Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня Партыі БНФ: Спробы паставіць пад сумнеў дзяржаўнасьць беларускай нацыі — нікчэмныя


Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

«Дзеячы БНР не зважалі б на перасьцярогі, не зважалі б на хістаньні палітычнай каньюнктуры ці інтарэсы магутных замежных гульцоў — яны зрабілі тое, што мусілі зрабіць дзеля свайго народа», — піша Аляксей Янукевіч у заяве з нагоды гадавіны абвяшчэньня Незалежнасьці БНР.

«98 гадоў таму была абвешчана III Устаўная грамата Беларускай Народнай Рэспублікі. Акт Незалежнасьці БНР стаўся магутнай асноватворнай падзеяй для дзяржаўнага будаўніцтва Беларусі.

Для нас, сучасных беларусаў, значэньне Акта 25 сакавіка немагчыма перабольшыць. Гэтым гістарычным дзеяньнем беларуская нацыя рашуча абвясьціла ўсяму сьвету сваю волю мець ды ўмацоўваць уласную дзяржаву. Ад гэтага моманту беларускі сувэрэнітэт і беларуская дзяржаўнасьць сталіся гістарычным фактам, важнасьць якога палягае ў незваротным характары таго, пра што заявіла III Устаўная грамата.

Пасьля 25 сакавіка 1918 году любыя спробы паставіць пад сумнеў дзяржаўнасьць беларускай нацыі сталіся нікчэмнымі. Нават камуністычныя ўлады былі вымушаныя лічыцца з заяўленым беларускім народам правам на самавызначэньне, былі вымушаныя падтрымаць дзяржаўнасьць Беларусі (няхай сабе ў яе савецкім варыянце). Менавіта такім чынам быў запушчаны мэханізм, які праз ахвяры і выпрабаваньні прывёў усіх нас да сучаснай незалежнай Рэспублікі Беларусь.

Нам з вамі выпалі гонар ды адказнасьць працягваць нацыянальна-дэмакратычную лінію ў беларускай палітыцы, і для нас ідэалы БНР ды запавет 25 сакавіка зьяўляюцца ня толькі, безумоўна, значнай каштоўнасьцю, але і прыкладам палітычнай рашучасьці. Дзеячы БНР не зважалі на быццам бы абгунтаваныя перасьцярогі, не зважалі на хістаньні палітычнай каньюнктуры ці інтарэсы магутных замежных гульцоў — яны зрабілі тое, што мусілі зрабіць дзеля свайго народа, чаго ад іх выразна патрабаваў дух часу ды ўсьведамленьне адказнасьці за лёс беларускай нацыі. Іх сьмеласьць, іх рашучасьць, іх бескампраміснасьць у адстойваньні нацыянальных інтарэсаў беларускага народа натхняюць нас і цяпер.

Пагрозы незалежнасьці Беларусі засталіся і сёньня — як і 98 гадоў таму, яны зыходзяць перадусім з боку хворай на імпэрыялізм Расеі. Наша задача як незалежнікаў — быць годнымі ідэалаў БНР у змаганьні з гэтымі пагрозамі, у адстойваньні каштоўнасьцяў, што былі закладзеныя айцамі-заснавальнікамі БНР у падмурак беларускай дзяржаўнай незалежнасьці. Каб зьдзейсьнілася тое, за што змагаліся і пра што марылі пакаленьні беларусаў, дзеля чаго жылі і працавалі заснавальнікі БНР — каб беларусы сталіся нарэшце паўнавартаснымі гаспадарамі на сваёй зямлі, у сваёй уласнай дзяржаве.

Са сьвятам Дня Незалежнасьці 25 Сакавіка!

Жыве Беларусь!»

XS
SM
MD
LG