Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У ДНР людзей катуюць? А ў менскай міліцыі людзей не катуюць?»


Васіль Сямашка, Мікалай Гаўрылаў з БПЦ, Ганна Іванова. Менск, перад дарогай

Васіль Сямашка, Мікалай Гаўрылаў з БПЦ, Ганна Іванова. Менск, перад дарогай

Журналісты адвезьлі гуманітарную дапамагу ў акупаваны Данбас у абыход украінскіх законаў. Адным зь іхніх праваднікоў быў баявік ДНР зь Менску па мянушцы «Серб», раней асуджаны ў Беларусі за забойства.

У паездку ў Данецк з гуманітарным грузам па лініі праваслаўнай царквы выправіліся журналісты Васіль Сямашка і Ганна Іванова.

«Я паехаў цалкам за свой кошт, — распавядае Васіль. — Прапанаваў рэдактару „Спутніка“ (я зь імі цяпер пазаштатна супрацоўнічаю, пасьля таго як мяне скарацілі ў БелаПАНе). Ён сказаў, што ня супраць. „Царкоўнікі“ прапанавалі мне завезьці некалькі торбаў гуманітарнай дапамогі. Я яе ўзяў і ўзяў сяброўку Аню Іванову. Вельмі адчайная дзяўчына, добра здымае і ўмее кіраваць машынай, што трэба ў гэтай паездцы. Селі і паехалі».

У ДНР людзей катуюць?! А ў нашай міліцыі людзей не катуюць?!

Для Васіля Сямашкі гэта ўжо другая паездка ў акупаваны Данбас. Першая была год таму. Тады Васіль суправаджаў гуманітарны груз і, як кажа, быў моцна абмежаваны ў выкананьні рэпартэрскіх абавязкаў. Цяпер, паводле ягоных словаў, удалося і правезьці дапамогу, і зрабіць журналісцкую працу. Адзін з матэрыялаў ужо апублікаваны на «Спутніку».

Васіль Сямашка і Ганна Іванова па дарозе ў Данецк на тэрыторыі Расеі, Растоўская вобласьць

Васіль Сямашка і Ганна Іванова па дарозе ў Данецк на тэрыторыі Расеі, Растоўская вобласьць

Як спалучаецца дастаўка гуманітарнай дапамогі ў акупаваны раён Данбаса і журналісцкая праца? «Вельмі добра сумяшчаецца, — ахвотна адказвае Васіль. — Я заехаў у 21-ю больніцу, перадаў торбы з дапамогай і зрабіў рэпартаж пра больніцу».

Васіль Сямашка разгружае гуманітарную дапамогу ў 21-м шпіталі Данецку

Васіль Сямашка разгружае гуманітарную дапамогу ў 21-м шпіталі Данецку

Ганна Іванова трапіла ў Данецк амаль што «выпадкова» — на запрашэньне Васіля. «Паехаць вырашыла, таму што было цікава, што там адбываецца. А інфармацыі нідзе няма, — кажа яна. — Усё пераўзышло мае чаканьні і ўражаньні. Ніколі не сутыкалася з такім бардаком у дзяржаве».

Уваход у 21-ю бальніцу Данецку. Дзірка ад асколка

Уваход у 21-ю бальніцу Данецку. Дзірка ад асколка

Галоўны лекар шпіталя

Галоўны лекар шпіталя

«Нацкавалі адзін на аднаго людзей адной нацыянальнасьці, якія вымушаныя ваяваць не за сваю, а за чужую ідэю», — тлумачыць Ганна сваё разуменьне сытуацыі.

У 21-м шпіталі Данецку

У 21-м шпіталі Данецку

На пытаньне, чаму гуманітарную дапамогу павезьлі менавіта ў акупаваны Данецк, Васіль Сямашка адказвае, што гатовы даставіць такі самы груз і на ўкраінскі бок.

«Я бачыў, у якой бядзе знаходзяцца людзі. Што мне, адмаўляцца даставіць дапамогу? Я ж дапамогу дастаўляў не расейскім вайскоўцам. Яе атрымалі тыя ж украінцы. Увогуле не разумею, адкуль у людзей такая нянавісьць, такая злосьць да тых жа ўкраінцаў. Яны ж паказваюць, што тую ж Украіну ненавідзяць», — рэагуе Васіль на нэгатыўныя водгукі наконт свайго рашэньня паехаць у акупаваны Данецк.

Асколкі, паднятыя зь зямлі каля 21-й бальніцы. Такіх тут шмат

Асколкі, паднятыя зь зямлі каля 21-й бальніцы. Такіх тут шмат

Снарад у сьцяне 21-й бальніцы, які не разарваўся

Снарад у сьцяне 21-й бальніцы, які не разарваўся

У Данецку Васіль Сямашка і Ганна Іванова карысталіся дапамогай прадстаўнікоў войска так званай ДНР. Адно з апошніх фота Ганны ў яе Інстаграме — дзяўчына з усьмешкай стаіць паміж двума людзьмі з аўтаматамі ў форме «ДНР». «Сябры?» — пытаюцца ў яе ў камэнтарах. «Так... панятак сяброўства на вайне праяўляецца інакш», — адказвае Ганна.

Што менавіта зрабілі для Ганны гэтыя людзі, якіх яна называе «сябрамі»?

«Яны дапамаглі мне вярнуцца адтуль жывой, — кажа яна. — Распавядалі пра тое, што там адбываецца, адэкватна. Прапаноўвалі сустрэчы зь людзьмі, якія нам маглі б быць цікавыя — з доктарам паліклінікі мы сустрэліся, напрыклад. Сярод гэтых людзей былі і ўкраінцы, і рускія, і беларусы. Па-мойму, гэта і ёсьць сапраўднае сяброўства, калі няма нейкай нацыянальнай прывязанасьці. Калі чалавек гатовы для чалавека рабіць па-чалавечы. Усе бачаць, што і там, і там адбываецца трагедыя і трэба падтрымліваць адзін аднаго, ня важна, якой ты нацыянальнасьці».

У дарозе пад аховай баевіка «Серба». Наперадзе баявік з пазыўным «Уюн»

У дарозе пад аховай баевіка «Серба». Наперадзе баявік з пазыўным «Уюн»

«Яны нас ахоўвалі, і перасоўвацца зь імі было лягчэй, — тлумачыць Васіль Сямашка. — Блёкпасты праходзілі з сэкунднай затрымкай. Але гуманітарная дапамога пайшла ня ім».

Васіль Сямашка (справа), беларускі баявік з пазыўным «Серб», вёска Тэльманава. Падвал былога будынку ДТСААФ

Васіль Сямашка (справа), беларускі баявік з пазыўным «Серб», вёска Тэльманава. Падвал былога будынку ДТСААФ

Адным з такіх людзей быў Аляксей Русяеў («Серб») — былы міліцыянт-апэратыўнік зь Менску, асуджаны на пачатку 90-х на 15 год зьняволеньня за забойства. У сваім допісе ў фэйсбуку, які Васіль Сямашка зрабіў з паездкі, ён называе Русяева «анёлам-ахоўнікам»

Баявік «Серб» з кулямётам

Баявік «Серб» з кулямётам

«Так, гэта Аляксей Русяеў. Я ж яго крымінальную справу не чытаў, за што ён быў асуджаны. Мы зь ім абмяркоўвалі зусім іншыя пытаньні, а ня тое, што было, чаго не было. Ён прыехаў добраахвотна, не з-за грошай, грошы яму ня трэба. Мне здаецца, вайна як наркотык. Адрэналін мае наркатычную ўласьцівасьць. У людзей ёсьць патрэба ў рызыцы. Яна ёсьць і ў мяне, і ў Ані, — тлумачыць Сямашка свае дачыненьні з баевіком ДНР. — Ён карыстаецца аўтарытэтам... Як толькі да нас узьніклі пытаньні, ён адразу сказаў: гэта мае госьці, і яны пад маёй абаронай».

Разам з «апалчэнцамі», распавядае Сямашка, яны пражылі некалькі дзён у іхнім «распалажэньні», у «сутарэньнях».

«Яны разумеюць, што яны жывуць вайной і са сканчэньнем вайны яны стануць непатрэбным матэрыялам. Можа быць нават такі вынік, што ўлады ДНР могуць пасьля за непатрэбнасьцю вывесьці іх у поле і расстраляць з „Градаў“. Маюць такі варыянт на ўвазе, але працягваюць сумленна ваяваць», — апісвае Сямашка высновы з размоваў з прадстаўнікамі войска так званай «ДНР».

На пытаньне, як суадносяцца іх добрае стаўленьне да сваіх суправаджаючых са злачынствамі, якія чыняць прадстаўнікі ўзброеных сэпаратысцкіх фармаваньняў, у тым ліку з катаваньнем і забойствамі палонных, Васіль адказвае так:

«А ў нас што, у міліцыі не зьбіваюць падазраваных? Тое самае! Вы ж камунікуеце зь міліцыянтамі, бываеце на іхных прэсавых канфэрэнцыях — нічога ж, карона ня падае ані з кога. Тое самае! Паглядзіце нашы зводкі па жорсткім абыходжаньні ў РУУС. Дык адна справа на вайне, а іншая — у мірнай Беларусі. І супрацьгазы нацягваюць, і электратокам катуюць. І ўсе цудоўна ведаюць, і нічога, — эмацыйна рэагуе ён. — А як журналісты, мае калегі здымаючыя, ледзьве ня ўсе мае калегі езьдзяць у вайсковую частку 3214. Адмарозкі ж зь яе зьбівалі людзей на плошчы, студэнтаў, маіх калегаў з РЕН-ТВ зьбівалі. А праз пару дзён наш калега паехаў здымаць масьленіцу ў гэтую частку. І нічога, не званітавала яго. Так што тое, што адбываецца на вайне, я яшчэ зразумець магу, а тое, што вырабляюць нашы калегі тут, гэта вышэй за маё разуменьне».

Праверка каля лініі фронту

Праверка каля лініі фронту

«Да катаваньняў я стаўлюся нэгатыўна, — кажа Ганна Іванова. — Вайна зьбірае людзей спэцыфічных па характары і тэмпэрамэнце. Гэтыя людзі маюць амбіцыі забіваць і гвалціць. Напэўна, шмат хто там варʼяцее і можа такое рабіць. У тых людзей, зь якімі мы камунікавалі, няма павагі да людзей, якія катуюць і зьдзекуюцца з ахвяраў... Там канцэнтрат гэтых людзей, канцэнтрат зла. І з аднаго боку, і з другога».

«Замяню пашпарт»

Як першы, так і другі раз уяжджалі ў Данбас з тэрыторыі Расеі. Васіль Сямашка распавядае, што калі год таму кантроль на мяжы быў праз звычайны блёкпост, то цяпер гэта «паўнавартасны памежны і мытны пункт».

Паводле ўкраінскіх законаў уехаць на часова акупаваную тэрыторыю можна, толькі атрымаўшы адмысловы дазвол Дзяржаўнай міграцыйнай службы Ўкраіны. Такім чынам, беларускія журналісты ўсталяваны Ўкраінай рэжым уезду парушылі. Васіль Сямашка тлумачыць гэта тым, што «Ўкраіна ўвяла рэжым блякады, і правезьці гуманітарную дапамогу праз украінскую тэрыторыю нерэальна».

І Васіль, і Ганна спадзяюцца, што праблемаў у будучым з наведваньнем Украіны ў іх ня ўзьнікне. У Васіля ад папярэдняй паездкі засталіся ў пашпарце пячаткі пра перасячэньне мяжы. «Замяню пашпарт», — ці то жартам, ці то ўсурʼёз кажа ён.

Пра сам Данецк Васіль Сямашка распавядае так: «Зьнікла сымболіка Наваросіі. Гэты праект закрыты, я так разумею, пра яго стараюцца ня згадваць. Затое на ўсю моц рэклямуюць дзяржаўнасьць ДНР. Шмат бігбордаў, на якіх рэкляма розных міністэрстваў — працы, прыродных рэсурсаў, бясьпекі. Зьявілася самарэкляма Захарчанкі: то жанчын з 8 сакавіка віншуе, то жадае ўсяго найлепшага вэтэранам».

Васіль кажа, што цэны на прадукты ў Данецку ніжэйшыя, чым у Расеі, а паліва і газ для аўтамабіляў — даражэйшыя за расейскія працэнтаў на 20.

«Шмат беларускіх цыгарэт без акцызных марак. Гэта ўсё падробка. Нават мясцовыя жыхары не хаваюць, што гэта зроблена недзе побач, — распавядае журналіст. — Беларускіх прадуктаў хапае — малако, лідзкае піва, гарэлка берасьцейская і віцебская.

Адно з галоўных назіраньняў Васіля Сямашкі — «За год расейскі рубель выцесьніў украінскую грыўню. Цяпер яна там нікому не патрэбная. Заробкі, пэнсіі ўсе атрымліваюць у расейскіх рублях».

Адкуль гэтыя грошы паступаюць, Васіль ня ведае.

Панарама Данецку з вакна абласной адміністрацыі. Наперадзе помнік Леніну, які тут захаваўся

Панарама Данецку з вакна абласной адміністрацыі. Наперадзе помнік Леніну, які тут захаваўся

«Вельмі адчуваецца мілітарызацыя рэспублікі, — працягвае журналіст. — Шмат людзей у вайсковай форме. Калі год таму людзі са зброяй хадзілі і магла калёна бранятэхнікі праехаць па цэнтры Данецку, то цяпер — не, людзі таксама ходзяць бяз зброі. Заканадаўча забаронена насіць вайсковую форму бяз знакаў адрозьненьня».

На вуліцах гораду, па словах Васіля, вельмі бясьпечна. Увечары дзейнічае камэнданцкая гадзіна, а ў самім горадзе шмат блёкпастоў. Паліцыя самаабвешчанай ДНР езьдзіць на «навюткіх Toyota Prius» — дзеліцца ўражаньнямі журналіст.

Вайскоўцы сталі мультымільянэрамі, а простым людзям зранку няма чаго есьці

Эканамічная сытуацыя ў Данецку, па словах Сямашкі, вельмі цяжкая. Пры гэтым «кантрактнікі» ў войску так званай ДНР атрымліваюць заробкі 200 даляраў, а сярэдні заробак для простага грамадзяніна — 50 даляраў.

«Вайна прывяла да расслаеньня грамадзтва, — тлумачыць ён. — За год апалчэньне перавялі на кантрактную службу. Цяпер былыя апалчэнцы — гэта салдаты ўзброеных сіл ДНР, якія атрымліваюць заробак. Зьнешне яны такія самыя — вайсковая форма, аўтамат. Мы падвозілі аднаго апалчэнца, і ён апавёў, што за год моцна павялічылася прорва паміж вярхушкай, якая разьмяркоўвае ўсё, што паступае з Расеі (а з Расеі завозіцца ўсё), і простым насельніцтвам, якое год сядзіць бяз працы, бо амаль уся прамысловасьць разбураная. Шмат для каго служба ў войску — гэта адзіны спосаб існаваньня. Шмат хто ідзе ў войска выключна з-за грошай. Дасьведчаныя байцы кажуць, што пры першай сурʼёзнай справе яны проста разьбягуцца».

Пры гэтым, па словах Сямашкі, насельніцтва войску давярае і лічыць ягоных прадстаўнікоў «абаронцамі». Аднак, кажа журналіст, зьявіўся страх перад уладай.

«У размовах заўважна, што людзі апасаюцца крытыкаваць уладу. Кажуць, што пачнеш крытыкаваць — проста зьнікнеш, вайна ўсё сьпіша.

Страх ёсьць, і за апошні год ён узмацніўся. У душы зьявілася безнадзейнасьць. Вайна дадзела, і канца-краю яны ня бачаць».

Яшчэ адна зьмена ў настроях людзей, якую адзначае журналіст, — расчараваньне ў Расеі.

«Людзі спадзяваліся, што Расея стане бліжэй, уключыць гэтыя рэспублікі ў свой склад, ім выдадуць расейскія пашпарты. Гэтага не адбылося. Цяпер, амаль праз два гады вайны, сталі людзям выдаваць ДНРаўскія пашпарты, гэта вымушаная мера. Людзі больш бы хацелі атрымаць расейскі пашпарт, але яго ніхто ня дасьць. А па ўкраінскі — трэба перасякаць лінію фронту і даказваць, што ты нідзе ня быў і ня ўдзельнічаў».

Таму, кажа Сямашка, сталі выдаваць «пашпарты ДНР». Але, як прыватна сказалі беларускім журналістам «памежнікі», па іх будуць пускаць толькі ў Расею.

Сямашка сьцьвярджае, што да ўкраінцаў у Данецку ставяцца добра, а вось украінскую ўладу «ненавідзяць».

«У складзе каго ў будучым сябе бачаць, ня могуць сказаць. На пытаньне, кім сябе лічаць, ухіліста адказваюць, што мы ўсе славяне, што рускія, беларусы і ўкраінцы блізкія паміж сабой і павінны жыць у сяброўстве і верыць, што калі-небудзь будзе мір».

«Нянавісьць» да афіцыйнай украінскай улады Сямашка тлумачыць «блякадай» і «абстрэламі», якія называе «незразумелымі».

Абстрэлы, сьцьвярджае Сямашка, былі і на працягу іхнай паездкі.

Ганна Іванова здымае руіны аэрапорту

Ганна Іванова здымае руіны аэрапорту

Разбураны Пуцілаўскі мост каля Данецкага аэрапорту

Разбураны Пуцілаўскі мост каля Данецкага аэрапорту

«Звычайна ў раёне аэрапорту ўсё адбываецца. Аэрапорт — гэта суцэльныя разваліны. За некалькі соцень мэтраў чуваць трупны пах. Колькі дзясяткаў-соцень людзей там пахавана, ніхто ня ведае. Хадзіць там небясьпечна з-за абстрэлаў і мін, — распавядае ён. — Да аэрапорту прымыкае прыватны сэктар. Я б назваў гэта зонай суцэльных разбурэньняў. Кожны дом пацярпеў ад абстрэлу. Хто мог зьехаць, зьехалі. Засталіся адзінкавыя мясцовыя, у якіх поўная абыякавасьць да абстрэлаў. Могуць хадзіць пад снайпэрскім агнём — забʼюць дык забʼюць, не забʼюць дык не забʼюць. Уразіліся, калі ў зоне абстрэлаў пабачылі мужчыну — ён саджаў бульбу. Дом у яго разбураны. Кажа — дык жыць неяк трэба».

Мужчына жыве адзін каля 21-й бальніцы ў разьбітай 5-павярхоўцы і ўжо нічога не баіцца

Мужчына жыве адзін каля 21-й бальніцы ў разьбітай 5-павярхоўцы і ўжо нічога не баіцца

Разбурэньні ў Данецкім аэрапорце, частка тэрміналу, тут ўсё замінавана і прастрэльваецца

Разбурэньні ў Данецкім аэрапорце, частка тэрміналу, тут ўсё замінавана і прастрэльваецца

У трохі далейшым ад аэрапорту раёне «хрушчовак» палова вокнаў застаюцца выбітымі. Сямашка кажа, што забесьпячэньне пашкоджанага дома камунальнікі ўзнаўляюць, але рамонт жыхары мусяць рабіць за свае грошы.

Разбураныя дамы каля аэрапорту

Разбураныя дамы каля аэрапорту

«Ёсьць грошы — заштукоўвай дзірку ў сьцяне. Няма — жыві зь дзіркай. І людзі жывуць. Засталіся самыя бедныя, каму проста няма куды зьяжджаць».

«Як людзі там выжываюць, для мяне загадка. Пэнсію плоцяць нішчымную», — кажа Васіль Сямашка.

Паводле яго, гуманітарная дапамога зь Беларусі ідзе ў тым ліку па лініі праваслаўнай царквы. Сьвята-Елісавецінскі манастыр у Менску нават аплочвае выпечку хлеба ў станіцы Ясінаватай.

«Двойчы на тыдзень на прыватнай пякарні выпякаюць 340 боханаў хлеба і развозяць па самых небясьпечных і бедных раёнах, раздаюць па два боханы. Нават не знаходзілася па 1–2 рублі, каб узяць зь людзей за дастаўку», — распавядае журналіст.

Сьвежыя магілы данбаскай вайны пад Данецкам. Тут пахаваныя баевікі «ДНР», украінцы, цывільныя. Шмат невядомых

Сьвежыя магілы данбаскай вайны пад Данецкам. Тут пахаваныя баевікі «ДНР», украінцы, цывільныя. Шмат невядомых

Вы за каго?

У абмеркаваньні допісаў з паездкі Васіля Сямашкі і Ганны Івановай у іхных акаўнтах у сацыяльных сетках ідуць дыскусіі, ці слушна і этычна зрабілі яны. У тым ліку ў адрас Сямашкі прагучала пытаньне: «Вася, ты за каго?».

«Ды ні за каго я. Як мне быць за каго, калі з таго і з другога боку ўкраінцы? У мяне шмат сяброў ва Ўкраіне, ёсьць сябры зь сілавых ведамстваў, даўно сябруем. Я быў там як журналіст, а не як вайсковец. Журналіст па вызначэньні ня можа быць за кагосьці, — тлумачыць Сямашка. — Я лічу гэта тэрыторыяй Украіны, там жывуць украінцы. І адзінае, чаго я жадаю, каб там наступіў мір».

Ён лічыць, што калі б украінская ўлада працягвала плаціць пэнсіі і дазваляла жыхарам акупаваных тэрыторыяў езьдзіць ва Ўкраіну па прадукты, прыхільнікаў у яе было б болей.

Як Ганна рэагуе на тое, што ня ўсе тыя, з кім да паездкі ў Данецк у яе былі паважныя і сяброўскія стасункі, зразумелі яе?

«Кожны чалавек мае права на сваё меркаваньне. Я свайго ніколі не навязваю, — адказвае дзяўчына. — Перш чым зрабіць нейкую выснову, трэба ацаніць сытуацыю з двух бакоў. Я пра сябе магу сказаць, што я недаацэньваю сытуацыю, бо я была толькі на адным баку. Можна сказаць, што і ў мяне перадузятае меркаваньне, памылковае, а правільна я змагу меркаваць, толькі калі пабуду на другім баку.

Калі чалавек мае катэгарычнае меркаваньне і не гатовы прыслухацца да майго, то, можа, ён і мае рацыю, а я памыляюся, час пакажа. З-за таго, што ў чалавека іншае меркаваньне, я ня стаўлю на ім крыж».

Паводле Васіля Сямашкі, на гэтай вайне «робяць грошы з абодвух бакоў». Такую ж думку паўтарае і Ганна Іванова. «Гэтая вайна — гэта проста бізнэс, — кажа яна, — і людзі там нічога не вырашаюць».

«Улада (ва Ўкраіне. — РС) павінна памяняцца, — катэгарычна ўпэўнены Сямашка. — На тых, хто сапраўды будзе будаваць мір, а не рабіць бізнэс на вайне. А тыя, хто ў акопах адзін супраць аднаго, знойдуць спосаб дамовіцца».

«Мне б хацелася, каб гэтая тэрыторыя засталася часткай Украіны, — кажа Ганна Іванова. — Разьдзяляць гэтую тэрыторыю ня варта. А каб гэта здарылася, трэба памяняць уладу. І не адной краіны... Гэтая ўлада (ва Ўкраіне. — РС) на працягу двух гадоў ані да чога не прыйшла. Людзі працягваюць паміраць і маюць злосьць адзін на аднаго».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG