Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвяточны сюрпрыз віцяблянам ад Барыса Хамайды


Дзень Волі 25 сакавіка найстарэйшы апазыцыйны актывіст Віцебску лічыць галоўным сьвятам — сваім і кожнага сапраўднага патрыёта.

У гэты дзень апазыцыянэр і распаўсюднік незалежных СМІ заўжды выходзіць у цэнтар гораду зь нейкім сьвяточным сюрпрызам для гараджан. Сёньня ягонае «працоўнае месца» пад бел-чырвона-белым парасонам аздобіла новая вышыванка: на белай палатніне чырвонымі літарамі вышыты словы «Радзіма для нас — усё, мы безь яе — нішто! Жыве Беларусь!».

Спадар Барыс кажа, што вышывала на ягоную просьбу адна віцяблянка, якая прасіла не называць ейнага імя.

Да актывіста падыходзілі мінакі, ціснулі руку, хто-ніхто казаў: «Са сьвятам».

Зь белымі і чырвонымі паветранымі шарыкамі да спадара Хамайды прыйшлі актывісткі аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Тацяна Севярынец і Алена Шабуня. Яны распавялі, што з такімі самымі шарыкамі і бел-чырвона- белымі сьцяжкамі хадзілі віншаваць з Днём Волі старшыняў віцебскіх гарвыканкаму і гарсавету. Да саміх чыноўнікаў трапіць не ўдалося, падарункі перадалі праз сакратароў.

Сымбалічны падарунак Барыс Хамайда атрымаў ад віцебскіх незалежных журналістаў — фатаздымак, зроблены 20 гадоў таму на гэтым самым месцы каля «сіняга дому» — дому 28 па вуліцы Леніна. На здымку спадар Хамайда стаіць з плякатам «Вясна. Беларусь. Незалежнасьць» і з газэтай «Выбар» у руках — у 1990-я гады актывіст быў рэдактарам гэтага выданьня, аднаго зь першых незалежных у Беларусі.

Спадар Хамайда распавёў, што ў той дзень, калі быў зроблены гэты фатаздымак, яго затрымалі і прысудзілі вялікі штраф за гэты плякат. Сёньня ж абышлося без затрыманьняў. Хоць пільныя людзі ў цывільным, якіх віцебскія актывісты ўжо ведаюць у твар, прагульваліся міма спадара Хамайды, спыняліся наводдаль, адсочвалі, хто да яго падыходзіць, і ўвесь час перамаўляліся з кімсьці па мабільных тэлефонах.

XS
SM
MD
LG