Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітычнае рэха выбухаў у Брусэлі


Магчымыя палітычныя наступствы сэрыі тэрактаў у сталіцы Бэльгіі — зьмена палітыкі адносна мігрантаў, абмежаваньні правоў чалавека, наземная апэрацыі ў Сырыі супраць «Ісламскай дзяржавы».

Дракахруст: Сёньня ў Брусэлі адбыліся выбухі ў аэрапорце і на станцыі мэтро. Паведамляецца пра прынамсі 26 загіблых і прынамсі 130 параненых. Акрамя аэрапорту выбух адбыўся ў мэтро на станцыі Маэльбэк, блізка ад інстытуцыяў Эўразьвязу. Пасьля выбухаў Эўракамісія вырашыла спыніць працу і зачыніць свой будынак. Чатыры дні таму ў Брусэлі быў затрыманы Салах Абдэслам — асноўны падазраваны па справе аб лістападаўскіх атаках ў Парыжы. Цяпер ён дае паказаньні. Некалькі дзён таму міністар замежных спраў Бэльгіі Дыдзье Рэйндэрс заявіў, што Абдэслам плянаваў новыя тэракты — цяпер ужо ў Бэльгіі. Рэйнэдрс таксама сказаў, што ўлады ўспрынялі гэтыя словы ўсур’ёз, таму што «была знойдзеная вялікая колькасьць зброі і выбухоўкі падчас першых ператрусаў, і мы выявілі вялікую сетку людзей, якая ўтварылася вакол яго ў Брусэлі».

Ня выключана, што сёньняшнія выбухі ў Брусэлі — своеасаблівы адказ тэрору на пасьпяховы арышт Абдэслама і зьнішчэньне кіраванай ім тэрарыстычнай сеткі. Тэрарысты помсьцяць за арышт паплечнікаў і дэманструюць, што арышты не перашкодзілі ім дзейнічаць. Падобныя выбухі адбываюцца ва ўсім сьвеце, яны каскадам ідуць у Турэччыне, фактычна штотыдзень і нават часьцей. Але выбух у Эўропе прынамсі Эўропай успрымаецца больш балюча і хваравіта. Вельмі сымбалічным уяўляецца спыненьне працы Эўракамісіі, нават, так бы мовіць, урад аб’яднанай Эўропы не адчувае сябе ў бясьпецы, дык што казаць пра звычайных грамадзянаў. Відавочным наступствам сёньняшніх тэрактаў стане далейшае ўмацаваньне бар’ераў на шляху мігрантаў з Блізкага Ўсходу.

Хаця ня факт, што злачынства ўчынілі менавіта нядаўнія мігранты, але людзі будуць патрабаваць ад уладаў рашучых дзеяньняў і скараціць хвалю мігрантаў — гэта тое нямногае, што можна практычна зрабіць. Ня выключана, што эўрапейскія і амэрыканскія сілы ўзмоцняць удары па пазыцыях «Ісламскай дзяржавы» ў Сырыі. Аднак, гледзячы па ўсім, без наземнай апэрацыі зьнішчыць гэтае тэрарыстычнае ўтварэньне не атрымаецца, а ці падштурхнуць тэракты ў Брусэлі да такой апэрацыі — гэта наўрад ці. Што да Беларусі, то сёньняшнія падзеі, як і тэракты ў Парыжы, аслабяць, прынамсі на час, праэўрапейскія настроі, гэта яшчэ адна фарба ў вобраз Эўропы як краю, дзе небясьпечна, дзе страляюць і ўзрываюць.

Цыганкоў: Вядома, існуе пэўны сымбалізм у тым, што тэракты былі ўчыненыя менавіта ў Брусэлі, сталіцы Эўропы, тым больш каля будынку Эўракамісіі. Гэта каб ні ў каго не ўзьнікала сумневаў, што гэта ўдар па Эўропе як палітычнай структуры.

Канешне, хаця гэта і не зьвязана наўпрост, але чыста на псыхалягічным узроўні гэта будзе ўплываць на прыняцьце рашэньняў эўрапейскімі палітыкамі па пытаньні ўцекачоў. Таксама, натуральна, гэта зробіць яшчэ больш адмоўнымі грамадзкія настроі эўрапейцаў наконт пытаньня ўцекачоў.

Тэрарысты хочуць даказаць, што Эўропа слабая, што яна ня здольная супраціўляцца тэрору. Калі пасьля тэрактаў у Парыжы асноўны пасыл эўрапейскіх палітыкаў быў, што «мы не дазволім зьмяніць наш лад жыцьця, нашы свабоды і правы» — то думаю, цяпер усё будзе ня так адназначна. Калі тэрор становіцца не адзінкавым актам, а арганізаванай хваляй — то грамадзтва і ўлады вымушаныя будуць неяк рэагаваць.

Тэрарысты хочуць даказаць, што Эўропа слабая, што яна ня здольная супраціўляцца тэрору

Рэагаваньне можа адбывацца па ізраільскім узоры — то бок калі на вуліцах будзе больш сустракацца узброеных людзей, калі спэцслужбы атрымаюць больш паўнамоцтваў і магчыма, фінансаваньня, і калі грамадзтва будзе больш спрыяльна ставіцца да такіх крокаў. Сам Ізраіль не адразу прыйшоў да такой палітыкі. У 70-я гады там адбыўся захоп школы, пасьля чаго памянялася стаўленьне ізраільцян да прысутнасьці ўзброеных людзей на сваіх вуліцах. Пасьля бэльгійскіх тэрактаў адбудзецца зрух у поглядах эўрапейскіх людзей і палітыкаў. Калі парыскія тэракты зрабілі першы крок на гэтым шляху, то бэльгійскія зробяць яшчэ адзін.

Карбалевіч: Так, палітычна знакавы ўдар быў зроблены ў сталіцы Эўропы, каля будынкаў галоўных эўрапейскіх структураў. Я задаю пытаньне, ці маглі тэрарысты так хутка падрыхтаваць гэтыя выбухі пасьля антытэрарыстычнай апэрацыі, нядаўна праведзенай у Брусэлі. А што тычыцца параўнаньня з Турэччынай, мне падаецца, што там хутчэй актывізаваліся курды.

Дракахруст: Мяркую, туркам ад таго не лягчэй.

Карбалевіч: Ну, так. Падчас папярэдніх выбухаў многія мэдыі наракалі на дзейнасьць спэцслужбаў. І ўзьнікла дыскусія, ці могуць спэцслужбы ў прынцыпе прадухіліць падобныя акты? Напрыклад, у ЗША пасьля 2001 году такіх знакавых палітчына рэзанансных выбухаў не было. А для ісламістаў ЗША — гэта «галоўны сатана». Таму дзеяньні амэрыканскіх спэцслужбаў больш эфэктыўныя за эўрапейскія.

Цыганкоў: Рэакцыяй амэрыканцаў на 9/11было ўварваньне ў Аўганістан, дзе яны шукалі структуры Бен Ладэна, знайшлі іх і зьнішчылі. Гэта было першаснай прычынай адсутнасьці тэрактаў, дзейнасьць спэцслужбаў — другаснай.

Карбалевіч: Я думаю, зараз на першы плян выходзіць існаваньне «Ісламскай дзяржавы» на тэрыторыі Іраку і Сырыі. Хоць шмат экспэртаў кажа, што ваенная ліквідацыя ІД дзяржавы мала што дасьць, паколькі ісламісцкія групы не маюць адзінага цэнтру, існуюць у падпольлі, але само існаваньне «Ісламскай дзяржавы», гэтай мадэлі халіфату — гэта маральная падтрымка ўсіх ісламістаў у сьвеце. Як калісьці існаваньне Савецкага Саюзу было маральнай падтрымкай усіх камуністаў у сьвеце.

Праблема правоў чалавека, што вельмі актуальна для беларускай грамадзянскай супольнасьці, ізноў адсоўваецца на другі плян

І тое, што два гады ўся сусьветная супольнасьць не можа задушыць гэтую ракавую пухліну чалавецтва — гэта сьведчыць пра бясьсільле, бясьсільле асноўных міжнародных актораў, у тым ліку і вялікіх дзяржаў. Тут, зразумела, пэўная роля і Эўрапейскага Зьвязу. Вось у Лібіі Эўразьвяз ці асобныя яго краіны актыўна ўмяшаліся ў грамадзянскую вайну, а наконт Ісламскай дзяржавы не могуць сабрацца і арганізаваць наземную апэрацыю.

Праблема ўцекачоў з ісламскіх краін зноў абвастраецца. Гэта прывядзе зноў да росту ўплыву правых партый. Праблема Шэнгенскай зоны зноў паўстане на парадку дня. Магчыма, гэта нейкім чынам паўплывае на больш спакойнае стаўленьне Эўропы да Расеі, бо ў гэтай барацьбе з ісламскімі тэрарыстамі ў прынцыпе Расея можа выступіць і саюзьнікам. Праблема правоў чалавека, што вельмі актуальна для беларускай грамадзянскай супольнасьці, ізноў адсоўваецца на другі плян.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG