Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У афіцыйнай рэкамэндацыі з сайту міністэрства знойдзем састарэлыя зьвесткі, заніжэньне статыстыкі атлусьценьня і неэфэктыўную дыету.

У гэтым артыкуле хачу закрануць балючую для мяне тэму — прапаганда здаровага харчаваньня на дзяржаўным узроўні. Сёньня — пра тое, якая дзяржаўная інфармацыя аб правільным харчаваньні даступная беларусам і пра яе якасьць.

Ва ўсім цывілізаваным сьвеце дзяржава бачыць прапаганду здаровага харчаваньня як адну са сваіх асноўных задач. Міністэрства аховы здароўя і іншыя органы адказваюць за данясеньне якаснай інфармацыі аб здаровым харчаваньні да насельніцтва. На гэта штогод з бюджэту цывілізаваныя краіны выдаткоўваюць мільёны даляраў, бо лячэньне хранічных захворваньняў (як наступства няправільнага харчаваньня) у любым выпадку дзяржаве абыходзіцца даражэй, чым прэвэнтыўныя меры. Практычна ўсе краіны маюць афіцыйную інструкцыю для грамадзян «як трэба харчавацца», выкладзеную даступнай мовай. У рэкамэндацыях напісана пра тое, колькі і чаго варта есьці кожны дзень і чаму. Для тых, хто любіць капаць глыбока і ведаць усё дасканала, у адкрытым доступе інфармацыя (сур’ёзныя навуковыя працы), якая лягла ў аснову рэкамэндацый. Часта ўстановы, адказныя за прапаганду здаровага харчаваньня, прыдумляюць іконаграмы ў выглядзе пірамід, талерак, вясёлкі і г. д., якія наглядна распавядаюць пра тое, што нам трэба есьці на працягу дня. Гэтыя іконаграмы зразумелыя і дзецям, і тым людзям, якія ня ўмеюць чытаць.

Як дыетоляг я вельмі спадзяюся, што калісьці і ў маёй роднай краіне дзяржава зоймецца прапагандай здаровага харчаваньня на сур’ёзным узроўні. Пакуль знайсьці якасную інфармацыю вельмі складана. А даступная дзяржаўная інфармацыя мяне, як прафэсіянала, увогуле палохае.

Прапаную вам азнаёміцца з рэкамэндацыямі міністэрства аховы здароўя па правільным харчаваньні (на расейскай мове).

Атрымліваецца, што міністэрства аховы здароўя заніжае статыстыку. Або ня ўмее добра лічыць? І тое, і другое недапушчальна.

Да гэтых рэкамэндацый у мяне ёсьць некалькі сур’ёзных заўваг. Пачнём з пачатку. Міністэрства аховы здароўя сьцьвярджае, што ў Беларусі больш за 30% насельніцтва мае залішнюю вагу і атлусьценьне. Я б хацела, каб гэта было так! Насамрэч, паводле дадзеных Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя (УААЗ), сытуацыя ў нашай краіне больш сумныя. Паводле статыстыкі УААЗ, у Беларусі 57.4% насельніцтва мае залішнюю вагу і 24.3% пакутуе ад атлусьценьня. Падрабязна пра тое, што лічыцца лішняй вагой, а што — атлусьценьнем, чытайце тут. Атрымліваецца, што міністэрства аховы здароўя заніжае статыстыку. Або ня ўмее добра лічыць? І тое, і другое недапушчальна.

Пяройдзем непасрэдна да некаторых рэкамэндацый.

Рэкамэндацыя 1. «Колькасьць бялку ў рацыёне павінна адпавядаць фізіялягічнай норме — 1-1,5 г на 1 кг вагі. Жывёльны бялок павінен складаць ня менш за 60% ад сутачнай колькасьці бялку (абавязкова прысутнасьць у рацыёне мяса, рыбы, яек, малака і кісламалочных прадуктаў)».

Без жывёльнага бялку можна ўвогуле выдатна абысьціся.

У мяне адразу дзьве вялікіх прэтэнзіі да гэтай маленькай рэкамэндацыі. Па-першае, ва ўсім сьвеце нормай спажываньня бялку лічыцца 0,8 г на 1 кг масы цела. Па-другое, жывёльны бялок зусім не павінен складаць нейкую пэўную колькасьць у сутачным рацыёне. Без жывёльнага бялку можна ўвогуле выдатна абысьціся. Больш за тое, зь меркаваньняў здароўя, лепш аддаць перавагу спажываньню расьліннага бялку перад жывёльным.

Рэкамэндацыя 10. «Імкніцеся пазьбягаць у адной страве спалучэньняў: бялковыя прадукты (мяса, птушка, рыба, морапрадукты) і прадукты, багатыя вугляводамі (крупы, хлеб, вотруб’е, бульба, салодкія садавіна і ягады)».

Дыета гэтая з пункту гледжаньня фізіялёгіі абгрунтавана вельмі дрэнна.

Мне б вельмі хацелася ведаць абгрунтаваньне гэтай рэкамэндацыі. Да гэтага часу я сустракала яе толькі ў апісаньні некалі папулярнай дыеты «паасобнае харчаваньне» , або раздельное питание. Дыета гэтая з пункту гледжаньня фізіялёгіі абгрунтавана вельмі дрэнна. Паводле міністэрства атрымліваецца, што катлета з грэчкай — яда няправільная. Як і бутэрброд з рыбай ці мясам. У нашым арганізьме працэсы расшчапленьня бялкоў, тлушчаў і вугляводаў праходзяць па-рознаму і адзін аднаму зусім не перашкаджаюць. Больш за тое, некаторыя бялкова-вугляводныя камбінацыі могуць спрыяць лепшаму засваеньню ежы.

Рэкамэндацыя 13. «Пазьбягайце шматкампанэнтных страў. За адзін прыём ня зьмешвайце больш за 3-4 віды прадуктаў (за выключэньнем спэцыяў і алею)».

Гэта таксама ніяк не абгрунтавана. Як сказана вышэй, пераварваньне ўсіх прадуктаў у нашым арганізьме адбываецца паралельна. Для яго няма розьніцы: 4 прадукты мы зьядаем за адзін прыём ежы або 5.

Рэкамэндацыя 14. «Асабліва карысная гародніна, якая ўтрымлівае пэктын і клятчатку. Яна стварае пачуцьцё насычэньня, рэгулюе функцыю кішэчніка, выводзіць шлакі. Да яе адносяцца: капуста, кабачок, радыска, таматы, агуркі, гарбуз, ліставая зеляніна».

Тут трэба ўдакладніць, што пэктын — гэта і ёсьць клятчатка, адна зь яе разнавіднасьцяў. Клятчатка — гэта харчовыя валокны, якія падзяляюцца на растваральныя і нерастваральныя. Пэктын — гэта нерастваральныя харчовыя валокны. Далей у гэтай рэкамэндацыі прыведзены вельмі абмежаваны сьпіс гародніны. Можна падумаць, што толькі гэтыя прадукты ўтрымліваюць клятчатку. Гэта не так. Сьпіс можна папоўніць дзесяткамі відаў гародніны. Увогуле, уся гародніна утрымлівае клятчатку!

Маё меркаваньне ў сьціслай форме: рэкамэндацыі складзеныя непрафэсійна і нядобрасумленна і ўводзяць насельніцтва ў зман. Гатовая працягнуць дыскусію з аўтарамі публікацыі, калі яны адгукнуцца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG