Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Георгія Гангадзэ пахавалі праз 15 год пасьля забойства


Цела вядомага ўкраінскага журналіста пахавалі на тэрыторыі храма ў цэнтры Кіева. На разьвітаньне прыйшлі каля паўтысячы чалавек.

У кіеўскай Аўтакефальнай праваслаўнай царкве Мікалая Набярэжнага 22 сакавіка хаваюць забітага ў 2000 годзе журналіста Георгія Гангадзэ.

Ён будзе пахаваны на тэрыторыі храму пад вялікім крыжам са звонам.

На цырымоніі разьвітаньня прысутнічалі агулам каля паўтысячы чалавек, у іх ліку жонка нябожчыка Міраслава Гангадзэ з дочкамі, а таксама палітыкі Ўладзімер Стрэтовіч, Тарас Чарнавол, Ігар Жданаў і Ірына Герашчанка, былы амбасадар Грузіі ва Ўкраіне Грыгол Катамадзэ, сьпявак Сьвятаслаў Вакарчук і палітык Аляксандар Мароз, які першым абнародаваў запіс маёра Мельнічэнкі, што прадэманстраваў датычнасьць да выкраданьня і забойства высокапастаўленых асобаў.

Аляксандар Мароз

Аляксандар Мароз

Заяву Міраславы Гангадзэ ў сувязі з пахаваньнем перадаў сябра сям’і, хросны бацька адной з дачок Георгія Яўген Глыбывіцкі:

«Сёньня Георгі Гангадзэ будзе пахаваны годна, як і заслугоўвае кожны чалавек. Але з пахаваньнем ня спыніцца ягоная справа. Тыя, хто замаўляў забойства, рана ці позна павінны быць асуджаныя за злачынства».

Іншых камэнтароў родзічы Гангадзэ даваць ня сталі, бо лічаць пахаваньне прыватнай справай. Яны прасілі, каб палітыкі на цырымоніі не выступалі, каб не было фота- і відэаздымак.

Журналіст і заснавальнік «Украінскай праўды» Георгі Гангадзэ зьнік у 2000 годзе, у тым жа годзе яго забілі. Абезгалоўленае цела знайшлі ў тым жа годзе, з таго часу яно знаходзілася ў кіеўскім моргу — яго не маглі пахаваць, бо часткі цела фігуравалі ў крымінальнай справе як рэчавыя доказы. У забойстве абвінавацілі чатырох былых супрацоўнікаў дэпартамэнтаў зьнешняга назіраньня і крымінальнага вышуку. Адзін зь іх атрымаў 13 год зьняволеньня, два — па 12, а яшчэ аднаму, былому начальніку галоўнага ўпраўленьня крымінальнага вышуку МУС генэралу Аляксею Пукачу, прысудзілі пажыцьцёвае зьняволеньне.

Тарас Чарнавол

Тарас Чарнавол

«Я думаю, што калі-небудзь усе імёны будуць названыя, — сказаў журналістам Тарас Чарнавол. — Ёсьць сьведкі, ёсьць сьведкі сьведак... Калі дайшлі да выканаўцаў, то, я думаю, у справе Гангадзэ вінаватых пакараюць».

Званьне Героя Ўкраіны ў жніўні 2005 году пасьмяротна прысвоіў Гангадзэ прэзыдэнт Віктар Юшчанка. Цяперашні прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка 21 сакавіка перадаў Залатую Зорку Героя Ўкраіны Міраславе Гангадзэ. Пахаваньня сына не пабачыла маці Георгія, Леся Гангадзэ, якая памерла ў канцы 2013 году. Як кажа сяброўка Георгія, журналістка Наталка Чангулі, тыя экспэртызы цела Гангадзэ, якія патрабавала правесьці маці, так і не зрабілі.

«Пахаваньне Гангадзэ — гэта кропка ягонага шляху, але гэта не азначае, што пастаўленая кропка ў крымінальнай справе, бо не пакараныя замоўцы гэтага страшэннага забойства, — падкрэсьлівае журналіст Павал Шарамет. — Нельга казаць, што сябры, родныя і ўкраінскія ўлады могуць супакоіцца. Я гэта кажу, бо 16 год таму быў выкрадзены мой сябра Дзьмітры Завадзкі, а таксама генэрал-маёр Захаранка і былы кіраўнік ЦВК Ганчар. За 16 год ня знойдзеныя целы, не пакараныя выканаўцы, не пакараныя замоўцы. Украіна дзякуючы справе Гангадзэ не ператварылася ў дыктатуру, як Беларусь».

XS
SM
MD
LG