Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Берасьцейцы хочуць ўсталяваць шыльду ў гонар дзеячоў БНР братоў Цьвікевічаў


Прадстаўнікі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) зьвярнуліся да берасьцейскіх уладаў з просьбай ушанаваць мясцовых дзеячоў БНР Аляксандра і Івана Цьвікевічаў.

Адпаведны зварот быў накіраваны ў гарвыканкам, гарадзкі Савет дэпутатаў ды ў адміністрацыю Берасьцейскага ўнівэрсытэту.

Як распавёў кіраўнік абласной арганізацыі БСДП(Г) Ігар Маслоўскі, ён лічыць несправядлівым, што ў Берасьці няма ні мэмарыяльнай шыльды, ні вуліцы ў гонар Цьвікевічаў:

Ігар Маслоўскі

Ігар Маслоўскі

«Браты Цьвікевічы нарадзіліся і вырасьлі ў Берасьці. Тут яны атрымалі сваю першую адукацыю, потым адзін вучыўся ў Варшаве, другі — у Пецярбургу. На наш погляд, гэта вельмі знакавыя асобы для Беларусі, нашага гораду. Яны зрабілі значны ўнёсак у разьвіцьцё нацыянальнай ідэі, нацыянальнай самасьвядомасьці як у часы БНР, так і ў часы БССР. Яны былі беларускімі дзяржаўнікамі. На жаль, у Берасьці няма нават шыльды там, дзе яны вучыліся, — сёньня гэта стары корпус Берасьцейскага ўнівэрсытэту. Няма вуліцы ў горадзе, дзе яны нарадзіліся, хаця дзясяткі вуліц названыя ў гонар людзей, якія ніякага дачыненьня да Беларусі ня маюць або ўвогуле зьнішчалі беларусаў.»

Адзін з братоў - Аляксандар Цьвікевіч

Адзін з братоў - Аляксандар Цьвікевіч

Берасьцейскія сацыял-дэмакраты просяць усталяваць мэмарыяльную шыльду на будынку былой мужчынскай гімназіі ў Берасьці, дзе вучыліся браты Цьвікевічы, дзе цяпер месьціцца адзін з карпусоў Берасьцейскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Таксама, берасьцейцы просяць назваць адну з вуліцаў гораду ў гонар братоў Цьвікевічаў.

Аляксандар Цьвікевіч зьяўляецца вядомым беларускім палітычным дзеячам, гісторыкам, філёзафам, публіцыстам. Яго брат — доктар Іван Цьвікевіч быў сярод тых, хто першым узяўся распрацоўваць беларускую мэдыцынскую тэрміналёгію, ён узначальваў Мэдычную сэкцыю Інбелкульта ў БССР.

XS
SM
MD
LG