Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскіх школьнікаў вучаць беларускай мове і гісторыі ВКЛ пры дапамозе гульні «Кемлівы кот»


З ініцыятывы студэнткі Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Францішка Скарыны, маршалка моладзевай гісторыка-культурніцкай суполкі «Талака» Ліды Лешчанкі ў школах абласнога цэнтару сталі ладзіць інтэлектуальную гульню «Кемлівы кот». У суботу, 19 сакавіка, з падтрымкі пэдагагічнага калектыву гульня праходзіла ў гарадзкой сярэдняй школе №11.

Ліда Лешчанка

Ліда Лешчанка

Паўсотні кемлівых вучняў з васьмі школаў ды гімназіяў прыехалі сюды падужацца сваёй дасьведчанасьцю ў беларускай гісторыі, культуры й мове.

Дырэктарка школы Натальля Літвінава, адкрываючы турнір, заўважыла, што ён асаблівы, бо ладзіцца выключна па-беларуску:

«Упэўнена, што пераможа каманда, якая зазьзяе ня толькі інтэлектам, але й веданьнем роднай мовы».

Адзінаццатая школа, дарэчы, выставіла на інтэлектуальны турнір ажно дзьве каманды — «Кракавяк» і «Рэнтгенаўскія промні».

Сярэдняя школа №11

Сярэдняя школа №11

Вядоўца гульні Ліда Лешчанка зачытвае першае пытаньне: «Гэта тыповая котка, хоць велічынёю з буйную сабаку. У скандынаўскай традыцыі яна была зьвязана з багіняй Фрэяй. Лічылася, што яны запрэжаныя ў яе калясьніцу. Старажытныя грэкі верылі, што яе востры позірк здольны пранізваць наскрозь непразрыстыя прадмэты. Яе можна пабачыць на гербе аднаго з найбуйнейшых беларускіх гарадоў. Назавіце гэты горад!»
Хвіліна на роздум. Каманды гуртуючыся ў цеснае кола, перашэптваюцца.

Капітаны хуценька пазначаюць варыянты адказаў. Канчатковы — уносіцца ў адмысловы бюлетэнь. І праз хвіліну паўз каманды пралятае «ластаўка», ролю якой выконвае Ірына Карпенка, трэнэр і сябра журы — яна зьбірае пісьмовыя адказы, каб пакласьці на стол журы. Правільны адказ — адзін бал. Кампутарная праграма скрупулёзна падрахоўвае вынікі, уліваючы нават сотыя долі балу.

Два з паловай дзясяткі пытаньняў — самых разнастайных, самых нечаканых. Яны зьвязаны з гістарычнымі назвамі беларускіх рэк і гарадоў, плямёнамі, якія жылі на роднай зямлі, з паэзіяй Рыгора Барадуліна й Генадзя Бураўкіна, з першымі еўрапэйскімі ўнівэрсытэтамі, у прыватнасьці, Ягелонскім у Кракаве, дзе вучыліся ліцьвіны — продкі цяперашніх беларусаў.

Каманды гульцоў

Каманды гульцоў

У перапынку, калі знаўцы беларускай гісторыі выправіліся падмацаваць свае сілы гарбатай ды печывам, цікаўлюся ў гаспадыні «Кемлівага ката», што паспрыяла таму, каб ён пасяліўся ды прыжыўся ў горадзе над Сожам?

«Я вельмі даўно цікаўлюся беларускай культурай. Інтэлектуальнай гульнёй „Што? Дзе? Калі?“ таксама, бо мая маці была трэнерам гэтай гульні. Вось і падумалася: „А чаму б нам, беларусам, не гуляць у такую гульню па-беларуску, калі ў Расеі гэта робяць па-расейску, ва Ўкраіне — па-ўкраінску?“

Баліць сэрца, калі нашы дзеці ня ведаюць пра ВКЛ, ліцьвінаў, пра беларускія гарады, якія мелі Магдэбурскае права, калі ня ведаюць, што ў нас была агульная гістарычная спадчына з Эўропай. Хачу праз такія пытаньні раскрыць дзецям вочы — мы вялікая эўрапейская нацыя», — кажа Ліда Лешчанка.

Каманды гульцоў

Каманды гульцоў

Папярэднія два туры «Кемлівага ката» студэнтка, будучы дыплямаваны пэдагог ангельскай мовы, ладзіла ў сярэдняй школе № 12 і 51-й гімназіі. Першы зь іх, пробны, прайшоў у межах міжнароднага турніру «Калядная песьня» й спадабаўся многім школьнікам.

На сакавіцкім, трэцім туры, пераможцамі ў розных узроставых групах сталі каманды: «Ордэн Сонца», «Спарта» і «25 элемэнт».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG