Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ліда: У гонар БНР адбыўся малебен «За беларускі народ»


Пагоня на лідзкім замку

Пагоня на лідзкім замку

На Гарадзеншчыне традыцыйна актывісты дэмакратычных партыяў і рухаў адзначаюць Дзень Волі.

Лідзкія актывісты традыцыйна ўшанавалі магілы дзеячоў БНР у Лідзе і Воранаве. Паводле Станіслава Судніка, кіраўніка мясцовай філіі ТБМ, у Воранава прыехалі больш за дзесяць чалавек. Яны ўсклалі кветкі і запалілі зьнічы на магіле міністра абароны БНР Кіпрыяна Кандратовіча.

«Паколькі гэтым разам з намі было шмат маладых людзей, то я распавёў ім пра міністра Кандратовіча, ягоны лёс, пра лёс іншых дзеячоў БНР», — сказаў Суднік.

Станіслаў Суднік

Станіслаў Суднік

Пасьля ўсе арганізавана прыехалі ў Ліду да Сьвята-Георгіеўскай царквы, дзе запалілі зьнічы каля мэдальёна Канстанціну Астроскаму, побач са стэлай, на якой выбіта імя Кіпрыяна Кандратовіча, а таксама на магілах дзеячоў Беларускай незалежніцкай партыі Юльяна Саковіча і Валерыя Маракова.

Пасьля гэтага ў царкве адбыўся малебен «За беларускі народ». Малебен на беларускай мове адслужылі сьвятары Аляксей Глінскі і Ўладзімер Камінскі. Памаліліся таксама за дзеячоў БНР, за Ларысу Геніюш. На заканчэньне хор засьпяваў «Магутны Божа».

Станіслаў Суднік кажа, што актывісты імкнуліся нідзе і ніяк не парушыць дзейнага заканадаўства. Паводле яго, і ў Воранаве, і ў Лідзе іх фільмавалі на камэру людзі ў цывільным, але не перашкаджалі:

«Мы хацелі паглядзець, як можна прыгожа і масава сьвяткаваць 100-я ўгодкі БНР. І вось прыйшлі да высновы, што калі б у Менску адразу ў многіх касьцёлах і праваслаўных цэрквах адначасна адбыліся малебны „За беларускі народ“, а пасьля ўсе адначасова выйшлі з храмаў і зьліліся ў адну калёну на адной з цэнтральных плошчаў, то сьвяткаваньні выглядалі б цудоўна».

Мікола Баўсюк

Мікола Баўсюк

Тым часам у Горадні пяць актывістаў БХД былі затрыманыя супрацоўнікамі міліцыі побач з будынкам Гарадзенскага гарвыканкаму. Паводле актывіста Міколы Баўсюка, міліцыянты запрасілі іх прайсьці ў пастарунак.«Мы прыйшлі да гарвыканкау, каб павіншаваць з Днём Волі старшыню гарвыканкаму Мечыслава Гоя, прынесьлі яму ў падарунак бел-чырвона-белы сьцяг і герб „Пагоня“, а таксама кароткую гісторыю БНР. Пасьпелі толькі сфатаграфавацца побач з будынкам, і да нас адразу падышоў міліцыянт. Спраўдзілі дакумэнты ў пастарунку, апыталі нас і канфіскавалі бел-чырвона-белы-сьцяжок. Маўляў, дзесяць дзён будзе весьціся праверка, а потым вырашаць, аддаць ці не».

XS
SM
MD
LG