўчых артыкулаў пра БНР, няма адпаведных сюжэтаў па беларускім тэлебачаньні. Яны ўжо не вядуць нэгатыўную прапаганду, але пакуль не вядуць пазытыўную.

Поўны пераход на пазыцыі апазыцыі мог бы ўспрымацца як саступка. Колькі гадоў ўлада гаварыла адно, калі будзе казаць іншае, гэта можа быць успрынятае некаторымі ў стылі «не магу паступіцца прынцыпамі».

Калегі казалі, што ўладзе выгадна зараз было б рабіць акцэнт на пэўных элемэнтах беларускай дзяржаўнасьці, да гэтага прымушае геапалітычная сытуацыя.

Лягічна гэта так, але на практыцы гэта не назіраецца. Выразнай устаноўкі няма. І мы гэта бачым: у адным раёне квітнее ТБМ, праводзяцца сьвяты вышыванкі, ў іншым нічога такога няма. Ва многіх чыноўнікаў ёсьць перасьцярога, як бы не пералібэралізаваць. Як мы ведаем, у такой сыстэме, як беларуская, ініцыятыва караецца.

Пэўнай лініі няма, ёсьць разгубленасьць ідэалягічнай машыны.

Дракахруст: А зараз вернемся да сёлетняга сьвяткаваньня Дня волі. У ФБ віруюць палкія дыскусіі. Паводле іх, там паказала сябе старамоднае пакаленьне «бацькоў» і пакаленьне моладзі, якое спрабавала ўразнастаіць акцыю, прыдумаць новыя формы. А наколькі гэта важна? А калі б усё было б так, як хацелася моладзі — прыйшло б 10 тысячаў чалавек?

А зь іншага боку, на сьвяткаваньні была ж не адна моладзь. І можа, гэтая крыху постмадэрнісцкая, гульнявая стылістыка адштурхнула б людзей сталага веку, для якога гэта проста нейкі «цырк з канямі».

25 сакавіка — гэта ўсё ж ня сьвята вышыванкі

Цыганкоў: Тут падзел ідзе не па пакаленьнях, значная частка моладзі таксама палітычна арыентаваная. 25 сакавіка — гэта ўсё ж ня сьвята вышыванкі, гэта палітычная дата. У любой дзяржаве сьвята незалежнасьці мае ідэйнае і палітычнае адценьне і ня можа быць такім жа сьвятам, як дзень гораду.

Што да гэтага невялічкага канфлікту падыходаў, мне здаецца, што іх можна спалучаць. Скажам, плякаты АГП і выступ Анатоля Лябедзькі былі пераважна сацыяльна-палітычныя. Але гэта, здаецца, не знаходзіла вялікага водгуку.

Большасьць удзельнікаў акцыі, здаецца, ўкладалі ў акцыю сьвяточнае ці палітычнае значэньне, але ніяк не сацыяльнае.

Дракахруст: Алесь, ці маглі б вы параўнаць стылістыку падобных акцыяў у Беларусі і ў Расеі. Існуе погляд, што расейцы больш схільныя да сьцёбу, да сарказму, а беларусы — народ сур’ёзны: што ўлада, што апазыцыя.

Удзельнікі такіх акцыяў у Маскве супрацьпастаўляюць сябе вялікай агрэсіўнай большасьці

Чайчыц: Ёсьць беларускі гумар, ёсьць расейскі. У нечым яны падобныя, але ёсьць адрозьненьне маштабу. Менск — гэта 2 мільёны жыхароў, Масква — 15 мільёнаў. Менскай акцыі ў дзьве тысячы чалавек адпавядае маскоўская акцыя ў тысяч 15. Але ў акцыі ў 15 тысячаў іншыя паводзіны.

Акцыя пратэсту ў Маскве

Акцыя пратэсту ў Маскве

Для маскоўскіх масавых акцыяў характэрная больш выразная прысутнасьць радыкалаў. І атмасфэра на іх у цэлым больш змрочная. Удзельнікі такіх акцыяў у Маскве супрацьпастаўляюць сябе вялікай агрэсіўнай большасьці. У Менску, як мне бачыцца, ужо няма такога антаганізму паміж тымі, хто ўдзельнічае ў такіх акцыях, і хто ня ўдзельнічае.

Беларусы перастаюць баяцца страты дзяржаўнай незалежнасьці

Булгакаў: 25 сакавіка сутыкнуліся два спосабы палітычнага мысьленьня. Палітыкі старога гарту выкарыстоўваюць Дзень волі да таго, каб маніфэставаць палітычныя праграмы і лёзунгі, другая плынь больш падкрэсьлівае гістарычны, традыцыйны аспэкт Дня волі. Апошнія прыйшлі не дзеля таго, каб грымнуць кулаком аб стол і запатрабаваць ад Лукашэнкі пераарыентацыі на ЭЗ ці свабодных выбараў ці справядлівай сацыяльнай палітыкі, а дзеля таго, каб падкрэсьліць важнасьць нацыянальнай ідэнтычнасьці, мовы і культуры.

Мне здаецца, што Дзень волі — гэта ня тая нагода, калі варта выстаўляць палітычныя лёзунгі.

Беларусы перастаюць баяцца страты дзяржаўнай незалежнасьці. Для маладога пакаленьня і нават пакаленьня сярэдняга ўзросту яна ўспрымаецца як нешта само сабой зразумелае, што ня трэба бараніць пры дапамозе патэтыкі.

На гэта ўплываюць зьмены, якія адбываюцца ў «індустрыі беларушчыны». Моўныя курсы, разнастайныя праекты — яны ў апошнія гады ўсё больш разьвіваюцца ў фармаце шоў.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG