Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Варшава — Менску: «Ня бойцеся нас, мы ня хочам рэвалюцыяў»


Міністар замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі наведвае польскі візавы цэнтар у Менску.

Міністар замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі наведвае польскі візавы цэнтар у Менску.

Тры пытаньні для трох аналітыкаў. Тэму абмяркоўваюць Уладзімер Глод, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.

Глод: «Сёньня заканчваецца двухдзённы працоўны візыт у Беларусь міністра замежных спраў Польшчы Вітальда Вашчыкоўскага. Напярэдадні прыезду спадара Вашчыкоўскага беларускія палітолягі называлі галоўнай яго адметнасьцю тое, што гэта будзе першы візыт кіраўніка зьнешнепалітычнага ведамства краіны, якая ўваходзіць у Эўразьвяз, пасьля адмены эўрапейскіх санкцыяў супраць беларускага кіраўніцтва. Гэта ня выклікала ніякага пярэчаньня, бо факт, як кажуць, ляжыць на паверхні і спрачацца тут няма пра што.

Але вось што цікава. Я асабіста ўчора прысутнічаў у Міністэрстве замежных спраў Беларусі, калі міністры Вашчыкоўскі і Макей пасьля перамоваў выйшлі да журналістаў. І на што найперш зьвярнуў увагу. Калі б хто ня ведаў, што Польшча ўваходзіць у Эўразьвяз, то з прамовы польскага міністра ён бы пра гэта і не дазнаўся. Гэта асабліва кідалася ў вочы яшчэ і таму, што раней дыпляматы з розных краін Эўропы пры

Калі б хто ня ведаў, што Польшча ўваходзіць у Эўразьвяз, то з прамовы польскага міністра ён бы пра гэта і не дазнаўся

наведваньні Менску настойліва падкрэсьлівалі, што ў Брусэля ёсьць узгодненая палітыка адносна Беларусі, і канкрэтная краіна, якую прадстаўляе той ці іншы дыплямат, мусіць абавязкова гэтай палітыкі прытрымлівацца. Прычым такой пазыцыі прытрымліваліся і публічна заяўлялі пра яе, знаходзячыся ў Беларусі, міністры замежных спраў Літвы і Латвіі, тых краін Эўрапейскага Зьвязу, якія таксама маюць агульную мяжу зь Беларусьсю.

І яшчэ адзін факт учора прыцягнуў усеагульную ўвагу — Вашчыкоўскі публічна заявіў: Польшча пачынае стасункі зь Беларусьсю без усялякіх папярэдніх умоваў.

Ну, і, мабыць, самае галоўнае, што нельга абмінуць увагай — учорашні вечаровы выступ польскага міністра на сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці. Тым больш што прамову Вашчыкоўскага ўжо назвалі праграмнай. Яе галоўная сутнасьць у наступным — Польшча за эвалюцыю, а не за рэвалюцыю. Польшча ня хоча рэвалюцыяў, Варшава ня будзе рабіць Майданаў і пераваротаў у Беларусі, а гатовая паспрыяць яе эвалюцыйнаму разьвіцьцю і збліжэньню з Эўропай. Польшча можа даць экспэртаў, падзяліцца сваім досьведам.

Польшча за эвалюцыю, а не за рэвалюцыю. Польшча ня хоча рэвалюцыяў, Варшава ня будзе рабіць Майданаў і пераваротаў у Беларусі, а гатовая паспрыяць яе эвалюцыйнаму разьвіцьцю і збліжэньню з Эўропай

«Гэта немагчыма, каб краіны, якія знаходзяцца так блізка адна ад адной, маюць падобныя мовы і культуру, цягам шасьці гадоў не размаўлялі адна з адной» — казаў Вашчыкоўскі. Але польскі міністар чамусьці не згадаў, з чыёй віны так адбываецца. Як не згадаў і той факт, што беларускія ўлады цягам гэтага часу не дазволілі прыехаць у Беларусь многім вядомым польскім палітыкам, уключна, дарэчы, і з экс-прэм’ерам Дональдам Тускам.

Усё гэта і дае падставы для пытаньня: ці Польшча цяпер будзе праводзіць адносна Беларусі палітыку, якую папярэдне ўзгадняе Брусэль, ці Польшча наважваецца весьці ў дачыненьнях з Лукашэнкам самастойную лінію?".

Карбалевіч: «Я ня бачу ў гэтым супярэчнасьці. Нічога з заяваў міністра не супярэчыла агульнай пазыцыі Эўрапейскага Зьвязу адносна Беларусі. Пачаўся працэс размарожваньня, пацяпленьня адносінаў. І ў рамках гэтага трэнду і робіцца гэты візыт.

Візыт хоць і працоўны, але знакавы, сымбалічны. Менавіта такім быў візыт папярэдніка Вашчыкоўскага, міністра Сікорскага ў 2010 годзе разам зь міністрам замежных спраў Нямеччыны Вэстэрвэле, які ўжо памёр. Знакавасьць у тым, што ён азначае паварот абодвух бакоў насустрач адзін аднаму. Так было ў 2010 годзе, калі адбывалася папярэдняе размарожваньне адносін паміж Беларусьсю і Эўразьвязам. Так і цяпер.

Гэта спроба калі ня выцягнуць Беларусь з геапалітычнага поля Расеі, то хоць зрабіць маленькі крок у гэтым кірунку.

Прычым цяпер гэты працэс нават больш важны, бо адбываецца на тле канфлікту паміж Расеяй і Захадам. А ў 2010 годзе, якраз наадварот, пасьля трагедыі пад Смаленскам быў пік нармалізацыі дачыненьняў паміж Масквой і Варшавай. Таму гэты візыт Вашчыкоўскага адбываецца ў пэўным сэнсе ў піку Маскве. Гэта спроба калі ня выцягнуць Беларусь з геапалітычнага поля Расеі, то хоць зрабіць маленькі крок у гэтым кірунку. То бок сам факт візыту больш важны, чым зьмест перамоваў, чым магчымыя дамоўленасьці.

Я б выдзеліў тры найбольш балючыя праблемы. Па-першае, гэта пытаньне пра становішча польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі, дзейнасьць Саюзу палякаў. Для партыі «Права і справядлівасьць», якая цяпер пры ўладзе, гэтая тэма больш важная, чым для лібэралаў з «Грамадзянскай плятформы». Найбольш востры канфлікт паміж краінамі па гэтым пытаньні быў у сярэдзіне 2000-х гадоў. Потым канфлікт заціх, але пытаньне так і не было вырашанае, бо дагэтуль дэ-факта існуюць два саюзы палякаў. Праблема проста была вынесена за дужкі двухбаковых адносін, ва ўсялякім разе, была прыбраная з публічнага дыскурсу. Думаю, цяпер ствараюцца ўмовы для яе вырашэньня.

Але кіраўнік памежнага камітэту Мальцаў агучыў новую прычыну: не гатовая памежная інфраструктура для вялікай плыні людзей. Можа, хочуць атрымаць нейкія грошы пад гэтай маркай?

Другое даўняе пытаньне — тэма малога памежнага руху. Шэсьць гадоў таму было заключанае пагадненьне, але Менск тармозіць яго рэалізацыю. Некалькі гадоў таму Лукашэнка, адказваючы на пытаньне журналіста, тлумачыў тармажэньне зь беларускага боку палітычнымі прычынамі. Маўляў, Польшча займае недружалюбную пазыцыю адносна Беларусі. Цяпер гэтае пытаньне нібыта зьнятае. Але кіраўнік памежнага камітэту Мальцаў агучыў новую прычыну: не гатовая памежная інфраструктура для вялікай плыні людзей. Можа, хочуць атрымаць нейкія грошы пад гэтай маркай?

Трэцяе пытаньне: дадатковае разгортваньне натаўскай інфраструктуры ў Польшчы, увогуле рост вайсковага бюджэту Польшчы. Гэта хвалюе кіраўніцтва Беларусі. Вашчыкоўскі павінен неяк супакоіць афіцыйны Менск, даказаць, што гэта толькі рэакцыя на расейскую агрэсіўнасьць і што гэта не скіравана супраць Беларусі.

Глод: «Я хачу вярнуцца да тэмы грошай на памежную інфраструктуру. Спадар Карбалевіч толькі што казаў, што, можа, бакі „хочуць атрымаць нейкія грошы пад гэтай маркай“. Слова „можа“ ў гэтым кантэксьце ўжо не патрэбнае. Дакладна хочуць, бо пра гэта менавіта згадалі міністры падчас падыходу да журналістаў. Яны казалі, што грошы будуць яшчэ і з трэцяй крыніцы. Першая і другая — гэта Варшава і Менск. І хоць трэцюю крыніцу канкрэтна не назвалі, з кантэксту можна меркаваць, што гаворка ідзе пра грошы з Брусэля, з Эўразьвязу».

Цыганкоў: «Адказ на пытаньне, наколькі самастойную ад Брусэля палітыку ў дачыненьнях зь Беларусьсю праводзіць Польшча, на маю думку, неадназначны. Але гэта не вызначальнае. Больш важна, што Польшча вылучае сябе як краіну, якая знаходзіцца бліжэй да Беларусі і лепш разумее тое, што ў нас адбываецца. Разам былі ў адзіным савецкім блёку, пра што і казаў міністар Вашчыкоўскі. Плюс Польшча разумее расейскія амбіцыі і гістарычна ставіцца да Расеі ня так, як, напрыклад, Нямеччына.

Плюс апошнія падзеі паказваюць, што новыя ўлады Польшчы адчуваюць сябе гэткім рэгіянальным лідэрам. І, здаецца, Брусэль, асабліва ў цяперашняй сытуацыі, калі мала хто бярэ на сябе адказнасьць, яўна ня будзе супраць — маўляў, калі хочаце большай ролі, то і бярыце яе.

Плюс апошнія падзеі паказваюць, што новыя ўлады Польшчы адчуваюць сябе гэткім рэгіянальным лідэрам. Адэкватна ці не — гэта ўжо іншая справа. Але яны відавочна хочуць гуляць большую ролю і кажуць Брусэлю: „Гэта наш рэгіён, дайце нам тут большую ролю“. І, здаецца, Брусэль, асабліва ў цяперашняй сытуацыі, калі мала хто бярэ на сябе адказнасьць, яўна ня будзе супраць — маўляў, калі хочаце большай ролі, то і бярыце яе.

Таксама вельмі важная была рэмарка пра тое, што Польшча выступае не за рэвалюцыю, а за эвалюцыю. Я думаю, гэта быў такі сыгнал да кіраўніцтва Беларусі, да афіцыйнага Менску — ня трэба баяцца Захаду, ён не зьбіраецца рабіць тут рэвалюцыю, Майдан. Таму гэта сыгнал непасрэдна Аляксандру Лукашэнку — ня бойцеся нас, давайце ісьці на збліжэньне. І гэтае збліжэньне не прывядзе да пагрозы вашай палітычнай уладзе. Яно прывядзе да зьніжэньня геапалітычных рызыкаў, якія ўяўляе сабою Расея».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG