Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інваліды патрабуюць права на законную паркоўку — праз павелічэньне штрафу для парушальнікаў


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

На інтэрнэт-пляцоўцы https://petitions.by/, дзе даецца магчымасьць рэалізаваць сваё права на кіраваньне працэсамі праз звароты ў дзяржаўныя органы, зьмешчаная пэтыцыя ў Галоўнае ўпраўленьне ўнутраных спраў Менгарвыканкаму ад імя інвалідаў-вазочнікаў.

У ёй, у прыватнасьці, гаворыцца: звычайныя (здаровыя) уладальнікі транспартных сродкаў без ваганьняў займаюць парковачныя месцы, прызначаныя для інвалідаў — проста таму, што ім гэта здаецца зручным. Лёгіка зразумелая: штраф у дзьве базавыя велічыні — не сьмяротна, дый шанцы на міліцэйскі рэйд не вялікія. А калі павялічыць памер спагнаньня ў 5-7 разоў?

Вытрымка з пэтыцыі: «Праблема парковак для маламабільных грамадзянаў (інвалідаў) — адна з сур’ёзных сацыяльных праблемаў, якая, на жаль, недастаткова абмяркоўваецца. Як правіла, парковачныя месцы для інвалідаў разьмешчаныя максымальна блізка да ўваходу ў краму ці ўстанову і крыху шырэйшыя за звычайныя. Аднак менавіта гэтыя месцы ў самую першую чаргу імкнуцца заняць хто заўгодна, акрамя інвалідаў.

Пастаянныя скаргі ў Дзяржаўтаінспэкцыю і пэрыядычнае абмеркаваньне дадзенай праблемы ў СМІ не даюць належнага выніку. Спыніць вытокі падобных парушэньняў маглі б адпаведныя зьмены ў заканадаўстве, якія дазволілі б прыцягваць да адказнасьці ўладальнікаў аўтатранспарту, прыпаркаванага ў парушэньне правілаў на месцах, адведзеных для стаянкі машын інвалідаў, з павелічэньнем адміністрацыйнай адказнасьці за такое парушэньне да 5 або 7 базавых велічыняў.

Узмацненьне жорсткасьці адказнасьці дасьць магчымасьць стварыць больш сур’ёзныя гарантыі выкананьня кіроўцамі правілаў прыпынку або стаянкі ў месцах, адведзеных для транспартных сродкаў інвалідаў».

Даведка:
Артыкул 18:22. Парушэньне правілаў прыпынку і стаянкі транспартнага сродку, а таксама іншых Правілаў дарожнага руху.
1. Прыпынак або стаянка транспартнага сродку з парушэньнем Правілаў дарожнага руху цягнуць папярэджаньне або накладаньне штрафу ў памеры 1 б.в.
2. Дзеяньні, прадугледжаныя ч.1 гэтага артыкулу, учыненыя паўторна на працягу аднаго году пасьля накладаньня адміністрацыйнага спагнаньня за такія ж парушэньні, альбо неправамерная стаянка транспартнага сродку на месцы, адведзеным для стаянкі транспартных сродкаў інвалідаў, цягнуць накладаньне штрафу ў памеры 2 б.в.
3. Прыпынак або стаянка транспартнага сродку з парушэньнем Правілаў дарожнага руху альбо неправамерная стаянка транспартнага сродку на месцы, адведзеным для стаянкі транспартных сродкаў інвалідаў, зафіксаваныя працуючымі ў аўтаматычным рэжыме спэцыяльнымі тэхнічнымі сродкамі, якія маюць функцыі фота- і відэазапісу, цягнуць накладаньне штрафу ў памеры 1 б.в.
XS
SM
MD
LG