Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Нячысьцік на тэлефоне

Днямі я трапіла на хаўтуры ў далёкай ад Гомелю вёсцы. За сталом, пасьля таго, як добрым словам узгадалі нябожчыка (са словамі «Адпакутаваў, небарака!»), па традыцыі нядобрым словам прайшліся па мясцоваму начальству. Дарогі — кепскія, аўтобус не ходзіць, заробак — два мільёны, дзяцей — не пералічыць, як пачнуць з печы злазіць, і ўсе есьці хочуць. Вяскоўцы па чарзе дзяліліся горам, і ўпотайкі кідалі на мяне позіркі, поўныя спадзяваньня.

— Слухайце, дык чаму вы не скардзіцеся нікуды? Да вас жа, я чытала раёнку вашу, дэпутаты штомесяц прыяжджаюць на асабісты прыём грамадзян? У вашай раёнцы пішуць, што і на прыёмы ходзяць чалавек-два, і робяць высновы, што ў вас усё «гаразд», калі вы не скардзіцеся?

Я аглядала гэтых людзей, некаторыя з якіх — «пісьменныя», працуюць у школе, клюбе, сельскім савеце...

Яны, гэтыя людзі, створаныя калі не па вобразу Хрыста, дык высечаныя з дрэва, на якім яго ўкрыжавалі, глядзелі на мяне, як на ёлупня.

— Дык нам забаранілі хадзіць на дэпутатаў на прыём! Начальнікі нашыя забаранілі! Тыя дэпутаты ўвесь час прыяжджаюць у працоўны час, і зранку, і начальства сказала — каб ні-ні. У вас, маўляў, працоўны час. І вы павінны быць на працоўным месцы. Хай толькі хто пасунецца да дэпутата — мы ўправу знойдзем, усіх праверым.

Я праверыла сайты райвыканкамаў, перагартала раённыя газэты...

Дэпутаты езьдзяць, справаздачы пішуцца. Грамадзян прымаюць — з 9.00 да 13.00, з 8.30 да 12.30, з 10.00 да 14.00. Ельск, Петрыкаў, Лоеў, Ветка. Усё усюды аднолькава.

І так езьдзяць маўклівыя «гарнітуры ў гальштуках» і па райцэнтрах і вёсках, а потым даюць справаздачы ў тых раёнках пра «сустрэчы з насельніцтвам» у духу «Плённы дыялёг», «Народ і ўлада — разам», «Пляны трэба выконваць».

Мой знаёмы працуе зараз на аднадзённым працоўным тыдні. На яго прадпрыемстве падпісалі такую паперку працаўнікі — згоду. Дзеля справядлівасьці варта зазначыць, што ў загадзе быў прапісаны «двухдзённы працоўны тыдзень», а як мой знаёмы працуе на палову стаўкі, то выходзіць на вытворчасьць раз на тыдзень. «Ты толькі прозьвішча маё не падавай, га?», — просіць мяне. Саромеюцца ўжо людзі прозьвішча свайго, якое «ад прадзедаў спакон вякоў», вось да чаго давялі людзей нямыя нячысьцікі, якія дзейнічаюць таямніча, але вельмі дзейсна.

Кіраўнік дзяржавы тыдзень таму раіў «зашыць рот» на працоўным месцы. Раты-то даўно зашытыя. Вось толькі працоўных месцаў усё менш.


Алена Германовіч

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG