Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сырыйскія ўцекачы паміж Опэрным і Сяльмашам


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

На пачатку году былі маразы. Ня доўга, але былі, і нармальныя такія, пад мінус дваццаць уначы.

Выпадкова натыкнуўся ў фэйсбуку на абмеркаваньне – як дапамагчы птушкам? Тэрмінова! Сур'ёзнае абмеркаваньне. Птушкам у горадзе вельмі кепска. Я ўкліньваюся паўжартам: «А ў лесе ўяўляеце як птушкам кепска? І сьметніц няма, і цяпла, якім фаняць у паветра будынкі. Ці шмат вас, гарадзкіх, цяпер у лесе?» А ў адказ – нямая сцэна.

Аўтар сэрыі фэльетонаў пра чалавека, падобнага да начальніка краіны, Ales Piletski ў сваёй чарговай мініятуры іранізуе з заявы партыі БНФ пра заклапочанасьць пэрспэктывай разьмяшчэньня ў Беларусі сырыйскіх уцекачоў. Сэнс іроніі ў тым, што, маўляў, сырыйскія ўцекачы не плянуюць рушыць у Беларусь і, магчыма, нават ня ведаюць, дзе наша краіна знаходзіцца.

А БНФ ведае, што «ўрад Беларусі вядзе інтэнсіўныя перамовы з Упраўленьнем вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў у кірунку павелічэньня патоку перамяшчэньня асобаў сырыйскага паходжаньня, якім прадастаўляецца жыхарства ў Беларусі».

У абмеркаваньні пад фэльетонам Алеся Пілецкага тлумачаць варыянт, калі з сумы, якую Эўразьвяз дае на ўтрыманьне ўцекача (800 эўра), дзяржава тэарэтычна можа прысабечваць частку.

Daša Słabčanka: «Навар не навар, але калі могуць дапамагчы нармалёвыя цэнтры па ўтрыманьні пабудаваць, ды зь ежай там, адзеньнем, усялякімі сыстэмамі кантролю і г.д., навошта адмаўляцца. А ўцекачам усе краіны мусяць дапамагчы, хто колькі можа. Нават некалькі ўратаваных лёсаў – ужо каштоўнасьць».

Віталь Цыганкоў пра пазыцыю БНФ: «Можна адзначыць, што прагрэсіўныя і лібэральна настроеныя людзі вельмі жорстка ацанілі гэтую заяву. Прагрэсіўная грамадзкасьць адназначна выказала сваё стаўленьне да такіх рэчаў. Але пытаньне ў тым, наколькі такую заяву падтрымае шырокі выбаршчык?»

А шырокія выбаршчыкі, напрыклад, на дзяржаўным прадпрыемстве «Гомельхлебпрам», апынуліся ў такой сытуацыі: «Мы ўжо падлічылі, што з новым распарадкам будзем зарабляць тысяч чатырыста на месяц». Там жа ў Гомелі трынаццаць тысяч (!) работнікаў «Гомсельмашу» ў сакавіку адпраўленыя ў вымушаны адапчынак. І гэта толькі пачатак году.

Уяўляю, як побач з Гомелем утвараецца прытулак для ўцекачоў «зь ежай там, адзеньнем, усялякімі сыстэмамі кантролю». І «гомсельмашаўцы» ды «гомельхлебпрамаўцы» становяцца ў ланцуг, каб у той прытулак здацца.

Калісьці ў часы «росквіту хрустальнага сасуду» ў 2006 годзе я меў двух інсайдэраў на двух участках для галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах. У гомельскім раёне Сяльмаш сябра камісіі паведаміў мне рэальную лічбу «за» – 99%. А на ўчастку каля Опэрнага тэатру ў Менску рэальная лічба «за» склала 8%.

Яшчэ Менск розьніцца ад іншай Беларусі тым, што мае непрапарцыйна большыя магчымасьці для пошуку працы і атрыманьня даходу. Я ня веру, што раптам зьніадкуль жыхары гомельскага Сяльмашу ў асягальнай будучыні адновяць свой эканамічны стан часоў «працьвітанія» ня тое што ўзроўню 2006 году, ды хоць бы 2015. Хтосьці паедзе ў Расею, хтосьці ў Менск, але большасьць застануцца на месцы ў гаротным становішчы.

У мяне пытаньне да прадзьвінутай часткі беларусаў, да ўмоўных 92% «супраць» каля Опэрнага: вы гатовыя ехаць у «зімовы лес»? Вам усіх «птушак» шкада? І тых, хто быў 99% «за» на Сяльмашы? Вы гатовыя арганізаваць «Армію ратаваньня» для суайчыньнікаў? А беларускія эмігранты, якія паходзяць з Гомельшчыны, вы гатовыя пералічваць частку даходаў на рахунак «Дапаможам сяльмашаўцам»?

Дапамагаем усім – і сырыйцам, і «нашым», і «нянашым» – ці сэгмэнтавана? Адказ на гэтае пытаньне калі не палагодзіць грамадзтва, то, прынамсі, дапаможа высьветліць пазыцыі для далейшага грамадзкага дыялёгу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG