Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Славенія ладзіць «вышаградзкі калідор» для Лукашэнкі ў Эўропу


Карл Эр’явец, міністар замежных справаў Славеніі

Карл Эр’явец, міністар замежных справаў Славеніі

«Славенія надзвычай высока ацэньвае пазытыўную ролю Беларусі, якую краіна грае ў рэгіёне, асабліва ў сувязі з крызісам ва Ўкраіне» — такую заяву зрабіў сёньня віцэ-прэм’ер-міністар, міністар замежных спраў Славеніі Карл Эр’явец.

25 сакавіка пачаўся ягоны афіцыйны візыт у Беларусь. Спадар Эр’явец ужо правёў перамовы са сваім беларускім калегам Уладзімерам Макеем. Затым яго прыняў і Аляксандар Лукашэнка.

Падчас сустрэчы з Уладзімерам Макеем Карл Эр’явец заявіў, што «Славенія, будучы сябрам Эўразьвязу, на працягу ўсяго часу выступала супраць рэжыму санкцыяў у дачыненьні да Беларусі, бо лічыць, што яны не вырашаюць наяўных праблемаў».

«Зьяўленьне ў Менску пасьля адмены эўрапейскіх санкцыяў супраць бальшыні беларускіх чыноўнікаў кіраўніка зьнешнепалітычнага ведамства Славеніі не выглядае выпадковым», — кажа Свабодзе міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі:

Раман Якаўлеўскі

Раман Якаўлеўскі

«Славенія традыцыйна мела добрыя і дружалюбныя адносіны зь Беларусьсю нават у тыя пэрыяды, калі былі некаторыя праблемы і абмежаваньні ў кантактах. Гэта адна зь нямногіх эўрапейскіх краін, у якой пабываў, няхай і зь неафіцыйным візытам, Аляксандар Лукашэнка, калі знаходзіўся пад санкцыямі. І нават, як цьвердзяць некаторыя экспэрты, у гатэлі Лукашэнка выбраў той нумар, у якім спыняўся раней прэзыдэнт ЗША Буш.

Славенскія будаўнікі раней шмат працавалі ў Беларусі. Гэты бізнэс даваў ім добрыя прыбыткі. Адтуль і такое стаўленьне да Беларусі.

Аднак вернемся ў сёньняшнія дні. Пасьля адмены эўрапейскіх санкцыяў першы афіцыйны візыт міністра Макея ў Эўропу адбыўся ў Вугоршчыну. Гэтая краіна разам з Польшчай, Славаччынай і Чэхіяй уваходзяць у Вышаградзкую групу цэнтральнаэўрапейскіх дзяржаў. Першым міністрам з краін Эўразьвязу ў Беларусі пабываў польскі міністар. Як бачыце, зноў Вышаградзкі квартэт.

Славенія фармальна не ўваходзіць у склад Вышаградзкай групы. Але яна, як і Аўстрыя, мае надзвычай цесныя адносіны з гэтай чацьвёркай. Менавіта з гэтага рэгіёну і ішлі ў Брусэль ініцыятывы аб зьняцьці санкцыяў.

Такім чынам, мы бачым Вугоршчыну, Польшчу, Славенію. І я магу прагназаваць, што наступнай адзавецца Аўстрыя. Будзе візыт у Вену міністра Макея, а можа і самога Лукашэнкі.

Днямі мне давялося размаўляць з Вальтэрам Швімэрам, уплывовым аўстрыйскім палітыкам, які пяць гадоў быў генэральным сакратаром Рады Эўропы. І ён выказаў меркаваньне, што першым візытам Лукашэнкі ў Эўразьвяз пасьля адмены санкцыяў, хутчэй за ўсё, будзе паездка ў Аўстрыю. Швімэр сказаў, што канчаткова гэта стане вядомым пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Аўстрыі, якія адбудуцца 24 красавіка».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG