Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Брусэля запрашаюць да сябе пацярпелых ад тэрактаў


У выніку выбухаў у аэрапорце некалькі тысяч пасажыраў затрымаліся ў Брусэлі на нявызначаны тэрмін.

Жыхары Брусэля адрэагавалі на тэракты ў горадзе, прадэманстраваўшы цеплыню і шчодрасьць душы. Яны запрашаюць тых, хто з-за тэрактаў затрымаўся ў горадзе на нявызначаны тэрмін, пераначаваць у іх, замест таго, каб сядзець у закрытым аэрапорце ці марнаваць грошы на гатэль.

Прапановы стала і прытулку можна знайсьці ў інтэрнэце пад хэштэгам #PorteOuverte ( «адкрытыя дзьверы»), #ikwilhelpen ( «Хачу дапамагчы»), #OpenHouse «(Адкрыты дом» і #BrusselsWelcome ( «Сардэчна запрашаем у Брусэль»). Асабліва шмат прапаноў у сеціве ад тых, хто жыве ў непасрэднай блізкасьці аэрапорта Завэнтэм і станцый мэтро.

«Я жыву ў цэнтры, магу даць прытулак людзям, якія затрымаліся ў горадзе», — піша жыхар бэльгійскай сталіцы

«Кава, гарбата, настольныя гульні», — прапаноўвае іншы.

«У мяне ёсьць два свабодныя пакоі для тых, хто знаходзіцца побач з аэрапортам», — паведамляе трэцяя.

Раніцай у аўторак у аэрапорце Брусэля адбыліся два выбухі побач са стойкамі American Airlines ў зале вылету. На дадзены момант вядома пра 11 загінуўшых у аэрапорце і 81 параненага. Аэрапорт Завэнтэм будзе зачынены як мінімум да заўтрашняга раніцы, частка даху ў яго будынку абрынулася. Усе рэйсы ў Брусэль з іншых аэрапортаў былі адмененыя, пасажыры былі выведзеныя з будынку. Адмененыя таксама цягнікі ў аэрапорт і цягнікі Эўрастар, якія зьвязваюць Брусэль з буйнымі гарадамі Нямеччыны і Францыі.


У выніку тысячы транзытных пасажыраў затрымаліся ў Брусэлі, ня маючы магчымасьці выехаць з горада.

Праз гадзіну пасьля тэракту ў аэрапорце Брусэля Завэнтэм яшчэ адзін выбух прагрымеў у цэнтры Брусэля. У гэты раз выбух адбыўся ў цягніку мэтро, побач са станцыяй мэтро Маэльбек, у квартале, дзе разьмешчаны ўрадавыя будынкі ЭЗ. Па апошніх дадзеных, пры тэракце ў мэтро загінулі 15 чалавек, 55 былі параненыя, 10 зь іх знаходзяцца ў крытычным стане.

Пасьля тэракту ў мэтро ва ўсім Брусэлі быў спынены рух грамадзкага транспарту, і людзі ня маюць магчымасьці выбрацца з горада акрамя як на таксі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG