Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Мільянэр-«сэнатар» Шакуцін набыў палову трактарнага заводу ў Пакістане


Завод "Амкадор"

Завод "Амкадор"

Беларускі вытворца спэцтэхнікі «Амкадор» падпісаў пратакол аб набыцьці 50% пакістанскай кампаніі Fecto Belarus Tractors Limited. Гэтую інфармацыю пацьвердзіў TUT.BY начальнік аддзелу інвэстыцыйнага плянаваньня «Амкадора» Марат Хаміцаеў.

Кампанія Fecto Belarus Tractors Limited заснаваная Гуламам Мухамадам А. Фэкта ў 1952 годзе і спэцыялізавалася на продажы і вытворчасьці цукру, цэмэнту, МДФ ды іншых вырабаў.

У 1962-м Fecto наладзіла продаж савецкіх трактароў у Пакістане, а яшчэ праз 20 гадоў заснавала ўласную зборачную вытворчасьць. Пры гэтым асноўнай тэхнікай сталі машыны Менскага трактарнага заводу. За прамінулы час на пакістанскім рынку было рэалізавана 220 тысяч трактароў, а пасьля сьмерці Гулама Мухамада бізнэс атрымаў у спадчыну ягоны сын Раза Фекта.

Пасьля гэтага сямейны бізнэс зьведаў істотныя зьмены, зборачная вытворчасьць спынілася ў разьвіцьці. Толькі пасьля мінулагодняга візыту ў Пакістан Аляксандра Лукашэнкі бакі дамовіліся пра павелічэньне аб’ёму продажаў і стварэньне сучаснай зборачнай вытворчасьці. А нядаўна асноўны ўладальнік «Амкадору», «сэнатар» Аляксандар Шакуцін пагадзіўся выкупіць 50% долі пакістанскай кампаніі.

«Мы пачынаем мадэрнізацыю прадпрыемства ў Пакістане — цягам трох гадоў мяркуецца інвэставаць каля 20 мільёнаў даляраў. За гэты час хочам выйсьці на выпуск 30 тысяч адзінак тэхнікі», — адзначыў Марат Хаміцаеў.

На першым этапе плянуецца запусьціць два канвэеры: адзін будзе арыентаваны на зборку трактароў МТЗ, другі — спэцмашынаў «Амкадор». Акрамя таго, на ёмісты рынак Пакістану будуць прасоўвацца машыны «Гомсельмашу» ды іншых беларускіх вытворцаў сельскага абсталяваньня. Пры гэтым бакі не выключаюць, што назва тэхнікі можа быць зьмененая з улікам спэцыфікі мясцовага рынку. З разьвіцьцём тавараправоднай сеткі ёсьць жаданьне выйсьці на рынкі Аўганістану і Шры-Ланкі. Дывэрсыфікацыя рынкаў збыту праводзіцца найперш дзеля таго, каб не залежаць ад нэгатыўных працэсаў у эканоміцы Расеі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG