Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіст Андрэй Юркоў адзначыць Дзень Волі ў ваенкамаце


Андрэй Юркоў і ягоная дачка Яніна віншуюць студэнтаў з Днём Волі

Андрэй Юркоў і ягоная дачка Яніна віншуюць студэнтаў з Днём Волі

Арганізатар традыцыйнага віншаваньня з Днём Волі студэнтаў Горацкай сельгасакадэміі атрымаў позву, у якой пазначана, каб ён зьявіўся ў Дрыбінскі раённы ваенкамат «для ўдакладненьня ваенна-ўліковых зьвестак».

Да выкліку сябра руху «За свабоду» ставіцца з гумарам і адзначае, што гэта «самадзейнасьць мясцовай улады»:

«Выклікаюць у войска, каб бараніць Беларускую Народную Рэспубліку. Відаць, ёсьць у пэўных органах сьпісы патэнцыйна небясьпечных людзей. Робяць захады, каб яны не паехалі ў Менск адзначаць Дзень Волі. Мне наагул цяжка зразумець, што ў іх у галовах. Цалкам верагодна, што спрабуюць не дапусьціць віншаваньня студэнтаў акадэміі з Днём Волі. Але гэтага ў іх не атрымаецца».

Андрэй Юркоў заўважае, што ва ўмовах лібэралізацыі апошняга часу дзеяньні мясцовай улады выглядаюць дзіўнымі.

«Апазыцыянэраў запрашаюць на тэлебачаньне, каб былі выказаныя розныя меркаваньні наконт гістарычнай даты 25 сакавіка, і ў той жа час забараняюць нешта. Гэта абсурд нейкі. Мясцовая ўлада перастрахоўваецца, каб чаго ня выйшла. Мо такім чынам нас выштурхоўваюць у Менск, каб ім было спакайней», — лічыць актывіст.

Гэтак выглядала віншаваньне ў 2013 годзе

Гэтак выглядала віншаваньне ў 2013 годзе

Тым ня менш, цьвердзіць ён, нічога з заплянаванага ў Горках адмяняцца ня будзе. Традыцыйна павіншуюць студэнтаў, а пасьля грамада наведае магілу каліноўца Войцеха Дамарацкага, што ў акадэмічным дэндрапарку.

«Добрых традыцыяў трэба трымацца. Прыклад Дамарацкага і Каліноўскага, якія ў 20–25 год аддалі сваё жыцьцё за волю Бацькаўшчыны, — дык што цяпер нам баяцца нейкіх позваў? Трэба рэальна глядзець на гісторыю: не было б БНР, не было б і БССР, і цяперашняй нашай дзяржавы. Я разумею, што ёсьць у нас людзі, для якіх наша дзяржава не ўяўляе ніякай каштоўнасьці, але ўсё адно для большасьці беларусаў 25 сакавіка — сьвята», — кажа Андрэй Юркоў.

Помнік паўстанцу Дамарацкаму ў акадэмічным дэндрапарку.

Помнік паўстанцу Дамарацкаму ў акадэмічным дэндрапарку.

Летась студэнты паведамлялі, што прадстаўнікі адміністрацыі акадэміі, пагражаючы праблемамі, забіралі ў іх віншавальныя паштоўкі, атрыманыя ад актывістаў. http://www.svaboda.org/content/u-studentau-horackaj-akademii-zabrali-pastouki-da-dnia-voli/26920313.html Рэктар акадэміі Павал Саскевіч заявіў тады Свабодзе, што загаду забіраць у студэнтаў паштоўкі не было і што ён упершыню пра гэта чуе.

Самога Андрэя Юркова выклікалі пасьля віншаваньня ў міліцыю.

XS
SM
MD
LG