Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затэлефанаваў прыяцель і пытаецца:

– Вось прачытаў тэкст Сьвятланы Калінкінай пра арышт Чыжа. Напісала, што шкадуе яго. Адна назва чаго вартая – «Путь от золотого унитаза до тюремной параши особенно тяжел». А як ты ставісься да ягонага арышту?

– Мяне ягоны арышт не натхняе, толькі сумаваць і маркоціцца па ім таксама ня хочацца, – адказаў я. – Але гэта, трэба прызнаць, знакавы арышт.

Чыж хоць і вядомае прозьвішча, а пры тым назыўное, бо такіх, як ён – цэлы край, увесь, так бы мовіць, прыватны бізнэс. Людзі ягонага кола прызвычаіліся зарабляць свае вялікія ці ня надта вялікія грошы ў сыстэме, дзе іхная «крыша» з КДБ, МУС, Адміністрацыі альбо яшчэ якой канторы можа прыйсьці не па чарговую сваю прэмію, але па іх самых. Пры сустрэчы заміж вітаньня прамовіўшы сакрамэнтальнае:

– Выбачай. Ты ж ведаеш, нічога асабістага, проста бізнэс.

Што тычыцца ўласна камандзіра «Трайпла», то збольшага ў мяне да яго дзьве асабістыя прэтэнзіі: першая – калецтва майго гораду рознымі спарудамі ў Траецкім і каля цырка, другая – стан футбольнага менскага «Дынама». Але я шчыра дараваў бы яму абодва свае закіды, калі б тая вэрсія затрыманьня Чыжа, што была агучаная старшынём КДБ, аказалася рэальнай. Толькі ўявіце сабе: магутны Порш, пад сядзеньнем УЗІ, хуткасьць 220 км/г на віленскай шашы. У небе «Чорныя ястрабы» з Альфай на борце. Дзесьці на лясной паляне пад Лынтупамі чакае з заведзеным маторам і выстаўленымі закрылкамі Аэро А-200 з пілётам авантурыстам. Перастрэлка, скрываўленага Чыжа ў кайданках паказваюць па БТ. Альбо Аэро А-200, бліснуўшы крыламі ў сінім небе, пакідае «Ястрабаў» на мілай Бацькаўшчыне адно са сваёй чорнай дзюбай.

Перакананы, шмат хто як з прыхільнікаў так і непрыяцеляў Чыжа пажадаў бы яму «ўдачы ў баю», бо адчуў бы, што стрэлка часу зрушылася ў нашай краіне. Што чалавек вырашыў змагацца за СВАЁ. Але, відаць, сваё ня надта сваё... І, хутчэй за ўсё, апэрацыя адбылася па звыклай схеме, ціха і без прыгодаў.

Цяпер зьяўляецца шмат акалічнасьцяў і абставінаў затрыманьня, як яго самога, гэтак і раней затрыманых ягоных партнэраў. Усё выглядае банальна. Адзін, нечага баючыся, дзелячы грошы альбо некім ці нечым спакушаны, напісаў на другога заяву ў «органы», другі, сеўшы на нары, напісаў заяву ў адказ. Проза.

Мне больш даспадобы гісторыя іншага бізнэсоўца.

З крутога піке ў менскім бары яго вывелі два ружовыя анёлкі тэрміновай службы міліцыі. У пастарунку апрануты ў модны палітон і касьцюм, але расхрыстаны, з вырванымі гузікамі, ён п’яным выхлапам галасіў з-за кратаў абезьяньніка да мянтоў:

– Што вы вылупіліся, пасадзіце мяне ў турму. Чуеце, я хачу, каб вы пасадзілі мяне ў турму. Задралі вы сваімі ўказамі, праверкамі, візытамі, падатковай інквізыцыяй і прапановамі аб супрацоўніцтве. Не хачу! Чуеце, пасадзіце мяне ў турму! Пасадзіце!

Побач стаялі тыя ж два ружовыя анёлкі тэрміновай службы, падтрымвалі яго й складалі рэчы, што ад экспрэсіўнае прамовы павысыпаліся зь ягоных кішэняў: грошы, асадкі, паперы. Ціхенька пасьмейваліся бамжы, уголас рагаталі сяржанты. Афіцэр складаў пратакол.

– Усё, падпішыце. Квітанцыю на штраф атрымалі? Можаце лічыць, што вы сваё ўжо адседзелі. Едзьце дадому.

Ён прыехаў да мяне. Мы выпівалі і размаўлялі за жыцьцё.

– Ведаеш ня хочацца нічым займацца. Як пад калпаком нейкім. На працу, як на катаргу. Нават дома ня можна пазбавіцца. Так далей працягвацца ня можа, – сказаў ён, разьвітваючыся. Мы дамовіліся стэлефанавацца на наступны дзень.

На наступны дзень яго офіс накрылі людзі ў масках. Але ж нездарма голас лёсу вуснамі мянта ў пастарунку прамовіў яму: вы сваё адседзелі. Таму на працу ён добра спазьніўся і па дарозе ціхі званок супрацоўніцы ягонай фірмы паведаміў яму, што офіс закрыты, усе кіраўнікі арыштаваныя. Не вагаючыся, ён разьвярнуў свой магутны «мэрс», націснуў на газ і растаў у аблоках пылу ў напрамку расейскае мяжы. Лёс, як вядома, проста так нікому не спрыяе.

Пры ўсёй несувымернасьці гэтых фігур, кантэкст, у якім яны існуюць, аднолькавы. І вырашаюць праблемы яны таксама аднолькавыя. Вырашаюць толькі па-рознаму. Мне здаецца, што ключавая фраза: – Так далей працягвацца ня можа, – ёсьць адказам на пытаньне пра розны фінал гэтых гісторый. Чыж, відаць, лічыў, што так працягвацца можа, і голас ягонага лёсу змоўк.

Мне хочацца і я пэўны, што ўсё ў майго сябра атрымаецца нанова. Ён дзядзька з галавой, сумленьнем і чуе голас лёсу.

Дружа! Я жадаю табе «ўдачы ў баю»!

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG