Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня 23 сакавіка 2016: Крыжовы шлях у Менску; уручэньне прэміі «Дэбют»


Цырымонія ўзнагароджваньня прэміяй "Дэбют" у 2015 годзе.

Цырымонія ўзнагароджваньня прэміяй "Дэбют" у 2015 годзе.

Гэты дзень у Беларусі, сьвеце, гісторыі.



Афіша:

Працягнуцца рабочыя візыты ў Менск прэм’ер-міністра Грузіі Георгія Квірыкашвілі і міністра замежных спраў Польшчы Вітальда Вашчыкоўскага.

Тэатралізаваны Крыжовы шлях пройдзе каля касьцёла Найсьвяцейшай Тройцы (Сьвятога Роха) на Залатой Горцы ў Менску. Яго будзе праводзіць арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Месца правядзеньня — пр. Незалежнасьці, 44А. Пачатак а 18.00.

У Літаратурным музэі Максіма Багдановіча (Менск, вул. Багдановіча, 7А) адбудзецца ўручэньне прэміі «Дэбют». Літаратурная прэмія «Дэбют» імя Максіма Багдановіча ўручаецца за дэбютную кнігу аўтарам да 35 гадоў у жанрах, у якіх працаваў Максім Багдановіч: паэзія, проза, мастацкі пераклад. Сёлета на перамогу прэтэндуюць наступныя кнігі: Анатоль Івашчанка «Анаталогія», Кацярына Мядзведзева «Разламашкі майстра Люфта», Кірыл Стаселька «Дзіцячы маніфэст» (проза); Мікіта Найдзёнаў «Разьвітанцы», Алесь Плотка «Байсан», Ангела Эспіноза Руіз «Раяль ля мора» (паэзія); Лізавета Касмач: Ірэна Брэжна «Найлепшы з усіх сьветаў» (пераклад зь нямецкай), Сьвятлана Рогач: Катэржына Тучкова «Жыткаўскія багіні» (пераклад з чэскай), Сьвятлана Рогач: Іржы Гаічак «Рыбіна кроў» (пераклад з чэскай). На цырымоніі ўручэньня прэміі зайграе гурт «NAVI». Пачатак а 18.30.


У гісторыі:


1793 — Сэнат Расейскай імпэрыі выдаў указ пра стварэньне Менскай губэрні.

1865 — нарадзіўся Уладзіслаў Сівы-Сівіцкі (Стары Ўлас), паэт, пісьменьнік, зьбіральнік беларускага фальклёру.

1906 — нарадзіўся Ісак Любан, беларускі кампазытар, аўтар музыкі да песьні «Бывайце здаровы!»

1933 — Адольф Гітлер атрымаў дыктатарскія паўнамоцтвы ад Рэйхстагу Нямеччыны.

1948 — нарадзіўся Генадзь Пашкоў, беларускі паэт, перакладчык, публіцыст.

1991 — у Менску пачаўся II зьезд Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне».

2006 — удзельнікі намётавага лягеру на Кастрычніцкай плошчы ў Менску пачалі зьбіраць подпісы за перавыбары прэзыдэнта. Лягер узьнік пасьля сфальшаваных выбараў 19 сакавіка 2006 году.


У памяці:


1942 — памёр Антон Луцкевіч, беларускі палітычны і грамадзкі дзяяч, публіцыст, навуковец, выдавец.

1978 — памёр Рыгор Шырма, беларускі харавы дырыжор, грамадзкі дзяяч, у часы Заходняй Беларусі — сакратар Таварыства беларускай школы.


Цытата:



«Ля зорак спагадлівых
Грэецца лёс,
Для душ нашых зьвіць
Намагаецца путы.
Крыжовы шлях,
Што пракладваў Хрыстос,
Нанова для кожнага
Значаць пакуты.

І кожны зможа
Сябе знайсьці,
Мець сподзеў,
Што Госпадам будзе пачуты,
Калі ён здолее
Ў гэтым жыцьці
Прайсьці, не згінаючыся,
Праз пакуты...»

Рыгор Барадулін

XS
SM
MD
LG