Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч: Вашчыкоўскаму буду казаць пра Белсат, Радыё Рацыя і праграму Каліноўскага


Аляксандар Мілінкевіч

Аляксандар Мілінкевіч

Старшыня руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч возьме ўдзел у сустрэчы апазыцыйных палітыкаў зь міністрам замежных спраў Польшчы Вітольдам Вашчыкоўскім.

У інтэрвію Свабодзе Вітольд Вашчыкоўскі сказаў, што спадзяецца на аднаўленьне суседзкіх кантактаў паміж Польшчай і Беларусьсю.

Аляксандар Мілінкевіч лічыць, што візыт будзе мець сур’ёзныя пазытыўныя наступствы як для Беларусі, так і для Польшчы.

— Спадар Аляксандар, гэты візыт мае практычны ці сымбалічны характар? Якія могуць быць яго вынікі?

— Гэты візыт, безумоўна, сымбалічны. Але ён будзе мець сур’ёзныя палітычныя наступствы. І для Беларусі, і для Польшчы.

Па-першае, гэта адзін зь першых візытаў новага міністра замежных спраў Польшчы. І тое, што гэты візыт будзе зроблены ў Менск, паказвае стаўленьне да адносінаў Беларусі і Польшчы.

Супрацоўніцтва, якое будзе наладжана ў выніку візыту, будзе вельмі пазытыўнае — і ў бізнэсе, і ў грамадзкай сфэры.

Па-другое, мэта гэтага візыту. Польшча разумее, што ў Беларусі ёсьць праблемы з дэмакратыяй і правамі чалавека — ніхто ў гэтым не сумняецца. Але ў Польшчы лічаць так: чым бліжэй Беларусь будзе да Варшавы і Брусэля, тым далей яна будзе ад Масквы. Гэта вельмі сур’ёзнае пытаньне, бо Масква — агрэсар, які праводзіць палітыку анэксіі, і Беларусь таксама пад пагрозай як ніколі.

Супрацоўніцтва, якое будзе наладжана ў выніку візыту, будзе вельмі пазытыўнае — і ў бізнэсе, і ў грамадзкай сфэры. Я маю надзею, што будзе абмеркавана пытаньне Саюзу палякаў, якое тэрмінова трэба вырашаць і для Беларусі, і для Польшчы. Трэба вырашаць памежныя праблемы — найперш, бязьвізавы абмен. Ёсьць шмат пытаньняў.

Я вельмі цешуся гэтаму візыту, таму што ранейшая палітыка таксама была на маральных пазыцыях, але яна была бяз шчыльнага супрацоўніцтва. У ідэале трэба, каб супраца грунтавалася на маральных пазыцыях, але каб ішоў дыялёг, які прыводзіць да рэальнай супрацы. Я таксама маю надзею, што ў выніку такіх візытаў будзе павялічвацца шанс на ўнутрыбеларускі дыялёг, які таксама неабходны для абароны незалежнасьці.

— У інтэрвію Свабодзе Вітальд Вашчыкоўскі падкрэсьліў, што Беларусь знаходзіцца пад пагрозай з боку «русского мира». Як вы лічыце, ці скажа ён гэта падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам?

Палякі вельмі добра разумеюць пагрозу «русского мира». Калі мы кажам пра «русский мир», то ўздымаем праблемы падтрымкі беларускіх мэдыяў, разьвіцьця культурніцкіх праектаў, урэшце, падтрымкі беларускага адраджэньня.

— Несумненна. Я ўпэўнены, што на непублічных сустрэчах ён скажа яшчэ больш, чым сказаў у мэдыях. Палякі вельмі добра разумеюць пагрозу «русского мира». Калі мы кажам пра «русский мир», то ўздымаем праблемы падтрымкі беларускіх мэдыяў, разьвіцьця культурніцкіх праектаў, урэшце, падтрымкі беларускага адраджэньня. Мы кажам пра гістарычную самасьвядомасьць, якой не хапае беларусам, пра беларускую мову... Цэлы шэраг пытаньняў, якія палякам добра зразумелыя.

— Міністар наведае Курапаты. Чаму гэта важна?

— Гэта сымбалічны момант, які насамрэч вельмі важны, таму што і беларусы, і палякі вельмі моцна пацярпелі ў 20-м стагодзьдзі. І тое, што Вітальд Вашчыкоўскі едзе пакланіцца нявінным ахвярам, мае вельмі важнае значэньне. Там пахаваныя і беларусы, і палякі, і габрэі, і прадстаўнікі іншых народаў. Калі пануе дыктатура, то церпяць усе.

Таксама важна, што міністар завітае ў Ваўкавыск, дзе наведае магілы сваіх продкаў — гэтым ён пакажа пэрсанальнае стаўленьне да нашай краіны. Калі міністар разумее, што яго дзяды-прадзеды зь Беларусі, гэта яшчэ больш умацоўвае эмацыйны фактар адносінаў паміж нашымі краінамі.

— Што вы скажаце на сустрэчы зь міністрам? На якіх пытаньнях будзеце акцэнтаваць яго ўвагу?

Вельмі важна, каб палякі працягвалі падтрымку беларускага адраджэньня. Найперш гэта тычыцца тэлеканала «Белсат», Радыё Рацыя і праграмы Каліноўскага.

— Мы будзем дыскутаваць важныя для беларускага грамадзтва пытаньні. Што тычыцца мяне, то я буду казаць пра нацыятворчыя пытаньні. Гэта важна, таму што, напрыклад, французы і немцы горш разумеюць, чаму беларусам так важна адраджаць сваю нацыянальную ідэнтычнасьць — беларускую мову, культуру, гісторыю. А палякі гэта выдатна разумеюць. Бо яны таксама былі ў межах царскай імпэрыі. Палякі шмат зрабілі, каб захаваць сваю нацыю і пасьля адрадзіцца. Я лічу: вельмі важна, каб палякі працягвалі падтрымку беларускага адраджэньня. Найперш гэта тычыцца тэлеканала «Белсат», Радыё Рацыя і праграмы Каліноўскага. Я лічу, што гэта стратэгічныя рэчы, якія былі створаныя даўно і выдатна працуюць да гэтага часу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG