Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёлета жыльля ў Беларусі пабудавалі на чвэрць меней, чым летась


Belarus - New construction in Homel, 20Feb2014

Belarus - New construction in Homel, 20Feb2014

У студзені-лютым 2016 году арганізацыямі ўсіх формаў уласнасьці ў Беларусі пабудавана 8,2 тысячы новых кватэр. Уведзена ў эксплюатацыю 746,1 тысячы квадратных мэтраў агульнай плошчы жыльля.

Пра гэта паведамляецца на афіцыйным сайце Нацыянальнага статыстычнага камітэту.

Калі параўноўваць прыведзеныя лічбы з адпаведнымі дадзенымі год таму, то сёлета кватэр пабудавана на адну тысячу меней. Зразумела, што і плошча іх таксама меншая — на 250 тысяч «квадратаў», або на 25%.

Беларускія ўлады заўжды падкрэсьліваюць, што яны надзвычай клапоцяцца пра «простага грамадзяніна». А таму, мабыць, і абазначылі асобнай лічбай колькасьць жыльля, якое здадзена для грамадзян, што стаяць на ўліку для паляпшэньня жыльлёвых умоў. Сёлета для іх пабудавалі 266,5 тысячы «квадратаў». І тут таксама зроблены крок назад. Нават больш істотны, бо летась адпаведны паказьнік складаў 421,1 тысячы квадратных мэтраў.

«Колькасьць новых кватэр будзе і надалей зьмяншацца», — камэнтуе сытуацыю для Радыё Свабода кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук:

«Тут шмат прычын. Грошы дарагія, людзі бяднеюць. Нацыянальны банк трымае грошы і не дае іх на будоўлю жыльля, бо такая кропка росту сябе ўжо вычарпала.Усё тое, што пачалі будаваць, мабыць дабудуюць. Але самае дрэннае пачнецца недзе праз год, калі новыя дамы ніхто ня будзе закладаць. Таму праз год-два нас чакае моцны правал з уводам жыльля ў эксплюатацыю».

XS
SM
MD
LG