Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхару Бранску прыгразілі праблемамі за сьцяг Украіны на бальконе


Сьцяг Украіны Маханенка вывесіў 18 сакавіка — у другую гадавіну анэксіі Крыму.

У Бранску мясцовы жыхар Андрэй Маханенка зьвярнуўся ў Генэральную пракуратуру Расеі і да ўпаўнаважанага па правах чалавека з просьбай патлумачыць, ці зьяўляецца правапарушэньнем разьмяшчэньне на бальконе ўласнай кватэры сьцяга Ўкраіны і сымболікі іншых дзяржаў, зь якімі ў Расеі ўсталяваныя дыпляматычныя зносіны.

Пра гэта паведамляе праект «Адкрытая Расея».

Нагодай для звароту, як паведаміў Маханенка, стала тое, што 18 сакавіка паліцыянты «настойліва папрасілі» зьняць з балькона яго кватэры нацыянальны сьцяг Украіны. На пытаньне, на якой падставе Маханенка мусіць гэта зрабіць і які закон ён парушыў, паліцыянты не адказалі, прыстрашыўшы «праблемамі».

«Будучы законапаслухмяным грамадзянінам, дапускаючы, што названыя патрабаваньні супрацоўнікаў паліцыі заснаваныя на нейкім невядомым мне законе і не жадаючы сваёй сям’і праблем з аддзелам па супрацьдзеяньні тэрарызму і экстрэмізму, пра якія нас папярэдзілі, я зьняў сьцяг Украіны са свайго балькона да атрыманьня адказу на зварот», — заявіў Маханенка.

18 сакавіка ў гарадах Расеі прайшлі арганізаваныя ўладамі мітынгі і канцэрты ў сувязі з другой гадавінай анэксіі Крыму.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG