Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судзьдзя Вікторыя Шабуня
Судзьдзя Вікторыя Шабуня

У Менску — чарговы судовы канвэер. АБНАЎЛЯЕЦЦА

У судзе Цэнтральнага раёну Менску на сёньня прызначаныя чарговыя разгляды адміністрацыйных спраў, заведзеных на ўдзельнікаў мітынгу прадпрымальнікаў, што праходзіў 28 лютага.

Справа Ўладзімера Някляева адпраўленая на дапрацоўку. Фактычна зь ім паўтарылася гісторыя Ўладзімера Мацкевіча: Някляеў і 7 ягоных сьведкаў пацьвердзілі, што 28 лютага на мітынгу прадпрымальнікаў палітыка не было. Але судзьдзя Вікторыя Шабуня адправіла справу на дапрацоўку.

Актывіст зь Дзяржынскага раёну Мікалай Колас атрымаў штраф 20 базавых велічынь (4 200 000 рублёў).

Актывіст Павал Сяргей у суд не зьявіўся, таму разгляд яго справы адклалі.

Мікалайчык і Вінярскага асудзілі завочна

Вольга Мікалайчык і Максім Вінярскі ў суд не зьявіліся, іх завочна аштрафавалі на 50 базавых велічынь (10,5 мільёна рублёў).

Чарговыя штрафы ўдзельнікам акцыяў

Былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч атрымаў штраф 20 базавых велічынь (4 мільёны 200 тысяч беларускіх рублёў), былы прадпрымальнік, пэнсіянэр Аляксандар Абрамовіч — 10 базавых велічынь(2 мільёны 100 тысяч рублёў), былы міліцыянт Мікалай Казлоў — 50 базавых (10,5 мільёна рублёў), старшыня АГП Анатоль Лябедзька — 50 базавых (10,5 мільёна рублёў).

Кулакова не захацелі арыштоўваць, аштрафавалі адразу за 3 акцыі

Леанід Кулакоў атрафаваны на 50 базавых велічынь (10,5 мільёнаў рублёў) адразу за 3 акцыі — за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў, а таксама за пікеты салідарнасьці з Саўчанкай.

Актывіст казаў, што у яго няма грошай для аплаты штрафу, і прасіў пакараць яго арыштам, але судзьдзя Міхаіл Хома на гэта сказаў, што той не зрабіў нічога супрацьзаконнага, каб яго саджаць.

— Дык за што штраф?

— За ўдзел ў мірнай акцыі.

Статкевіча аштрафавалі на 10,5 мільёнаў рублёў

Першы вырак — Мікалая Статкевіча аштрафавалі завочна на 50 базавых велічынь.

З 11 гадзінаў «на чарзе» Павал Вінаградаў, Вольга Мікалайчык, Мікалай Аўтуховіч. А 12-ай гадзіне будуць судзіць Віталя Рымашэўскага, Анатоля Лябедзьку, Аляксандра Абрамовіча. Яшчэ некалькі працэсаў адбудуцца пасьля абеду. Судзіць удзельнікаў мітынгу 28 лютага будуць судзьдзі Міхаіл Хома, Валер Есьман, Вікторыя Шабуня, Тацяна Рак ды іншыя.

Мікалая Статкевіча, Максіма Вінярскага і Вячаслава Сіўчыка судзяць завочна, бо ў суд яны не зьявіліся.

Пачалі судзіць Мікалая Казлова, Леаніда Кулакова.

СМС-апавяшчэньні з канцылярыі суда атрымалі старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, сустаршыні Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец і Віталь Рымашэўскі, грамадзкія актывісты Мікалай Аўтуховіч, Максім Вінярскі, Павал Вінаградаў, Леанід Кулакоў, Вольга Мікалайчык, Мікалай Колас, Павал Сяргей, Аляксандар Абрамовіч.

На іх складзеныя пратаколы паводле артыкулу 23.34 КаАП Беларусі (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).

Судовыя паседжаньні пачаліся а 10-ай гадзіне раніцы.

XS
SM
MD
LG