Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 24 сакавіка: Чысты чацьвер, 20 год менскай вясны і 10 год разгону намётавага мястэчка, разьвітаньне з Ганнай Вольскай


10 год разгону намётавага мястэчка
10 год разгону намётавага мястэчка

Падзеі дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі

Павал Севярынец, Віталь Рымашэўскі і Анатоль Лябедзька выкліканыя ў суд Цэнтральнага раёну Менску , дзе іх павінны судзіць за акцыю салідарнасьці з прадпрымальнікамі 28 лютага. (Менск, Кірава, 21, пачатак першага пасяджэньня аб 11-й).

Літаратурны музэй Петруся Броўкі і грамадзкая кампанія «Будзьма беларусамі» запрашаюць на публічныя лекцыі паэта і перакладчыка Андрэя Хадановіча, які прапануе ўсім, хто не спалохаецца, пяць літаратурных вандровак у таварыства мёртвых (вядома ж, здольных яшчэ як ажываць!) аўтараў. Сёньняшняя тэма: «Амплітуда сьмеласьці. Танк, Стральцоў, Барадулін». (Менск, вул. К. Маркса, 30, пачатак а 19-й).

Рух салідарнасьці «Разам» запрашае на вечар, прысьвечаны пачатку Менскай вясны-96. (Офіс БНФ, Менск, Чарнышэўскага, 3).

У католікаў і грэка-католікаў — Вялікі, або Чысты чацьвер. У касьцёлах праходзяць урачыстыя набажэнствы.

Ганна Вольская
Ганна Вольская

Разьвітаньне з Ганнай Вольскай адбудзецца з 11 да 13 гадзіны ў менскім Сьвята-Елісавецінскім манастыры (вул. Выгоцкага, 6, мікрараён Навінкі). Ганна Вольская, жонка сьпевака Лявона Вольскага і прадусарка «Крамбамбулі», памерла 23 сакавіка ад анкалягічнай хваробы.


У гісторыі


1794 — у Рэчы Паспалітай пачалося ўзброенае вызваленчае паўстаньне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касьцюшкі.

1882 — Роберт Кох абвясьціў аб адкрыцьці бактэрыі сухотаў.

1919 — У Гомелі пачалося антысавецкае паўстаньне пад кіраўніцтвам Уладзімера Стракапытова.

1984 — праведзены першы пробны рэйс першай лініі Менскага мэтро.

1996 — на заклік БНФ некалькі дзясяткаў тысяч чалавек выйшлі на вуліцы Менску, каб адзначыць Дзень Волі і выказаць пратэст супраць беларуска-расейскай інтэграцыі. Перад опэрным тэатрам адбыўся мітынг. Пасьля ўдзельнікі акцыі пайшлі да будынку тэлецэнтру на вуліцы Камуністычнай, дзе супраць іх былі ўжытыя спэцвойскі.

1999 — Пачатак бомбавых удараў НАТА па Югаславіі.

2005 — у Кіргізстане пасьля народных хваляваньняў (тульпанавая рэвалюцыя) быў зрынуты прэзыдэнт Аскар Акаеў.

2006 — у Менску пасьля 4-х дзён існаваньня разагнанае намётавае мястэчка, створанае падчас акцыяў пратэсту супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.

2011 — у Менску асудзілі двух лідэраў «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава (судзьдзя Алена Шылько) да 2 і 4 гадоў калёніі. Гэта была сэрыя судовых працэсаў за Плошчу 2010, хаця гэтыя два актывісты былі прэвэнтыўна затрыманыя яшчэ 18 сьнежня 2010 нібыта за ўчыненую на вуліцы бойку.

Цытата

Менск. 1996, 24 сакавіка, нядзеля.
Масавае несанкцыянаванае шэсьце ад плошчы Незалежнасьці і мітынг каля Опэрнага тэатру, арганізаваныя БНФ. Удзельнічаюць ад 20 да 30 тысячаў чалавек, якія скандуюць лёзунгі «Жыве Беларусь!», «Незалежнасьць!», «Далоў Лукаша!». На мітынгу на прапанову Сяргея Антончыка ўдзельнікі зьбіраюць грошы «на білет Лукашэнку да Масквы». Апазыцыя спрабуе дамагчыся тэлевізійнага эфіру каля будынку Тэлерадыёкампаніі. Улады ўжываюць сілу. Пасьля акцыі пратэсту спэцаддзелы міліцыі нападаюць на людзей, якія ўжо разыходзяцца. А 17-й гадзіне на праспэкце Ф.Скарыны, каля будынку КГБ, спэцназ учыняе сапраўднае пабоішча. Арыштавана каля 30 ўдзельнікаў мітынгу. Ёсьць параненыя.

Алег Дзярновіч. Кроніка Менскай вясны-96.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG