Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўны падазраваны у парыскіх тэрактах пачаў даваць прызнальныя паказаньні


Салах Абдэслам
Салах Абдэслам

Пракуратура Бэльгіі вылучыла Салаху Абдэсламу і ягоным меркаваным саўдзельнікам афіцыйныя абвінавачваньні ў зьдзяйсьненьні тэрарыстычнага акту і забойстве, а таксама ў дачыненьні да дзейнасьці тэрарыстычнай арганізацыі.

Салах Абдэслам — нараджэнец Брусэлю, які мае францускае грамадзянства. Быў затрыманы падчас спэцапэрацыі ў прыгарадзе Брусэлю. Пры затрыманьні ён быў паранены ў нагу і зьмешчаны ў шпіталь, адкуль у суботу яго выпісалі і перавезьлі ў турму.

Разам з Абдэсламам абвінавачаньні ў прыналежнасьці да тэрарыстычнай арганізацыі прад’яўленыя мужчыну, які выкарыстоўваў псэўданімы Манір Ахмэд Алаадж і Амін Чукры. Акрамя гэтых двух, у тым жа доме, дзе быў схоплены Абдэслам, затрыманы нехта Абід А. Яго вінавацяць у дапамозе тэрарыстам. Таксама паведамляецца аб прад’яўленьні абвінавачваньняў жанчыне з імем Джаміля М. Хутчэй за ўсё, гаворка пра сям’ю, якая дапамагала Абдэсламу хавацца ад паліцыі.

Тым часам у Францыі разьлічваюць на хуткую экстрадыцыю Абдэслама, які лічыцца адным з двух злачынцаў, якія выжылі і заставаліся на волі. Ахвярамі сплянаваных імі тэрактаў у Парыжы сталі 130 чалавек.

Між тым, як заявіў бэльгійскі адвакат абвінавачанага Свэн Мары, яго кліент цяпер супрацоўнічае з правасудзьдзем і мае намер адмовіцца ад добраахвотнай экстрадыцыі ў Францыю. На што фэдэральны пракурор Эрык Ван дэр Сіпт адказаў: жадае ці не абвінавачваны падвергнуцца экстрадыцыі — пытаньне збольшага фармальнае. Проста калі ён пачне даваць паказаньні, працэс яго выдачы можа зацягнуцца, хоць і ненадоўга.

Прэм’ер-міністар Бэльгіі Шарль Мішэль у суботу на прэс-канфэрэнцыі сказаў, што палітычных пярэчаньняў супраць перадачы Абдэслама Францыі няма, але неабходна выканаць усе юрыдычныя фармальнасьці. На гэта спатрэбіцца па меншай меры два тыдні.

Як паведамляе Бі-Бі-Сі са спасылкай на францускую пракуратуру, 26-гадовы Абдэслам не адмаўляе, што знаходзіўся ў Парыжы падчас нападаў. У прыватнасьці, ён распавёў бэльгійскім сьледчым, што зьбіраўся падарваць сябе каля стадыёну Стад дэ Франс, але ў апошні момант перадумаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG