Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Біятлённы сэзон завершаны датэрмінова, беларусы не здабылі ніводнай узнагароды


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Зь меркаваньняў бясьпекі прынятае рашэньне адмяніць правядзеньне 20 сакавіка жаночага і мужчынскага мас-стартаў на заключным этапе Кубку сьвету па біятлёне ў расейскім Ханты-Мансійску. Спаборніцтвы завершаныя датэрмінова.

Прычынай скарачэньня праграмы выступаў — шквальны вецер, парывы якога дасягалі 24 мэтраў за сэкунду. З-за ўмоваў надвор’я жаночы мас-старт спачатку перанесьлі на чатыры гадзіны, бо ад раніцы вецер выкарчаваў некалькі дрэваў, а некаторыя ўчасткі трасы аказаліся заваленыя адарванымі галінамі.

Пасьля таго, як вецер паваліў мачту асьвятленьня наўпрост на стрэльбішча, спаборніцтвы давялося адмяніць. Дзеля гарантаваньня бясьпекі спартоўцаў і заўзятараў стадыён быў цалкам абясточаны. Гледачоў, якія прыйшлі на спаборніцтвы, папрасілі пакінуць Цэнтар зімовых відаў спорту. Згодна з мэтэапрагнозамі, вецер ня сьціхне цягам усяго дня.

Цырымонія закрыцьця этапу Кубка сьвету, якую ад пачатку плянавалася правесьці на стадыёне позна ўвечары, адбудзецца ў гатэлі «Алімпійская».

У адсутнасьць лідэра зборнай Беларусі, алімпійскай чэмпіёнкі і чэмпіёнкі сьвету Дар’і Домрачавай і жаночая, і мужчынская каманды ніяк ня могуць запісаць мінулы сэзон сабе ў актыў — пачынаючы ад мінулагодняга лістапада, ніводзін беларускі біятляніст так і не ўзьняўся на п’едэстал гонару. Такога правальнага выступу ў гісторыі беларускага біятлёну не было, бадай, яшчэ ніколі.

XS
SM
MD
LG