Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казахстан: на выбарах перамагла прапрэзыдэнцкая партыя


З рэгіёнаў Казахстану паступалі паведамленьні аб парушэньнях на выбарах

У Казахстане ў нядзелю адбыліся датэрміновыя парлямэнцкія выбары. Папярэднія апытаньні на выхадзе з выбарчых участкаў сьведчаць пра перамогу кіруючай партыі прэзыдэнта краіны Нурсултана Назарбаева — 82 працэнты галасоў. Выбаршчыкі праявілі павышаную актыўнасьць, сьцьвярджае Цэнтральная выбарчая камісія, якая паведаміла, што на участках для галасаваньня яўка грамадзянаў з правам голасу склала ня менш за 77 працэнтаў.

Ад часу распаду Савецкага Саюзу ў сьнежні 1991 ў Казахстане яшчэ не было ніводных выбараў, якія прызнаваліся б заходнімі краінамі або міжнароднымі назіральнікамі як «свабодныя» ці «справядлівыя».

Карэспандэнты Радыё Свабода паведамляюць пра заўважаныя імі ў некалькіх рэгіёнах краіны укіды бюлетэняў і галасаваньні за членаў сям’і.

Прапрэзыдэнцкая партыя «Нур Атан» на праведзеных выбарах ня мела рэальных канкурэнтаў, якія прэтэндавалі б на перавагу ў 107-мясцовым мажылісе, ніжняй палаце парлямэнту.

Другое месца на выбарах, паводле дадзеных экзыт-полаў, займае, партыя «Ак жол», за якую прагаласавалі крыху больш за сем працэнтаў выбаршчыкаў. На трэцім месцы — Камуністычная народная партыя Казахстану, якая таксама набірае крыху больш за сем працэнтаў.

Аграрыі атрымалі два працэнты, апазыцыйныя сацыял-дэмакраты — 1,2 працэнта, і на апошнім месцы — экалягічная партыя «Бірлік», якая не набрала і паловы працэнта.

XS
SM
MD
LG