Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Крымінальнікі прамянялі ідэю на страўнік» — былы асуджаны пра «паняцьці»


Ілюстрацыйнае фота. Турма ў Горадні
Ілюстрацыйнае фота. Турма ў Горадні

Сёньня мы працягнем размову пра тое, што ўяўляе сабой беларуская турма з часу абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі па сёньняшні дзень. У прыватнасьці, спынімся на наступных момантах: што ўяўляе сабой сёньня айчынная «крымінальная эліта» і наколькі актуальны непісаны зладзейскі закон — «паняцьці»? У абмеркаваньні гэтай тэмы бяруць удзел былыя супрацоўнікі беларускай пэнітэнцыярнай сыстэмы, а таксама колішнія крымінальнікі ды палітзьняволеныя.

Субкультура, якая адыходзіць

Валеры Шчукін
Валеры Шчукін

​Сьпярша, аднак, пра ЗША. Амэрыканскі судовы перакладчык, колішні мянчук Валеры Шчукін (падвойны цёзка беларускага грамадзкага дзеяча) вось ужо 30 гадоў працуе зь вельмі спэцыфічнай кліентурай — «братвой» з былога СССР, якая сёньня асела на Брайтан-Біч. Зь ёй ён сустракаецца пераважна на судовых пасяджэньнях (а працэсаў за 30 гадоў было недзе з тысячу) або ў нью-ёрскім сьледчым ізалятары Brooklyn Metropolitan Detention Center. Паводле перакладчыка, за гэты час ніводзін кліент так і не паскардзіўся на ўмовы ўтрыманьня ў гэтай — далёка ня самай камфартабэльнай — амэрыканскай турме. Была толькі адна акалічнасьць... Аднак пра гэта — ніжэй.

У сваім стаўленьні да кліентаў, сярод якіх ёсьць і «аўтарытэты» крымінальнага сьвету з постсавецкай прасторы, і жорсткія забойцы, спадар Шчукін усяляк імкнецца абстрагавацца ад учыненых імі злачынстваў, а больш глядзіць на іх як на асобаў, прадстаўнікоў субкультуры, якая адыходзіць і якую, напэўна, у Нью-Ёрку сустрэнеш часьцей, чым у Беларусі. Некаторым сваім кліентам перакладчык спачувае, некаторым шчыра сымпатызуе, над некаторымі іранізуе, да некаторых мае павагу як да людзей моцных ды неардынарных.

Нью-ёрскі сьледчы ізалятар Brooklyn Metropolitan Detention Center
Нью-ёрскі сьледчы ізалятар Brooklyn Metropolitan Detention Center

«Калісьці Брэжнеў, каб сапсаваць эміграцыю, вырашыў адпускаць бандытаў. І ў гэтым сэнсе Харкаў пастараўся больш за ўсіх. Харкаў выпусьціў у Амэрыку (пад выглядам эміграцыі ў Ізраіль) самую вялікую колькасьць бандытаў. Я зь імі сутыкаўся. Вельмі таленавітыя „кішэньнікі“, абсалютна геніяльныя карцёжнікі. Даводзілася перакладаць вядомага расейскага злодзея ў законе, цяпер ужо нябожчыка, Вячаслава Іванькова, ад аднаго позірку якога дрыжыкі ішлі па сьпіне. Як кажуць, сапраўдны злодзей у законе — непахісная воля, жалезны чалавек, вялікая эрудыцыя. Быў яшчэ такі, неаднойчы судзімы, аматар пастраляць з Малдовы Моня Кішынёўскі, які і дагэтуль яшчэ жывы. Паводле чутак, ён „замачыў“ у Нью-Ёрку першага „хроснага бацьку“ рускай мафіі Яўсея Агрона. У целе Моні сядзіць сем ці восем куль, якія непажадана выразаць. У аэрапорце магнэтомэтар на яго зьвініць».

Паводле Валерыя Шчукіна, кожная этнічная група з былога Саюзу мае «сваіх» бандытаў:

«Мне даводзілася працаваць з габрэямі, расейцамі, украінцамі, узбэкамі, вось толькі зь беларусамі не выпадала. Нават кішэньнікі, якія некалі ў Менску спалучалі зладзейскі промысел з малярнай працай, прыехаўшы ў ЗША, сталі законапаслухмянымі бізнэсоўцамі і нават палюбілі бэйсбол. Хаця — не, ведаў аднаго беларуса. Цімоха Гомельскі, ён таксама ўжо нябожчык, некалі правая рука Япончыка і «смотрящий» па Беларусі ды Нью-Ёрку. У яго, дарэчы, у ЗША сын сядзеў, таксама крымінальнік, але рангам паніжэй. Братва з павагай да яго ставілася.

Або такі пэрсанаж — Вася Ярміхін з Сыбіры, які забіў баксёра Кобазева. Яму далі 27 гадоў, недзе 15 ужо адседзеў. Я спытаў яго: навошта ты гэта зрабіў? Ён мне адказаў: хай ведаюць, якія хлопцы з Брайтан-Біч крутыя. Сядзіць цяпер за кратамі, вучыцца маляваць, піша партрэты сукамэрнікаў. Прэтэнзіяў адносна ўтрыманьня, як і іншыя «нашы», ня мае. Усе кажуць: я лепш тут адсяджу, чым на радзіме. Два чалавекі ў камэры, мяняюць бялізну, тэлевізар, спартзалы, добрая ежа...Называюць толькі адзіны мінус амэрыканскай турмы — стукацтва (дарэчы, сярод вольных таксама). «Не па паняцьцях». Але што рабіць — усе зьняволеныя зацікаўленыя ў зьніжэньні тэрміну, а таму ідуць на супрацоўніцтва з уладамі. Аднак вось той жа Іванькоў або Моня ніколі стукачамі не былі, бо «стукаць» для іх — гэта здрада «зладзейскай ідэі».

Галоўныя зладзейскія прынцыпы

Такія незразумелыя сёньня на Захадзе, нават у крымінальным сьвеце, рэчы, як «зладзейская ідэя», «зладзейскі закон», «зладзейскія паняцьці» — выключна савецкая вынаходка. Гэты непісаны злачынны кодэкс створаны не адным пакаленьнем савецкіх крымінальнікаў. Сярод зладзейскіх прынцыпаў ёсьць палажэньні пра вернасьць зладзейскай ідэі, сумленныя паводзіны з «братамі», падтрымку сямейнікаў (блізкіх людзей у няволі), павагу да старэйшых, да бацькоў і асабліва да маці, недапушчальнасьць мату. Прадстаўнікам вышэйшай герархіі — злодзеям — забаронена мець сям’ю. На іх, аўтарытэтаў, усім іншым злачынцам забаронена падымаць руку. Сярод спэцыфічных правілаў, абавязковых для прадстаўнікоў злачыннай супольнасьці, — ніколі не даваць паказаньняў, не прызнаваць сваёй віны, пэрыядычна сядаць за краты, абавязкова ўмець гуляць у карты... Згодна з «паняцьцямі», супрацоўніцтва з праваахоўнікамі, даносы за кратамі — вялікая здрада зладзейскай ідэі і ў выключных выпадках можа карацца аж пазбаўленьнем жыцьця. Аднак найбольш частыя санкцыі, якія ўжываюцца да парушальнікаў агульных правілаў, — публічная аплявуха або перавод у ніжэйшую касту.

Сёньня, аднак, многія з тых, хто так ці інакш зьвязаны з турмой, сьцьвярджаюць, што старыя зладзейскія законы, прынамсі ў Беларусі, зжываюць сябе. Калі самі словы «стукацтва» або «данос» усё яшчэ ўспрымаюцца адмоўна, то ў ацэнках саміх гэтых учынкаў ранейшае негатыўнае стаўленьне ўжо не пераважае.

Паводле былога начальніка «Валадаркі» і калёніі строгага рэжыму ў Навасадах, палкоўніка міліцыі Алега Алкаева, у любой турме ў стукачах ніколі не бывае недахопу, на іх паслугах будуецца апэратыўная праца. Ад гэтага залежыць унутраная бясьпека ў турме.

Алег Алкаеў
Алег Алкаеў

Алкаеў: «Турма — гэта самае насычанае стукачамі месца. Калі ўзяць на душу насельніцтва, то нават ня ведаю, якія лічбы прывесьці. Альбо калі ўзяць па шчыльнасьці на квадратны мэтар. У кожнай камэры ёсьць стукач. У кожнай абсалютна. І гэта там ведаюць. Калі суд разглядае крымінальную справу, абавязкова запытваецца характарыстыка на чалавека з СІЗА. Там не расшыфроўваецца, не ўдакладняюцца канкрэтныя дэталі: супрацоўнічаў з адміністрацыяй, дапусьцім. І калі характарыстыка станоўчая ў гэтым пляне — то гэта абавязкова судом улічваецца».

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:23 0:00
Наўпроставы лінк

«Турма — мадэль свабоды...»

Алёна Красоўская-Касьпяровіч, удава асуджанага, у 2000-я працавала мэдычнай сястрой у Рэспубліканскім турэмным шпіталі, а цяпер узначальвае грамадзкую арганізацыю «Рэгіён 119» па абароне правоў вязьняў.

Алёна Красоўская-Касьпяровіч
Алёна Красоўская-Касьпяровіч

«Гэта ў часы ГУЛАГу, Хрушчова, Брэжнева, — кажа яна, — стукач за кратамі дзейнічаў вельмі тайна, а калі яго раскрывалі, ён мог быць пакараны ўнутраным судом сьмерцю. Цяпер стукачоў стала зашмат і ніхто зь іх гэтага не саромеецца. Гэта лічыцца нармальным, бо кожны хоча мець нейкія ільготы, як мага хутчэй выйсьці. Турма — гэта квінтэсэнцыя вольнага грамадзтва. Што мы бачым сёньня на волі? У любым адносна вялікім калектыве абсалютная большасьць супрацоўнікаў у карпаратыўных інтарэсах інфармуе кіраўніцтва аб усіх астатніх. Тое ж самае, але, я б сказала, у гратэскавым выглядзе, адбываецца і ў месцах пазбаўленьня волі».

Двойчы палітвязень Мікола Аўтуховіч сядзеў у некалькіх папраўчых установах, а таксама ў Гарадзенскай турме. Зыходзячы з уласнага досьведу, ён адзначае, што ўзорныя стукачы на зоне і ў турме — тыя, хто асуджаны на самыя працяглыя тэрміны і за самыя агідныя злачынствы.

Мікола Аўтуховіч
Мікола Аўтуховіч

«Гэтыя заўсёды імкнуцца паводзіць сябе так, каб ім добра было сядзець. а мала хто з такім тэрмінам будзе канфліктаваць з адміністрацыяй. Яны працуюць на яе, даносяць і ў выніку атрымліваюць нейкія пасады, на якіх яны могуць зарабляць грошы. Там усё прадаецца, на ўсім зарабляюцца грошы. Аднойчы я хацеў атрымаць перадачу, з увагі на стан здароўя, цалкам законную, але падпісаць заяву ня мог. І да мяне падышоў адзін, кажа: давай я табе падпішу, дай два блёкі цыгарэт толькі. І так і атрымалася: пайшоў і падпісаў. Яны могуць і спатканьне з роднымі зрабіць пазачарговае, і тэлефонную размову, бо яны штосьці з гэтага маюць. І ім гэта дазволена. А іншаму гэта дазволена ня будзе. У кожнага афіцэра там ёсьць свае зэкі, якія чымсьці дапамагаюць у прыватным пляне. Ім таксама больш дазволена, чым іншым. Вось неяк так там усё робіцца».

Наш сталы слухач ды чытач Зьміцер Вольны адседзеў за кратамі прыблізна палову жыцьця — дваццаць гадоў з сарака. Пасьля апошняга вызваленьня зьехаў на Захад. Сацыялізаваўся.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

«Мэты ў лягерных стукачоў розныя, — адзначае ён. — Адны робяць гэта зь меркаваньняў унутранай арыштанцкай палітыкі, другіх падчапілі на нечым недазволеным, трэція — дзеля шкурных інтарэсаў. Калі кажуць, што ў нашых людзей, і тых, хто на волі, і тых, хто за кратамі, стукацтва нібыта выклікае агіду, гучыць для мяне неяк несур’ёзна і няшчыра. Найчасьцей мы сьцьвярджаем, што стукацтва ненавідзім ды з пагардай ставімся, але „стукаем“. Так, для годных людзей, незалежна дзе яны жывуць — на Захадзе ці на Ўсходзе — „стукаць“ непрыстойна і сорамна. Іншая рэч, што маску годных нярэдка надзяваюць нягоднікі».

Ігар Аліневіч, былы палітвязень-анархіст, выйшаў з-за кратаў пасьля пяцігадовай адседкі летась у верасьні:

Ігар Аліневіч
Ігар Аліневіч

«Ёсьць стукачы па прымусу, гэта людзі са слабой воляй. Іх „высмыкнуў“ галоўны апэратыўнік зоны, пагражае: так і так, ня будзеш расказваць, у цябе будуць праблемы, будзеш не вылазіць з ШЫЗА і г.д. Чалавек. натуральна, калі ён слабы, ідзе на супрацоўніцтва. Але гэта не азначае, што ён, калі яго прымушаюць, будзе гаварыць усё. Для яго нешта не расказаць опэру — гэта будзе нават пратэст, маленькая перамога.

Ёсьць іншы тып стукачоў: гэта тыя, у каго сьвет, можа, нават з дзяцінства дзеліцца на тое, што яму карысна, прыносіць радасьць — і ўсё астатняе. Стукацтва для яго — адзін з мэтадаў самасьцьвярджэньня. Гэта людзі, пра якіх можна сказаць — маральная дрэнь. Яны могуць здаць ахоўнікам нават тое, ад чаго не атрымаюць карысьці. Проста, убачыўшы цярпеньні чалавека, яны ад гэтага адчуваюць задавальненьне».

Ігар Аліневіч: «Турма — мадэль Свабоды. Свабода — копія турмы»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:48 0:00

Алёна Красоўская-Касьпяровіч узгадвае канкрэтны выпадак:

«Калі я працавала ў рэспубліканскім турэмным шпіталі — ён тады знаходзіўся на тэрыторыі ПК-1 на Кальварыйскай — у нашым аддзяленьні рабіў санітарам асуджаны за забойства жонкі. Ён матаў вялікі тэрмін, а ў яго на волі было двое маленькіх дзетак, якіх апякаў брат. Дзетак мужчына бачыў толькі раз у год падчас кароткага спатканьня. Аднойчы ў яго быў дзень народзінаў і я дала яму свой мабільнік патэлефанаваць дадому і паразмаўляць зь дзецьмі. Размова вялася пры мне. Мужчына быў крануты да сьлёз. Прыйшоў у атрад і падзяліўся радасьцю са сваім сямейнікам(чалавекам, зь якім ён не адзін год дзяліў свой хлеб). Сямейнік данёс апэратыўніку ў той жа дзень. Праблемы былі і ў мужчыны, і ў мяне. Калі я спытала сямейніка: навошта гэта яму, той адказаў: а калі б нехта даведаўся, што мне гэта вядома, а я не праінфармаваў? Ён нават не разумеў, што можна проста парадавацца за самага блізкага яму чалавека на зоне...

У шпіталі практычна ўсе асуджаныя, якія былі санітарамі, заўгасамі і г.д. абавязкова дакладалі апэратыўніку пра тое, што адбываецца. Прычым, мова ішла не пра нейкія рэчы, зьвязаныя зь бясьпекай — падрыхтоўка ўцёкаў, бунту, замаху на забойства. Дакладалася пра ўсё. Напрыклад пра тое, што нехта асуджаны А. пазычыў у асуджанага Б. шакалядку і ён яе яму вінен. А раптам ён яе яму ня верне і пачнуцца праблемы...»

«Жыць за кратамі „па паняцьцях“ — гэта не псаваць жыцьцё іншым»

Мянчук Алег К. быў асуджаны паводле крымінальнага артыкулу за ўдзел у бойцы. Трапіў за краты, калі «паняцьці» яшчэ шанаваліся, а сярод ЗК існавала салідарнасьць. Недзе за пяць гадоў, пакуль ён сядзеў, згуртаванасьці фактычна ня стала:

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:15 0:00
Наўпроставы лінк

«Зэкі прамянялі ідэю на страўнік. Сёньня кожны сам па сабе. Жаруць адно аднаго, здаюць Усё вельмі брыдка. Калі ў лягеры трэба жыць па паняцьцях, то гэта не для таго, каб нехта некага уціскаў, а для таго, каб разумець: ня трэба мяшаць іншаму жыць. Калі ты ня ўмееш сябе паводзіць, ведай, што атрымаеш па мазгах. Мы ўсе павінны гэта разумець, паколькі трапілі ўсе ў адну клетку. І ўсе разумелі...Цяпер паняцьці нічога ня значаць. Думаю, што адміністрацыя ад гэтага нічога ня выйграе»

Праца Алены Красоўскай-Касьпяровіч у беларускай пэнітэнцыярнай сыстэме таксама прыпала на час гэтых пераменаў.

Падобныя традыцыі адыходзяць. Плюс мяняецца кантынгент зьняволеных. Носьбіты гэтых традыцыяў не спраўляюцца з наплывам маладых крымінальнікаў, якія проста прызвычаілася так жыць: стукаць, зьневажаць іншых, паводзіць сябе нягодна.

«Я прыйшла ў турму, калі зладзейскія правілы пачалі адыходзіць. У мяне было нейкае дваістае стаўленьне да іх. Напрыклад, зэка маглі забіць за тое, што ён нешта скраў. Паводле паняцьцяў красьці ў сваіх караецца вельмі жорстка. А калі ён скраў, таму што вельмі хацеў есьці?! Зь іншага боку, вельмі жорсткае пакараньне на зоне чакала гвалтаўніка-пэдафіла, яго адразу пераводзілі ў ніжэйшую касту апушчаных, то я як маці не лічу, што гэта ня так ужо і няправільна. Цяпер жа такія злачынцы супрацоўнічаюць з адміністрацыяй, займаюць нейкія невялікія пасады, у выніку яны могуць цалкам камфортна адседзіць свой тэрмін... Падобныя традыцыі адыходзяць. Плюс мяняецца кантынгент зьняволеных. Носьбіты гэтых традыцыяў не спраўляюцца з наплывам маладых крымінальнікаў, якія проста прызвычаіліся так жыць: стукаць, зьневажаць іншых, паводзіць сябе нягодна.

Зразумела, для супрацоўнікаў МУС гэта лепш, калі сыходзіць гэты маналіт. Са згуртаванымі людзьмі ім было б працаваць значна цяжэй».

Мікола Аўтуховіч: «У савецкія часы, калі міліцыя нічога не магла вырашыць, людзі ішлі да крымінальнікаў, і тыя вырашалі пытаньні. Паводле свайго ўласнага сумленьня. Потым крымінальны сьвет падзяліўся на тых, хто працягваў жыць „па паняцьцях“, і на тых, хто лёг пад мянтоў, пад улады. Я ведаю некаторых „аўтарытэтаў“ у Беларусі. Гэта моцныя людзі, якія, праводзячы за кратамі большую частку жыцьця, не становяцца на калені. Сярод іх ёсьць сапраўдныя інтэлектуалы. Яны могуць размаўляць на любыя тэмы. Таксама яны выключныя псыхолягі. Турма вучыць разьбірацца ў людзях ды іх паводзінах, пралічваць, што думае той ці іншы чалавек, што ён хоча сказаць. Згодна з сваім статусам „злодзеяў у законе“ самі яны ня крадуць і не забіваюць. Так, яны парушаюць законы дзяржавы, бо для іх зладзейскія „паняцьці“ вышэйшыя».

«Усе ўцякаюць зь Беларусі — тут сядзець трэба...»

Кажуць, зладзейская ідэя жывая, пакуль жывыя яе носьбіты. Колькі такіх «аўтарытэтаў» можа быць у Беларусі?

Крымінальных аўтарытэтаў у Беларусі сёньня няма, таму што законы жорсткія. Можа, калі яны былі, крышку было весялей. Яны ня шкодзілі. Яны неяк разумна ўсё трымалі.

Алег Алкаеў: «Крымінальных аўтарытэтаў у Беларусі сёньня няма, таму што законы жорсткія. Можа, калі тыя злодзеі былі, было крышку весялей. Яны ня шкодзілі і нават неяк разумна ўсё трымалі. Для іх, дапусьцім, было выгадна, каб зэкі працавалі і плян выконвалі. Яны пра гэта не казалі, вядома, нікому. Аднак паводле іхніх паняцьцяў было: калі зэкі гуляюць у карты, зь любога выйгрышу, скажам, дзесяць адсоткаў на „общак“, гэта значыць, ім — „злодзеям у законе“. А аддаваць не было з чаго, таму трэба было плян выконваць, каб грошы былі. А калі на „общак“ не аддаў, то гэта былі вялікія праблемы ў бандыта. І выходзіла, што злодзеі стымулявалі працу. Дзіўны спосаб, але ён дзейнічаў. Канечне, начальнік не мірыўся: яму нялоўка было, калі там дублёр нейкі, які ў зоне правіць. З другога боку, што такое зона? Ноччу толькі дзяжурны афіцэр і шэсьць кантралёраў. На пяць тысяч чалавек, да прыкладу. Таму ноччу зона, канечне, належала бандытам. Калі яны былі разнашорсныя, то было многа праблем, рэзалі, забівалі. Было лягчэй, калі адзін зонай упраўляў па вечарах, па начах.

Старыя злодзеі — я, дарэчы, з павагай да іх ставіўся —ніякіх праблемаў не стваралі. Але няма іх ужо. Пазабівалі Дзядоў Хасанаў, Япончыкаў. У іх было адно правіла: каб на руках не было крыві. Яны ніколі нікога не забівалі асабіста, самі. Былі прысуды, калі яны вырашылі пакараць сьмерцю кагосьці са свайго кола, яны давалі яму пісталет, і ён сам страляўся. Не было крыві на руках. Хоць і ў Леніна ў гэтым сэнсе крыві на руках не было, і ў Сталіна таксама.

На сёньня значэньне гэтых аўтарытэтаў, вядома, прыніжана. А маладняк — ужо іншай фармацыі. Паявіліся „беспрэдзельшчыкі“ маладыя, я іх ужо ня ведаў, я пятнаццаць гадоў не пры справах».

Эліта з пункту гледжаньня турэмнай герархіі — гэта могуць быць і людзі безь вялікага вопыту крымінальнага жыцьця, але якія праявілі дастатковы дух для таго, каб у гэтую касту ўвайсьці.

Ігар Аліневіч: «Сёньня ў Беларусі наўрад ці карэктна ўжываць тэрмін „злачынная эліта“, бо які-небудзь лідэр злачыннай групоўкі можа нават і не адыгрываць ролі ва ўнутрылягерным жыцьці. Ён можа займацца сваімі справамі, хадзіць на „качалку“, глядзець фільмы, чытаць кнігі — такіх многа, дарэчы. Яны мэтанакіравана не займаюцца нефармальным жыцьцём турмаў. А эліта з пункту гледжаньня турэмнай герархіі — гэта могуць быць і людзі безь вялікага вопыту крымінальнага жыцьця, але якія праявілі дастатковы дух для таго, каб у гэтую касту ўвайсьці. Можа быць, што, адседзеўшы гады тры ў так званай „крытцы“ і прайшоўшы там так званыя „турэмныя ўнівэрсытэты“, гэтыя хлопцы прыяжджаюць у зону, і хаця ў іх за плячыма некалькі крадзяжоў, яны будуць дыктаваць умовы тым, хто быў сапраўдным „аўтарытэтам“ на свабодзе калісьці, але адмовіўся ад далейшага ўдзелу ў блатным жыцьці».

Зьміцер Вольны: «Я не сачу за тым, ці ёсьць злодзеі ў Беларусі. Саша Кушнер, можа. І то ён у турме быў, калі я апошні раз пра яго чуў. Усе ўцякаюць зь Беларусі — тут сядзець трэба, разгуляцца не атрымаецца.

Калі казаць пра тое, ці патрэбныя сёньня злодзеі ў законе... А навошта? Якую функцыю яны нясуць? Лідэр злачыннага сьвету? Дык мне не патрэбны лідэр і правадыр. Бязь іх цалкам можна арганізоўвацца і вырашаць пытаньні. Дый ідэя зладзейская — гэта ўтопія. Час іншы цяпер».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG