Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вашчыкоўскі ў Менску выказаўся за эвалюцыю, а не рэвалюцыю ў Беларусі


У аўторак увечары на сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці польскі міністар замежных спраў выступіў з праграмнай прамовай.

Міністар у прыватнасьці заявіў, што Польшча ня хоча рэвалюцыяў у Беларусі, а гатовая паспрыяць яе эвалюцыйнаму разьвіцьцю і збліжэньню з Эўропай:

Гэта немагчыма, каб краіны, якія знаходзяцца так блізка адна ад адной, маюць падобныя мовы і культуру, цягам шасьці гадоў не размаўлялі адна з другой.

«Блізкія суседзі — Беларусь і Польшча на працягу многіх гадоў не сустракаліся, не размаўлялі паміж сабой. Мой візыт у Беларусь — першы цягам многіх гадоў. Гэта немагчыма, каб краіны, якія знаходзяцца так блізка адна ад адной, маюць падобныя мовы і культуру, цягам шасьці гадоў не размаўлялі адна з другой. Пасьля многіх гадоў адсутнасьці кантактаў першы візыт датычыцца спраў падставовых, добрасуседзкіх, рэчаў, якія нас аб’ядноўваюць і падзяляюць.

Па-першае, мой візыт у Беларусь — гэта пачатак дзейнасьці новага ўраду, які я прадстаўляю, і па-другое — я прывёз новага амбасадара Польшчы ў Беларусі, гэта былы намесьнік міністра замежных спраў, мой былы намесьнік. Дыпляматычна гэта вельмі важна, гэта азначае, што мы хочам думаць і вырашаць праблемы нашага суседзтва самым сур’ёзным чынам.

Гэта стратэгічная падзея, якая датычыцца вялікай колькасьці праблемаў. Візыт датычыць спраў гістарычных, у нас агульная гісторыя: мы можам узгадаць, напрыклад, Монтэ-Касіна, а ёсьць трагічная — напрыклад, Курапаты ці Катынь. Я меў размову зь міністрам замежных спраў Макеем. Я ўзгадаў пра Курапаты, я сказаў, што гэта факт трагічнай гісторыі нашых народаў, і гэта ня тое, што нас разьядноўвае, бо мы былі ахвярамі.

Я таксама нагадаў спадару Макею пра тое, які ўрад я прадстаўляю. Я прадстаўляю урад, які паходзіць зь вялікага руху «Салідарнасьць». Рух «Салідарнасьць» на працягу многіх гадоў змагаўся за правы чалавека і дэмакратыі і ў выніку перамог. І наш урад будзе казаць пра пытаньні правоў чалавека і дэмакратыі, і я сказаў, што мы будзем гэта рабіць.

Мы ня будзем рабіць рэвалюцыю, ня будзем арганізоўваць пераварот, Майдан, але мы хочам, каб зьмены адбываліся згодна з прынцыпамі дэмакратыі і правоў чалавека эвалюцыйным шляхам. І мы можам дапамагчы ў гэтай эвалюцыі.

Зь іншага боку, мы ня будзем рабіць рэвалюцыю, ня будзем арганізоўваць пераварот, Майдан, але мы хочам, каб зьмены адбываліся згодна з прынцыпамі дэмакратыі і правоў чалавека эвалюцыйным шляхам. І мы можам дапамагчы ў гэтай эвалюцыі. Мы можам даць экспэртаў, падзяліцца сваім досьведам. Але зьмены — гэта адказнасьць тых краінаў, у якіх яны павінны адбыцца.

Я як кіраўнік польскага дыпляматычнага ведамства павінен утрымлівць раўнавагу, нагадваць аб людзкой крыўдзе і я павінен падтрымліваць стасункі паміж краінамі.

Мы зацікаўленыя, каб Рэспубліка Беларусь была вольнай, сувэрэннай, незалежнай, каб яна супрацоўнічала і з Польшчай, і з Эўропай, але у той жа час мы ня будзем сядзець ціха, калі нейкая крыўда будзе чыніцца ў Беларусі», — заявіў польскі міністар замежных спраў Вітальд Вашчыкоўскі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG