Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Міжнародная рэакцыя: прысуд Саўчанцы вынесены ў выніку несправядлівага суду


Абвінаваўчы прысуд Надзеі Саўчанцы «быў вынесены ў выніку несправядлівага судовага разбору», заявіла ў аўторак праваабарончая арганізацыя «Human Rights Watch».

Абвінаваўчы прысуд Надзеі Саўчанцы «быў вынесены ў выніку несправядлівага судовага разбору», заявіла ў аўторак праваабарончая арганізацыя «Human Rights Watch».

У заяве праваабаронцы адзначаюць, што суд адмовіўся далучыць да справы ключавыя доказы абароны і нязьменна адмаўляў адвакатам у задавальненьні важных хадайніцтваў, з прычыны чаго абаронцы Саўчанкі былі пазбаўленыя магчымасьці эфэктыўна аспрэчваць выстаўленыя абвінавачаньні. «Вынесены прысуд не абгрунтаваны і не павінен заставацца ў сіле», — падкрэсьліў кіраўнік «Human Rights Watch» па Эўропе і Цэнтральнай Азіі Х’ю Ўільямсан.

Заходнія палітыкі, грамадзкія дзеячы ня раз аказваліся сярод тых, хто заклікаў вызваліць Саўчанку, называючы, усьлед за адвакатамі, працэс па яе справе «фарсам», паказальным судом, адзначае «Бі-бі-сі».

Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Джон Кірбі ў аўторак заявіў, што Вашынгтон зноў заклікае Маскву адпусьціць Саўчанку і іншых «незаконна затрыманых асобаў». Вэрдыкт суду па справе ўкраінскай лётчыцы Кірбі назваў «абуральным грэбаваньнем прынцыпамі права».

Дырэктар Бюро АБСЭ па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Майкл Георг Лінк выказаў занепакоенасьць прысудам расейскага суду па справе Надзеі Саўчанкі і паўтарыў «заклік старшынства АБСЭ да яе неадкладнага вызваленьня». «Вызваленьне Саўчанкі будзе мець адчувальнае гуманітарнае значэньне, з прычыны яе праблем са здароўем, і будаваць давер да мірнага працэсу, накіраванага на рашэньне двухгадовага крызісу ва Ўкраіне і вакол яе», — падкрэсьліў Лінк у заяве, апублікаванай на сайце АБСЭ. «Гэты вэрдыкт выклікае сур’ёзныя засьцярогі адносна таго, ці былі выкананы міжнародна прызнаныя стандарты правасудзьдзя», — дадаў дырэктар Бюро АБСЭ па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека.

Раней 22 сакавіка прэс-аташэ прадстаўніцтва Эўрапейскага саюзу ва Ўкраіне Давід Стулік назваў прысуд Надзеі Саўчанцы «яшчэ адной трагедыяй» — нароўні з тэрактамі ў Брусэлі.

Надзея Саўчанка прысуджаная судом у Данецку Растоўскай вобласьці да 22 гадоў зьняволеньня і штрафу ў 30 тысяч рублёў. Яна прызнаная вінаватай у дапамозе ў забойстве двух расейскіх тэлежурналістаў, замаху на жыцьцё тэлеапэратара Віктара Дзянісава, а таксама ў незаконным перасячэньні мяжы. Пры гэтым суд зьняў з Саўчанкі абвінавачваньні ў абстрэле мірных жыхароў Луганскай вобласьці. Надзея Саўчанка прысуд не прызнае і апэляцыю падаваць не зьбіраецца.

XS
SM
MD
LG