Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура Бэрліну закрыла справу супраць журналіста расейскага Першага каналу


Пракуратура ня выявіла доказаў таго, што Іван Благой ўсьведамляў, што інфармацыя аб учыненьні злачынства не адпавядае рэчаіснасьці, сказаў DW адвакат Марцін Лютле.

Бэрлінская пракуратура спыніла расьсьледаваньне ў дачыненьні да карэспандэнта Першага каналу Івана Благога. Пра гэта DW паведаміў нямецкі адвакат Марцін Лютле, які раней выступаў з хадайніцтвам аб праверцы законнасьці сюжэту Благога пра нібыта выкрадзеную і згвалтаваную расейскамоўную дзяўчынку Лізу Ф.

Пракуратура ня ўбачыла «дастатковых падставаў для падазрэньня ва ўчыненьні злачынства», сказаў Лютле. Як вынікае з адказу ведамства, які ёсьць у распараджэньні DW, у сваім матэрыяле Благой «проста цытаваў выказваньні цёткі Лізы», у якіх гаварылася пра меркаванае ўчыненьне злачынства ў дачыненьні да дзяўчынкі. У матэрыяле таксама не сустракаецца выказваньняў пра тое, што ўсе ці большасьць уцекачоў учыняюць злачынствы сэксуальнага характару, і не ўтрымліваецца заклікаў да гвалту супраць уцекачоў, што жывуць у Нямеччыне, пазначана ў дакумэнце.

Пракуратура таксама не знайшла доказаў таго, што Іван Благой ўсьведамляў, што інфармацыя аб учыненьні злачынства не адпавядае рэчаіснасьці. Лютле растлумачыў DW, што ня зможа абскардзіць рашэньне пракуратуры, бо ня мае статусу пацярпелага.

У студзені Марцін Лютле зьвярнуўся ў пракуратуру Бэрліну з хадайніцтвам аб праверцы законнасьці сюжэту расейскага Першага каналу. Яго аўтар, журналіст Іван Благой, распавёў пра гісторыю меркаванага згвалтаваньня ў Бэрліне 13-гадовай расейскамоўнай дзяўчынкі мігрантамі з арабскіх краін. Лютле паведаміў DW, што тэлесюжэт зьняты ў духу расейскай прапаганды і служыць для распальваньня міжнацыянальнай варожасьці.

Паводле дадзеных уладаў, на працягу 30 гадзін адсутнасьці Лізы Ф. не былі ўчыненыя «ні згвалтаваньне, ні наогул якія-небудзь сэксуальныя дзеяньні». У ноч свайго зьнікненьня 11 студзеня дзяўчынка хавалася ад бацькоў дома ў свайго сябра. Пры гэтым у пракуратуры працягваецца сьледзтва па справе аб сэксуальным гвалце ў дачыненьні да дзяўчынкі, учыненым да 11 студзеня. Па гэтай справе праходзяць двое мужчын турэцкага паходжаньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG