Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справу смаленскай трагедыі будуць расьсьледаваць новыя пракуроры


Міністр юстыцыі, генэральны пракурор Польшчы Збігнеў Зёбра распарадзіўся сфармаваць новую групу пракурораў, якія працягнуць расьсьледаваньне прычынаў авіякатастрофы пад Смаленскам у 2010 годзе. Пра гэта паведаміла сёньня прэс- служба міністэрства.

Працу групы ўзначаліць намесьнік генпракурора Марэк Пасянок. «Задача групы — поўны, комплексны аналіз усіх матэрыялаў, зьвязаных з трагедыяй пад Смаленскам. Ён будзе датычаць як галоўных вэрсій, так і другарадных», — адзначыў Зёбра. — " Мы зробім усё, каб праўда выйшла на паверхню».

Пракуроры з галоўнай ваеннай пракуратуры, якія раней якія займаліся гэтай справай, пераведзеныя на працу ў іншыя падразьдзяленьні. Гаворка ідзе пра сем супрацоўнікаў. Паводле польскага міністэрстве абароны, «гэта звычайныя кадравыя перастаноўкі». Звольненыя са сваіх пасадаў пракуроры тым часам плянуюць аспрэчыць прынятае рашэньне.

На мінулым тыдні галоўная ваенная пракуратура Польшчы перанесла яшчэ на паўгода — з 10 красавіка да 10 кастрычніка — тэрмін завяршэньня расьсьледаваньня авіякатастрофы пад Смаленскам.

Авіякатастрофа пад Смаленскам 10 красавіка 2010 года забрала жыцьці 96 чалавек, у тым ліку прэзыдэнта Польшчы Леха Качыньскага. Афіцыйная дэлегацыя, якая складалася з чыноўнікаў высокага рангу і грамадзкіх дзеячаў, ляцела ў Катынь для ўдзелу ў памятных мерапрыемствах. Галоўнай з афіцыйна прынятых вэрсій дагэтуль застаецца памылка пілётаў у складаных умовах пасадкі.

XS
SM
MD
LG