Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Зь сярэднявечча ў піраты: TerraKod зьмяніў стыль у новых песьнях


TerraKod

TerraKod

Цяпер гурт гучыць цяжэй, сьпявае аўтарскія тэксты і вандруе па фэнтэзійным сьвеце.

Беларускі гурт TerraKod выдаў сынглам новую песьню «Пірацкая», а ў дадатак да яе запісаў ангельскамоўны кавэр на «Калыханку» гурту Sciana. Новыя песьні гучаць цяжэй за ранейшую творчасьць гурту, у тым ліку дэбютны альбом «Паспаліты», а ў «Пірацкай» зусім не чуваць ранейшых фольк-матываў.

На жаль, гэтая опцыя пакуль што недаступная

«Нам спадабаўся гук гэтага „пірацкага“ трэку, найбольш верагодна, у гэтым накірунку і будзем рухацца, — кажа Свабодзе мэнэджэр TerraKod Зьміцер Назараў. — Запіс альбому плянуецца, у нас гатовы яшчэ адзін сынгл, але мы яго, мабыць, у красавіку прэзэнтуем. Стылістыка — як пойдзе. „Пірацкая“ так стварылася, што фолькаваму складніку там няма месца, але далей на сто адсоткаў адмаўляцца ад фольку ня будзем, таму што вакалістка Кася — вельмі таленавітая дзяўчына, шкада ж будзе, калі простым вакалам будзе сьпяваць. Думаю, нешта такое беларускае мы пакінем».

Творчасьць гурту рухаецца «ня так хутка, як хацелася б», кажа Назараў, бо ўдзельнікі жывуць у Берасьці, Бярозе, Гомелі і Менску, але гурт жывы і працуе — і нагадвае пра гэта сынглам.

Кавэр на песьню гурту Sciana быў зроблены яшчэ на 15-годзьдзе берасьцейцаў у 2014 годзе. Са «Сьцяной» TerraKod сябруе у тым ліку праз агульнага мэнэджэра, у стварэньні TerraKod паўдзельнічаў і вакаліст «Сьцяны». Запісаць кавэр па-ангельску вырашылі, каб ня проста перапець песьню, а зрабіць «плюсік да папулярызацыі творчасьці Sciana». Ды ангельская — не адзіная замежная мова, якую засвойвае TerraKod, цяпер гурт спрабуе «прабіцца» ў Прыбалтыцы і выкарыстоўвае латыскія песьні.

TerraKod можна будзе пачуць на Дзень Волі, 25 сакавіка ў менскім клюбе Re:Public перад выступам хэдлайнэраў Gods Tower. За дзень да таго, 24 сакавіка TerraKod дасьць вялікі канцэрт у менскім клюбе TNT, дзе за ўваход кожны зможа заплаціць столькі, колькі захоча.

XS
SM
MD
LG