Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падабаецца мне лягатып Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Белкартаграфія» — контур Беларусі на тле зямнога шара. Вагомы такі контур — на асобны мацярык цягне. Бачыцца мне ў ім тая дэфіцытная ў нашай краіне беларусацэнтрычнасьць, якой так заўважна бракуе айчынным мэдыям, палітыкам ды чыноўнікам розных узроўняў. Калі б мая воля, то прадукцыя «Белкартаграфіі» вісела б у кожным кабінэце — ад прэзыдэнцкага да сельсавецкага. Каб зірнуў гаспадар кабінэта на мапу даверанай яму тэрыторыі, а там як у той вядомай песьні — «Беларусь перадусім».

А выглядзеў я той сымпатычны лягатып на вялікай каляровай мапе «Краіны і народы сьвету», якую набыў для сына-трэцяклясьніка. Пакуль там тая геаграфія ў гімназіі пачнецца, хай, думаю, пройдзе дома кароткі курс сусьветнага народазнаўства.

Павесілі мы тую мапу на сьцяну, і ў майго гімназіста вочы разьбегліся. З малюнкаў глядзяць на яго розныя расы, знаёмыя і ніколі раней ня чутыя народы. Вунь палінэзійцы з выспаў Кука адважна скараюць акіян на сваім лядашчым ветразёвіку. Вунь паўночнаамэрыканскія індзейцы сіў (з выгляду — рыхтык крылатыя гусары часоў ВКЛ) выйшлі на паляваньне з лукамі. Вунь камчацкія ітэльмэны на берагах рэчкі Паратункі (назва якая!) б’юць у тамтамы. А там шатляндцы ў спадніцах дзьмуць у свае шматбурдонныя дуды. А там кітайцы запускаюць у паветра шаблязубага цмока. А там казахі ў малахаях дэманструюць сакалінае паляваньне. Амэрыканскія і аўстралійскія каўбоі на конях, арабы пераплываюць Сахару на двухгорбых караблях пустыні, жарсныя індускі выгінаюцца ў танцы жывата, а рахманыя віетнамкі носяць бананы кошыкамі на каромыслах...

Стоп. А як самапрэзэнтуюцца беларусы ў сям’і нялічанай зямлян? Адгадайце з трох разоў. Езьдзяць на «Белазе» на тле бульбяной піраміды? Зуброў пасьвяць? Буслоў з выраю вітаюць? Не.

Беларусы — танчаць! «Лявоніху». Маладая пара ў нацыянальных строях так разышлася, што не заўважыла, як заскочыла ў другую краіну. Кілямэтраў так на тысячу. І пад узьнятым вострым абцасам танцоркі неяк не зусім паліткарэктна апынулася... Масква. Вось-вось абцас апусьціцца, і толькі хрусьне белакаменная.

А што на гэта расейцы? Яны ж таксама танчыць умеюць — шапку з размаху на падлогу, і пайшла плясаць губэрня.

А расейцы таксама танчаць. Толькі чамусьці не ў маскоўскіх ваколіцах, каб, значыцца, своечасова перакрыць дарогу чужым танцорам, а дзесьці далёка на ўсходзе, паміж Волгай і Енісеем.

А паміж беларусамі і расейцамі — татары. Суседзі нашы. Стаяць так ціхамірна, самі свайму становішчу дзівуючыся.

Вось такое геаграфічнае адкрыцьцё зрабіла «Белкартаграфія». Прычым асабіста я ня маю да яе аніякіх прэтэнзіяў. Ужывёмся мы і з татарамі. Вунь і мячэці ў нас у Іўі ды Наваградку захаваліся, і на ворагаў супольных мы зь лёгкай рукі вялікага князя Вітаўта разам хадзілі.

Непакоіць мяне хіба сынава адзнака па геаграфіі. Калі ён на ўроку адкажа, што беларусы на ўсходзе мяжуюць з татарамі, яму ж двойку паставяць. Але паводле «Белкартаграфіі» — сапраўды мяжуюць! А «Белкартаграфія» — установа дзяржаўная, і там сядзяць ня лыкам шытыя спэцыялісты, да якіх мне хочацца прынагодна зьвярнуцца з наступнай просьбай.

Дарагія айчынныя картографы! Калі вы ўжо ня лыкам шытыя і маеце гэткі файны фірмовы лягатып, дапамажыце ажыцьцявіцца запаветнай мары ўсіх настаўнікаў-географаў зь беларускіх школаў. Зрабіце вы нарэшце глёбусы на роднай мове. За ўзор можаце ўзяць беларускамоўны глёбус, зроблены ў 1939 годзе ў Ленінградзе — ці не адзіны пазасталы асобнік экспануецца ў Гудзевіцкім этнаграфічным музэі. Думаю, вырабіць неабходную колькасьць такіх глёбусаў вам будзе прасьцей простага. Не складаней, чым разьмясьціць Расею паміж Волгай і Енісеем.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG