Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-дэпутат Аксаміт: «Зьмены ў Беларусі можна зрабіць толькі праз байкот выбараў»


Мікола Аксаміт

Мікола Аксаміт

Мікола Аксаміт, дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі ХІІ скліканьня з Ваўкавыску, належаў у парлямэнце да фракцыі БНФ. На пэнсіі ён па-ранейшаму цікавіцца беларускай палітыкай і крытычна ставіцца да цяперашніх лідэраў апазыцыі.

— Мікола, вы былі актыўным сябрам апазыцыі БНФ у парлямэнце ХІІ скліканьня. Запомніліся вашы прамовы з трыбуны Вярхоўнага Савету. Але пазьней ваша імя неяк зьнікла з публічнай прасторы. Чаму?

Пасьля таго як у 1995 годзе скончыўся тэрмін маіх паўнамоцтваў у парлямэнце, існаваў загад нікуды не прымаць на працу.

— Пасьля таго як у 1995 годзе скончыўся тэрмін маіх паўнамоцтваў у парлямэнце, існаваў загад нікуды не прымаць на працу. Нават тыя дырэктары розных прадпрыемстваў, якім я, будучы дэпутатам, імкнуўся дапамагаць, цяпер апускалі вочы і казалі, што ім пастаўлены загад: ня браць на працу. І вось так я, чалавек зь дзьвюма вышэйшымі адукацыямі, вымушаны быў 4 гады працаваць на будоўлі ў Польшчы, а затым у Расеі. У мяне ў той час якраз падрасьлі дзеці, і я мусіў даць ім адукацыю. Яны атрымоўвалі платную адукацыю, а я на гэта зарабляў.

— А цяпер вы на пэнсіі, колькі атрымліваеце?

— Так, мой працоўны стаж пачаўся з 16 год, і цяпер я заслужыў ад сваёй дзяржавы пэнсію ў мільён 750 тысяч рублёў. Дзякуй Богу, што пакуль працуе жонка, то ўдвох неяк выжываем. А калі з такой пэнсіяй застаесься адзін, то гэта папросту галодная сьмерць у сёньняшняй сытуацыі. Дарэчы, тыя дэпутаты, якія былі пасьля мяне ў наступным скліканьні, атрымалі іншыя пэнсіі ад Лукашэнкі. Памятаю, тады Натальля Машэрава пісала, што яе пэнсія складае тысячу даляраў. Вядома, па-чалавечы гэта нават і крыўдна, бо мы, працуючы ў Вярхоўным Савеце тады яшчэ не на прафэсійнай аснове, прымалі па 15–20 законаў у дзень. Калі памятаеце, тады зьмянялася цалкам заканадаўства. Мы прыходзілі ў гатэль пасьля 22 гадзіны, каб толькі пераначаваць. Шмат законапраектаў апазыцыя распрацоўвала сама, часам не было нават калі і спаць. А ўся Палата прадстаўнікоў, у якой працавала і Натальля Машэрава, не прымала столькі законаў за год, колькі нам даводзілася прымаць за дзень, а пэнсіі мы маем зусім розныя. Зрэшты, гэта не патрабуе тлумачэньняў.

— Што б вы сказалі пра працу сёньняшніх дэпутатаў? Апошнім часам былі ўхваленыя некалькі непапулярных законаў, той жа дэкрэт "аб дармаедах, а ніхто ў парлямэнце ня выступіў зь яго крытыкай.

Палата прадстаўнікоў — гэта дэкаратыўны прыдатак, ён не выконвае свае функцыі, існуе ня дзеля таго, каб прымаць законы для паляпшэньня жыцьця грамадзтва, а як шыльда для заходніх палітыкаў.

— Ды пералік такіх законаў можна доўжыць. Альбо паглядзіце, колькі часу страйкуюць прадпрымальнікі, а ніводзін дэпутат ня выйшаў да іх на плошчу, ня выказаўся наконт гэтага ў парлямэнце. Вось так цяпер адстойваюцца інтарэсы народу і выбарцаў. Абсалютна відавочна, што Палата прадстаўнікоў — гэта дэкаратыўны прыдатак, ён не выконвае свае функцыі, існуе ня дзеля таго, каб прымаць законы для паляпшэньня жыцьця грамадзтва, а як шыльда для заходніх палітыкаў, што ў Беларусі, маўляў, таксама дэмакратычная сыстэма кіраваньня дзяржавай.

— Ці маеце вы цяпер дачыненьне да апазыцыі? Як ацэньваеце яе дзеяньні?

— Ведаеце, я вельмі ўважліва сачыў за тым, як адзначалі ўгодкі Плошчы 2006 году, перагледзеў усе выступы цяперашніх апазыцыянэраў, і вельмі многае мяне абурыла. На мой погляд, гэта была насамрэч гераічная падзея ў найноўшай гісторыі Беларусі. І цяпер людзі, якія насамрэч ня маюць ніякага дачыненьня да яе, імкнуцца карыстацца ейнымі здабыткамі.

Я сам быў удзельнікам гэтых падзей, тады сабралася каля 50 тысяч людзей, і ўсе яны былі поўныя рашучасьці стаяць да самага канца, да самай перамогі, нягледзячы на невыноснае надвор’е. А наш лідэр — Мілінкевіч тады ня здолеў застацца з намі, а пайшоў на іншую плошчу. Людзі самі тады арганізавалі гэтую Плошчу, самі паставілі намёты і трымаліся некалькі дзён. Гэта яны самі тады зрабілі там плошчу Каліноўскага. А цяпер у юбілейны год няма ніводнага выступу тых людзей, хто ставіў тады намёты, начаваў там. А выступаюць тыя, хто, па-сутнасьці, сышоў адтуль.

— Сёлета ў Беларусі будуць парлямэнцкія выбары. Якую тактыку на іх павінна рэалізоўваць апазыцыя, на ваш погляд?

Мяне зьдзіўляе неразуменьне нашай апазыцыяй таго, што адбываецца ў краіне. Яны дагэтуль вераць у тое, што Брусэль зьменіць для іх выбарчае заканадаўства і яны ўвойдуць у парлямэнт. Не, нічога гэтага ня будзе.

— Мяне зьдзіўляе неразуменьне нашай апазыцыяй таго, што адбываецца ў краіне. Яны дагэтуль вераць у тое, што Брусэль зьменіць для іх выбарчае заканадаўства і яны ўвойдуць у парлямэнт, а там ужо... Не, нічога гэтага ня будзе, і ніхто ніякага заканадаўства ім зьмяняць ня будзе. Відавочна адно: трэба ўсё самім зьмяняць на месцы. А дзеля таго, каб прымусіць Лукашэнку гэта рабіць, трэба арганізаваць байкот выбараў.

— Пра гэта даўно вядзецца гаворка, але ніхто не дае канкрэтных парадаў, як гэта зрабіць.

— Ужо цяпер відавочна, што людзі на выбары ісьці ня хочуць, бо бачаць, што гэта практычна не зьмяняе іх жыцьця. І калі б апазыцыйныя палітыкі хоць трохі думалі пра Беларусь, а не пра ўласныя патрэбы, яны б аб’ядналіся і зрабілі байкот. Дастаткова толькі наладзіць кантроль за тым, колькі людзей насамрэч заходзіць на выбарчыя ўчасткі, і не дазваляць прымусова заганяць людзей. Перакананы, што выбары папросту не адбудуцца. І толькі тады, пры гэтых умовах, улада вымушана будзе пайсьці на зьмены заканадаўства.

Гэта рэальны варыянт. І, дарэчы, менш затратны, чым самыя выбары. Апазыцыйныя палітыкі любяць казаць, што толькі падчас выбарчых кампаніяў маюць магчымасьць данесьці свае ідэі да людзей, пашырыць партыйныя структуры. Але насамрэч, калі пралічыць усе палітычныя кампаніі і тое, як яны рабіліся, то ўсе партыі, нават камуністы, былі расколатыя, нават па некалькі разоў. Усе партыі гублялі сваіх сяброў, сталі дробнымі, страцілі свае структуры ў рэгіёнах.

Яшчэ адзін аргумэнт даводзіцца чуць ад апазыцыянэраў — што народ не сасьпеў. І гэта поўнае глупства, бо насамрэч не сасьпелі апазыцыйныя лідэры. І самае сумнае, што тыя ж лідэры заклікаюць ізноў народ на выбары.

Яшчэ адзін аргумэнт даводзіцца чуць ад апазыцыянэраў — што народ не сасьпеў. І гэта поўнае глупства, бо насамрэч не сасьпелі апазыцыйныя лідэры. І самае сумнае, што тыя ж лідэры заклікаюць ізноў народ на выбары.

— У чым яны памыляюцца, на вашую думку?

— Мне здаецца, што гэтых лідэраў ужо адмыць нельга. Справа ў тым, што актыўна палітыкай у грамадзтве звычайна цікавяцца 8–10% людзей, астатнія проста жывуць. І калі нам навязваюць думку, што беларусы не сасьпелі, я з гэтым ніколі не пагаджуся. Наадварот, у нас вельмі палітызаванае грамадзтва. У нармальнай дэмакратычнай краіне шараговы грамадзянін можа не назваць прозьвішча свайго прэзыдэнта, а ў нас ці знойдзеш чалавека, які ня ведае, хто кіруе ў Беларусі?

— Апошнім часам зьяўляюцца і новыя імёны ў беларускай палітыцы, якія таксама прэтэндуюць на ролю лідэраў апазыцыі.

— Я так разумею, што вы маеце на ўвазе імёны Дзьмітрыева, Караткевіч, якія заяўляюць, што яны стануць канструктыўнай апазыцыяй, увойдуць у парлямэнт і змогуць праводзіць зьмены. Ну, так, яны сустракаліся ўжо з дэпутатамі, міністрамі. Але яны забыліся, хто адпачатку працаваў з Лукашэнкам і дзе яны цяпер. А працаваў зь ім той жа Лябедзька, Ганчар, той жа Захаранка, Сасноў, Драбышэўская, той жа Чыгір. І чым гэта ўсё скончылася? Тут няма ніякіх шанцаў.

У апазыцыі няма іншага сцэнару, як аб’яднацца і правесьці байкот, каб выбары не адбыліся. Гэта, паўтараюся, рэальна.

У апазыцыі няма іншага сцэнару, як аб’яднацца і правесьці байкот, каб выбары не адбыліся. Гэта, паўтараюся, рэальна. У лепшым выпадку на апошнія выбары прыходзіла 30–40% выбарцаў — гэта рэальны электарат Лукашэнкі, а астатнія лічбы — фікцыя. І што самае галоўнае: праз байкот можна правесьці мірныя зьмены ў грамадзтве безь якіх-кольвек брутальных дзеяньняў.

— Цяпер у Беларусі загаварылі нібыта пра лібэралізацыю: адменены санкцыі, прыяжджаюць заходнія палітыкі, вядуцца перамовы зь беларускімі ўладамі. Ці гэта, на вашу думку, нешта новае ў адносінах з Захадам?

— Ніякай лібэралізацыі насамрэч няма, і гэта найперш павінны разумець апазыцыйныя палітыкі. І выбарчага заканадаўства ніхто мяняць ня будзе, бо гэта сук, на якім ён сядзіць. Лукашэнку можна толькі прымусіць нешта зьмяніць, і зь ім можна размаўляць толькі з пазыцыі сілы, а не ўгаворамі. А што Захад цяпер ізноў спрабуе гаварыць з Лукашэнкам пра лібэралізацыю, то думаю, што гэтыя рамантычныя памкненьні рана ці позна скончацца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG