Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Брусэльскія тэракты: 31 памерлы, знойдзеная яшчэ адна бомба, вядомыя імёны сьмяротнікаў


Халід і Ібрагім Бакраві — такія імёны назвала брусэльская паліцыя. Пра іх паліцыя ведала яшчэ да тэрактаў.

Па зьвестках бэльгійскай паліцыі, у сэрыі тэрактаў у Брусэлі загінуў 31 чалавек, да 230 атрымалі раненьне. У краіне абвешчаная трохдзённая жалоба. Адказнасьць за напад узялі на сябе тэрарысты «Ісламскай дзяржавы».

Паліцыя, як сьцьвярджае бэльгійскі тэлеканал RTBF, назвала імёны выканаўцаў тэракту ў аэрапорце — гэта грамадзяне Бэльгіі, браты Ібрагім і Халід эль-Бакраўі. Пра выканаўцаў тэракту ў мэтро не паведамляецца.

Фота тэрарыстаў, якія зьдзейсьнілі выбухі ў аэрапорце

Фота тэрарыстаў, якія зьдзейсьнілі выбухі ў аэрапорце

Беларускія браты Сулейман і Халід Доўбаш, якіх раней «запісалі ў сьмяротнікі», у паведамленьнях бэльгійскіх праваахоўнікаў ня згадваюцца. Як цяпер заяўляе беларускі КДБ, адзін з братоў падчас тэракту наогул быў у Гомелі.

Паліцыя пакуль не затрымала меркаваных памагатых тэрарыстаў, але актыўна іх шукае. Як паведамляе The Guardian, шукаюць найперш мужчыну, які на фота з камэраў назіраньня быў у капелюшы — мяркуецца, што ён нес бомбу, якая ня выбухнула. Імя, якое называе паліцыя, — Наджым Лаакруі. Экспэрты па бясьпецы зьвяртаюць увагу на тое, што мужчыны на фота надзелі па адной пальчатцы — магчыма, гэта можа сьведчыць пра пэўны тып бомбы, якую яны выкарыстоўвалі, піша Reuters.

Як перадае La Derniere Heure, паліцыя Брусэля знайшла іншыя бомбы, якія меркавалася выкарыстаць у тэракце. У гэтым паліцыі дапамог таксоўшчык, які вез тэрарыстаў у аэрапорт: ён зьвязаўся з праваахоўнікамі празь некалькі гадзінаў пасьля атакі і назваў адрас, адкуль забіраў кліентаў. Падчас ператрусу ў кватэры паліцыя знайшла выбухоўку і яшчэ адну бомбу зь цьвікамі, якую, як кажа таксоўшчык, не атрымалася загрузіць праз брак месца ў машыне. Да таго ж, па сьведчаньнях таксоўшчыка, тэрарысты мелі ў аэрапорце больш за тры торбы — сьведчаньні мужчыны дапамаглі знайсьці ў аэрапорце яшчэ адну бомбу, якая ня выбухнула.

Тым часам салідарнасьць з пацярпелымі ад тэрактаў па ўсім сьвеце выказваюць як палітыкі, так і простыя людзі. Колерамі сьцяга Бэльгіі падсьвятлялі ўночы будынкі на розных канцах сьвету — ад Эйфэлевай вежы і Брандэнбурскай брамы да Ўсясьветнага гандлёвага цэнтру-1 у Нью-Ёрку і «Бурдж Халіфа» ў Дубаі. Жыхары Брусэля запрашаюць да сябе пацярпелых ад тэрактаў. Прапановы дапамогі можна знайсьці ў інтэрнэце пад хэштэгам #PorteOuverte ( «адкрытыя дзьверы»), #ikwilhelpen ( «Хачу дапамагчы»), #OpenHouse «(Адкрыты дом» і #BrusselsWelcome ( «Сардэчна запрашаем у Брусэль»).

XS
SM
MD
LG