Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нехта наваражыў, і апанаваў гомельскіх начальнікаў нямы нячысцік. Дух такі, які забараняе ім гаварыць. Яны мо і хочуць, але ня могуць даць рады ўплыву звышнатуральных сілаў. Могуць толькі, як здані, дзяліцца вірусамі гэтай эпідэміі з падначаленымі. Прамысловы гігант «Гомсельмаш» трасе эканамічная ліхаманка ня першы месяц. Чарговым разам 13 тысяч працаўнікоў (каля 90%) пайшлі «біць лынды» не па ўласнаму жаданьню.

Працаўнікам «Сяльмашу» зайздросьціць у Гомелі няма каму: эканамічны паралюш закрануў «Гомельдрэў», «Камінтэрн», «СтанкаГомель» і іншыя прадпрыемствы.

Тым часам тэлефаную на «Гомсельмаш», каб спраўдзіць інфармацыю пра вымушаны адпачынак. «Намесьніка галоўнага дырэктара няма», — неяк роспачна, са сьлязой у голасе адказвае жанчына на тым баку слухаўкі. «А другі намесьнік? Трэці? Чацьвёрты? Намесьнік намесьніка?», — настойваю. Яна амаль рыдае: "Няма, няма! Нікога няма, не прыйдзе, не будзе! Не будзе нікога! Не тэлефануйце сюды!«,- шпурляе слухаўку жанчына. Уяўляецца, як няма нікога, адныя гарнітуры засталіся, як у бесьсьмяротным творы Міхаіла Афанасьевіча. Адна сакратарка (ці хто яна там) сядзіць і роспачна плача, сузіраючы гарнітуры ў гальштуках, якія падпісваюць чарговыя загады аб «прыняць, звольніць, скараціць, пашырыць, звузіць».

Але прафкам жа ёсьць, які «абараняе інтарэсы працаўнікоў»! Ага, а вось там слухаўку здымаюць. О жанчыны, імя ваша — падманлівасьць! Ёсьць нейкі чалавек! Прадстаўляюся — імя, імя па-бацьку, журналіст.

— Прафсаюзны камітэт? Вы можаце пракамэнтаваць інфармацыю, якія меры прыняў прафкам для абароны працаўнікоў, якія ідуць у вымушаны адпачынак?

— Я вось — працаўнік прафкаму! Так! А вы хто — я ня бачу, і ня веру, што вы журналіст.

— Я прыеду да вас, з пасьведчаньнем, і вы ўбачыце, што я журналіст.

— Я ўсё ж ня веру вам! Быць можа, што вы афэрыстка!

— Я — афэрыстка!? У такім выпадку і вы не працаўнік прафсаюзнага камітэту. Адкуль я ведаю, хто там у прафкаме слухаўку здымае?

— Вы дакладна ўгадалі! Я не з прафкаму, я тут прыбіраю проста і чыста выпадкова зьняў слухаўку!

Людцы мае, што ж гэта дзеецца на свеце? Начальнікаў няма, прафкам захапілі прыбіральшчыкі, і лаюцца па тэлефоне!

Трэба скардзіцца! Толькі куды? Можа сьвятой вадой пакрапіць? Усё астатняе, здаецца, спрабавалі....

Працяг будзе...

Алена Германовіч

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG