Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мельянцоў: Цяпер магчымы будзе візыт у Беларусь польскага прэзыдэнта Анджэя Дуды


Дзяніс Мельянцоў

Дзяніс Мельянцоў

Апошнім часам акрэсьліўся трэнд на паляпшэньне беларуска-польскіх адносінаў, пра што сьведчыць візыт у Беларусь міністра замежных спраў Польшчы Вітальда Вашчыкоўскага 22–23 сакавіка.

Такое меркаваньне ў інтэрвію Свабодзе выказаў старшы аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў (BISS) Дзяніс Мельянцоў.

Міністар замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі 22–23 сакавіка будзе ў Беларусі з афіцыйным візытам. Ён мае паразмаўляць з Аляксандрам Лукашэнкам, Уладзімерам Макеем, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці і палітычнай апазыцыі, наведаць Ваўкавыск (дзе пахаваныя продкі міністра па матчынай лініі) і Курапаты, сустрэцца з польскай меншасьцю, завітаць у польскамоўную школу.

— Візыт міністра замежных спраў Польшчы Вітальда Вашчыкоўскага можна лічыць знакавай падзеяй для беларуска-польскіх адносінаў?

Мы бачым па апошнім годзе, што як беларускі бок рабіў такія пэўныя крокі ў бок паляпшэньня адносінаў з суседняй Польшчай, так і Польшча пасьля прыходу новага ўраду зрабіла істотны паварот, каб палепшыць адносіны зь Беларусьсю.

— Безумоўна, бо, калі не памыляюся, гэта першы візыт кіраўніка МЗС Польшчы за апошнія 20 гадоў. Быў, вядома, візыт Сікорскага ў 2010-м, але ён быў у іншым фармаце, не двухбаковым. Тады вырашаліся пытаньні беларуска-эўрапейскіх дачыненьняў, а цяпер якраз надышоў такі час, калі вырашаюцца праблемы ў беларуска-польскіх адносінах. Мы бачым па апошнім годзе, што як беларускі бок рабіў такія пэўныя крокі ў бок паляпшэньня адносінаў з суседняй Польшчай, так і Польшча пасьля прыходу новага ўраду зрабіла істотны паварот, каб палепшыць адносіны зь Беларусьсю. Таму — так, можна сказаць, што гэты візыт вельмі знакавы, сымбалічны, ён вельмі важны для далейшага разьвіцьця двухбаковых адносінаў.

— А якая практычная мэта гэтага візыту? На што разьлічвае Варшава і на што разьлічвае Менск?

— Звычайна падчас такіх візытаў нейкія прарыўныя пытаньні не вырашаюцца. Гэта візыт сымбалічны, ён павінен прадэманстраваць, што сапраўды Варшава нацэлена на разьвіцьцё добрасуседзкіх адносінаў зь Беларусьсю. Ён таксама нацэлены на тое, каб паглядзець на сытуацыю ўнутры краіны, сустрэцца з тымі афіцыйнымі асобамі, якія ў Беларусі фармуюць замежную палітыку. Ну, і яшчэ таксама ня могуць ня быць закранутыя такія балючыя пытаньні ў беларуска-польскіх адносінах, як Саюз палякаў, становішча польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі і, магчыма, малы памежны рух, дамова аб якім была заключана амаль 6 год таму і так не ўвайшла ў сілу. Вядома, бакі будуць абмяркоўваць і гэтае пытаньне. Але, на маю думку, самы важны момант — менавіта палітычная сымбалічнасьць. Візыт гэты павінен паказаць перш за ўсё, што і Польшча, і Беларусь нацэленыя на паляпшэньне адносінаў.

— Агрэсіўная палітыка Масквы ў рэгіёне ўплывае сёньня на беларуска-польскія адносіны?

Палітыка Расеі стала пэўным стымулам для таго, каб адносіны ў рэгіёне наладжваліся, у тым ліку паміж Беларусьсю і яе суседзямі.

— Безумоўна, гэта важны фактар. Уплывае і канфлікт на Данбасе, і больш напружаная сытуацыя ў адносінах Расеі і Захаду. Вядома, што і краіны, якія знаходзяцца па пэрымэтры Расеі, і блізкія суседзі, як Польшча, — яны ня могуць не рэагаваць. Адсюль і дадатковае разгортваньне натаўскай інфраструктуры, адсюль і праграмы пераўзбраеньня ў краінах Балтыі і Польшчы. Таму, вядома, палітыка Расеі стала пэўным стымулам для таго, каб адносіны ў рэгіёне наладжваліся, у тым ліку паміж Беларусьсю і яе суседзямі.

— Чаму зацягваецца запуск малога памежнага руху? Праблема ляжыць выключна ў палітычнай плоскасьці?

— Ня толькі. Тое, што адносіны Беларусі з Польшчай пасьля выбараў 2010 году былі кепскія, гэта, вядома, асноўная прычына. Але цяпер найбольш важны фактар палягае ў вобласьці эканамічнай. Таму што беларускі бок падлічыў, што калі будзе адкрыты гэты малы памежны рух, то будзе вельмі вялікі адток капіталу зь Беларусі з-за таго, што беларускія грамадзяне будуць езьдзіць на закупы на польскую тэрыторыю. А там даволі значная колькасьць насельніцтва падпадае пад дзеяньне гэтага пагадненьня: гэта такія буйныя гарады, як Берасьце і Гародня, а з польскага боку — Беласток і іншыя гарады, куды звычайна беларусы езьдзяць на шопінг. Таму было падлічана, што цяпер, тым больш ва ўмовах эканамічнага крызісу і падзеньня беларускага рубля, вельмі нявыгадна, каб адбываўся такі малы памежны рух з-за магчымага адтоку валюты.

— Доўгі час праблема Саюзу палякаў у Беларусі была ў цэнтры ўвагі, але апошнімі гадамі гэтае пытаньне ўзгадваюць значна радзей. Тэма стала менш актуальнай для беларуска-польскіх адносінаў?

— Яна ня стала менш актуальнай. Польскія дыпляматы, польскія палітыкі ўвесь час гэтае пытаньне падымаюць, і ў польскай прэсе, і на разнастайных дыпляматычных мерапрыемствах. Але яно ня мела такой вастрыні, бо ў апошнія гады ня мела вырашэньня з-за кепскіх адносінаў. Таму гэтае пытаньне як невырашальнае адышло на другі-трэці плян. Цяпер, я думаю, яно будзе патроху актуалізавацца. Па меры таго, як будуць паляпшацца адносіны, і Беларусі трэба будзе дэманстраваць добрую волю, і польскаму боку таксама.

— Ці ёсьць пэрспэктывы павышэньня ўзроўню двухбаковых кантактаў? Ці магчымая сустрэча кіраўнікоў дзьвюх дзяржаў?

Пэрспэктывы тут добрыя, тым больш што Эўразьвяз адмяніў санкцыі і цяпер няма такой забароны на кантакты на вышэйшым узроўні, як гэта было раней.

— Я думаю, што пэрспэктывы тут добрыя, тым больш што Эўразьвяз адмяніў санкцыі і цяпер няма такой забароны на кантакты на вышэйшым узроўні, як гэта было раней. І найбольш лягічна, што першы візыт або беларускага прэзыдэнта, або кіраўніка адной з краін Эўразьвязу якраз павінен адбыцца з краінай — суседкай Беларусі. Мы памятаем, што падчас мінулай адлігі 2008–2010 году быў візыт Далі Грыбаўскайце. Цяпер, магчыма, гэта будзе візыт польскага прэзыдэнта Анджэя Дуды, тым больш што ўжо абазначылася пэўная лінія на паляпшэньне адносінаў. Таму гэта было б лягічна. Хоць я пакуль ня бачыў інфармацыі, якая б сьведчыла, што такі візыт рыхтуецца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG