Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абама сустрэўся з кубінскімі дысыдэнтамі


Прэзыдэнт ЗША Барак Абама сустрэўся сёньня ў амэрыканскім пасольстве ў Гаване з кубінскімі дысыдэнтамі, праваабаронцамі і грамадзянскімі актывістамі.

На размову за круглым сталом былі запрошаны 13 чалавек, у тым ліку тыя, хто пабываў у кубінскіх турмах за свае палітычныя перакананьні. Іх сьпіс з мясцовымі ўладамі не ўзгадняўся. «Каб быць актывістам грамадзянскай супольнасьці на Кубе, трэба мець асаблівую адвагу», — заявіў Абама, нагадаўшы, што паміж ЗША і кубінскім урадам застаюцца глыбокія рознагалосьсі ў пытаньнях правоў чалавека. У той жа час ён выказаў надзею, што паступова сытуацыя будзе паляпшацца, і дапамагчы гэтаму павінна нармалізацыя адносін паміж дзьвюма краінамі.

Як паведаміла прэс-служба Белага дому, на сустрэчы з Абамам прысутнічалі, у прыватнасьці, лідэр праваабарончай арганізацыі «Жанчыны ў белым» Берта Солер, а таксама прадстаўнік кубінскай камісіі па правах чалавека і нацыянальнаму прымірэньню Элізарда Санчэс.

Сёньня гістарычны візыт амэрыканскага прэзыдэнта на Кубу (упершыню за апошнія 88 гадоў) завяршаецца. Асноўным лейтматывам яго заяваў стала сьцьвярджэньне, што ён прыехаў на Кубу «пахаваць рэшткі халоднай вайны на амэрыканскім кантынэнце».

XS
SM
MD
LG