Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каталікі і пратэстанты сьвету адзначаюць Вялікдзень


Сёньня каталіцкія, грэка-каталіцкія вернікі і пратэстанты ўсяго свету адзначаюць свята Ўваскрэсеньня Хрыстовага — Вялікдзень. Сьвяточныя набажэнствы праходзяць ва ўсіх каталіцкіх храмах і малітоўных дамах Беларусі.

У пастырскім пасланьні да адзінаверцам і ўсіх людзей добрай волі мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў, што ўваскрасеньне Ісуса Хрыста зьяўляецца падмуркам хрысьціянскай веры і гарантыяй вечнага жыцьця.

Ён нагадаў пра праблемы, зь якімі сёньня сутыкаецца каталіцкі касьцёл і хрысьціянства наогул. Сярод гэтых праблем мітрапаліт назваў перасьлед хрысьціянаў на Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы, тэндэнцыю да десакралізацыі жыцьця і павелічэньне колькасьці намінальных хрысціян.

«Гістарычна хрысьціянская Эўропа ўсё часьцей добраахвотна адмаўляецца ад сваёй хрысьціянскай спадчыны і каранёў і становіцца постхрысьціянскай», — цытуе арцыбіскупа БелаПАН.

«Калі мы сьцьвярджаем, што зьяўляемся хрысьціянамі, то павінны змагацца за нашу веру і сьведчыць яе ў паўсядзённым жыцьці. Мы павінны таксама будаваць масты паміж рознымі хрысьціянскімі веравызнаньнямі, каб сумесна сьведчыць Эвангельле, абараняць яго і прапаведаваць. Нам неабходна весьці дыялёг з нехрысьціянскімі рэлігіямі, каб разам вырашаць праблемы, якія ўзьнікаюць. Розьніца ва ўспрыманьні рэлігійных ісьцін не павінна перашкаджаць людзям розных веравызнаньняў жыць у міры і згодзе», — падкрэсьліваецца ў пасланьні.

У гэтым годзе, нагадаў арцыбіскуп Кандрусевіч, каталіцкая царква адзначае «срэбны юбілей адраджэньня царкоўных структур і ўстанаўленьне сьвятым Янам Паўлам II Менска-Магілёўскай мітраполіі».

«Адраджэньне структур каталіцкага касьцёла ў Беларусі і яго разьвіцьцё яшчэ раз пацьвярджае ісьціну ўваскрэсеньня Хрыста. Ісус, якога на працягу трох пакаленьняў атэістычныя сілы на нашай зямлі сьпіхвалі ў магілу і хацелі пахаваць, уваскрос і ўваходзіць у наша жыцьцё. Ён жыве, ён з намі, і зь ім жыве Беларусь», — падсумаваў каталіцкі іерарх.

Вялікдзень — гэта сьвята, дата для кожнага года якога вылічваецца асобна па месяцова-сонечным календары. У заходніх і ўсходніх хрысьціянаў Вялікдзень часта не супадае. Да прыкладу, у гэтым годзе праваслаўныя хрысьціяне і іншыя цэрквы, якія жывуць па Юліянскім календары, адзначаць Вялікдзень 1 траўня.

У 2017 годзе ўсходнія і заходнія хрысьціяне адзначаць гэтае сьвята разам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG