Лінкі ўнівэрсальнага доступу

13 урокаў Плошчы-2006


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Як вядома, вялікае бачыцца на адлегласьці. За 10 гадоў адбылося шмат падзей, у прыватнасьці, дзьве прэзыдэнцкія кампаніі. Якія ўрокі можна вывесьці з той кампаніі 2006 году?

1.

Найбольш спрыяльны момант перамогі дэмакратыі — прэзыдэнцкія выбары. Права на ўладу трэба легітымізаваць. Прычым, як у вачах насельніцтва, так і ў вачах намэнклятуры. Ніякіх іншых спосабаў легітымізацыі, акрамя выбараў, не існуе.

2.

Важная абавязковая перадумова перамогі — заваёва апазыцыяй большасьці на выбарах. Чаго не было ў 2006 годзе. Псыхалягічнае адчуваньне, што мы ў меншасьці, скоўвае лідэраў і усіх удзельнікаў падзей.

Актыўная меншасьць, нават сьмелая і рашучая, ня можа перамагчы жорсткі аўтарытарны рэжым, калі не абапіраецца на падтрымку большасьці. Слабы аўтарытарны рэжым можа зваліць і актыўная меншасьць. Напрыклад, рэжым Бакіева ў Кыргызстане ў 2010 годзе скінула за адны суткі 20 тыс чалавек. Але нават слабы рэжым Януковіча ва Ўкраіне ў 2013-2014 гадах супраціўляўся амаль чатыры месяцы, у рэшце рэшт гэта вылілася ў грамадзянскую вайну. А моцны аўтарытарны рэжым, які існуе ў Беларусі, зрынуць значна цяжэй.

І народ падтрымае апазыцыю толькі тады, калі зьявіцца рэальная магчымасьць зьмены ўлады, каб абараніць электаральную перамогу. Калі перамогі няма, то зьнікае сэнс пратэсту. І ў сакавіку 2006 году штабам Мілінкевіча была вельмі цьмяна сфармулявана мэта акцыі на Плошчы. Пратэст супраць фальсыфікацый — слабая матывацыя. Бо з гледзішча абывацеля, якая розьніца колькі насамрэч набраў Лукашэнка, 51% ці 85%? Плошча — гэта фінальны акорд электаральнай перамогі.

3.

Апазыцыя мае шанцы на посьпех толькі ва ўмовах крызысу існай сацыяльнай мадэлі. І каб гэты крызыс стаў відавочныя для насельніцтва. Тады адбываецца страта даверу насельніцтва да ўлады, падзеньне рэйтынгу кіраўніка, маральная ізаляцыя рэжыму. Сёньня Беларусь блізкая да гэтай сытуацыі.

У 2006 годзе, дзякуючы нафтадалярам, беларуская мадэль была у стане росквіту, рэжым — на піку магутнасьці і падтрымкі грамадзтва. Рэйтынг Лукашэнкі быў самы высокі за ўсе прэзыдэнцкія кампаніі. У такой сытуацыі любая альтэрнатыва, найперш эканамічная, не ўспрымалася насельніцтвам. Невыпадкова галоўнай ідэяй кампаніі Мілінкевіча была ідэя свабоды. Нічога іншага апазыцыя прапанаваць не магла.

4.

Неабходнасьць кансалідацыі апазыцыі, існаваньне адзінага цэнтру прыняцьця рашэньняў. Інакш кажучы, патрэбны адзіны кандыдат ад дэмакратычных сілаў. Кампанія 2006 году паказала магчымасьць аб’яднаньня ўсёй апазыцыі: і правай, і левай. І няважна, што ня ўсе партыйныя структуры актыўна ўдзельнічалі у кампаніі. Больш важна, што ў такім выпадку адбываецца аб’яднаньне электарату.

Што бывае, калі няма адзінага кандыдата, паказалі прэзыдэнцкія кампаніі 2010 і 2015 гадоў. У 2015 годзе адсутнасьць адзінага пляну, нескаардынаванасьць дзеяньняў прывяла да разгрому апазыцыі пасьля 19 сьнежня. У 2015 годзе ніхто не сабраў неабходныя 100 тыс. подпісаў.

5.

Для перамогі над уладай неабходная шырокая кааліцыя самых разнастайных грамадзкіх сіл. Інакш кажучы, кааліцыя павінна быць значна шырэй, чым традыцыйны электарат апазыцыйных партый. Праблема кампаніі 2006 году палягала ў тым, што апазыцыі не ўдалося выйсьці за межы традыцыйнага электарату. Ідэя свабоды, якая ляжала ў аснове кампаніі Мілінкевіча, якраз і была зарыентавана на людзей з дэмакратычнымі каштоўнасьцямі. Ангажаваць тых, хто ня вызначыўся, балота, не ўдалося.

6.

Лідэру, адзінаму кандыдату ў прэзыдэнты ад дэмакратычных сілаў неабавязкова валодаць вялікай асабістай харызмай. Галоўнае, каб ён меў біяграфію, меў сур’ёзны досьвед кіраваньня, падыходзіў на ролю сымбаля пераменаў.

Аляксандар Мілінкевіч
Аляксандар Мілінкевіч

7.

Абавязковая ўмова посьпеху — гэта прарыў інфармацыйнай манаполіі ўладаў. У 2006 годзе гэта зрабіць не ўдалося. Улады мелі спрыяльныя ўмовы для дыскрэдытацыі апазыцыі. Але сёньня зьявіўся такі інстытут як інтэрнэт, чаго не было ў такім памеры 10 гадоў таму.

8.

Важнае значэньне мае масавае і эфэктыўнае выкарыстаньне сымболікі, рытуалаў i iншых сродкаў палітычнай камунікацыі. Гэта стварае моду, дапамагае стварыць уражаньне, што «нашых» шмат. У 2006 годзе значкі з нацыянальнай сымболікай сталі папулярныя сярод моладзі, асабліва студэнцкай.

Дарэчы, пазьней у Беларусі ж гэтую тэхналёгію пасьпяхова выкарыстоўвала ўлада. Напрыклад, падчас сьвяткаваньня Дня Незалежнасьці Менск запаўняецца сьцяжкамі з выяваю дзяржаўнага сьцяга. Ці паглядзіце, як выкарыстоўваюць прарасейскія сілы георгіеўскія стужкі.

9.

Фальсыфікацыі на выбарах выклікаюць выбух абурэньня толькі пры ўмове, калі большасьць насельніцтва адчуе сябе падманутай. Для гэтага неабходна шэраг перадумоваў: рэальная папулярнасьць апазыцыйнага кандыдата, давер да незалежных сацыялягічных службаў, шырокі кантроль за выбарамі і фармаваньне базы дадзеных аб фальсыфікацыях, добрыя інфармацыйныя камунікацыі апанэнтаў улады са сваімі прыхільнікамі і інш.

10.

У 2006 годзе апазыцыя паказала вельмі прафэсійны палітычны мэнэджмэнт. Яго вынікам стала зьяўленьне намётавага мястэчка. Гэта была самая арганізаваная вулічная акцыя ў гісторыі беларускай апазыцыі І яна стала нечаканай для ўладаў. Была добрая арганізацыя жыцьцядзейнасьці людзей у намётавым мястэчку. І гэта выглядае кантрастам у параўнаньні зь дзеяньнямі апазыцыі 19 сьнежня 2010 г.

11.

Першы тыдзень сакавіцкіх падзей 2006 г., намётавае мястэчка былі клясычным узорам «аксамітных рэвалюцый», то бок негвалтоўных. Да 25 сакавіка не было сілавых сутыкненьняў паміж пратэстоўцамі і органамі правапарадку. Пасьля гэтых падзеяў у апазыцыйным асяродзьдзі было шмат папрокаў на адрас Мілінкевіча. Маўляў, дзейнічаў нерашучы, нікуды не павёў народ, у выніку пратэст вялікай колькасьці людзей, якія выйшлі на Плошчу, быў расьцярушаны ўпустую. І нават брутальны разгон шэсьця на чале з Казуліным 25 сакавіка не паўплываў на гэтыя ацэнкі.

Таму 19 сьнежня 2010 году агульным лейтматывам сярод кіраўнікоў апазыцыі, кандыдатаў у прэзыдэнты была такая выснова: трэба дзейнічаць рашуча, ня так, як Мілінкевіч пяць гадоў таму. Рашучасьць вылілася ў тое, што зламалі дзьверы ў Доме ўраду. Чым гэта ўсё закончылася, добра вядома. Такім чынам, падзеі 19 сьнежня 2010 году апраўдалі Мілінкевіча.

Шмат людзей пазытыўна ставіцца да негвалтоўнага пратэсту. Першая ж сур’ёзная спроба гвалту адвярнула ад апазыцыянэраў сымпатыі значнай часткі абывацеляў, апраўдала ў вачах грамадзтва гвалтоўнае падаўленьне акцый пратэсту ўладамі. Народ заўсёды баіцца хаосу, гвалту, рэвалюцый і войнаў. Крывавы Майдан у Кіеве ў лютым 2014 году моцна траўмаваў беларускае грамадзтва, выклікаў моцную алергію на любыя вулічныя пратэсты.

12.

Посьпех апазыцыі немагчымы без спрыяльнага міжнароднага фону, замежнай падтрымкі. Пратэст 2006 году адбываўся пасьля пераможнай «памаранчавай рэвалюцыі» ва Ўкраіне, што надавала аптымізму і энтузіязму беларускім дэмакратам і моцна пужала ўладу. І наадварот. Як толькі зьявіліся першыя забітыя на кіеўскім Майдане ў лютым 2014 года, я напісаў блог пад назвай «Украінскі Майдан 2014 зьняверыў беларускую Плошчу 2015». Гэта было яшчэ да захопу Расеяй Крыму, да падзей на усходзе Ўкраіны. Так яно і здарылася.

19 сьнежня 2010
19 сьнежня 2010

Калі вяртацца да падзей 2006 году, то варта зазначыць, што ніколі ні раней, ні пазьней не было такой падтрымкі Захадам беларускай апазыцыі, як у 2005-2006 гадах. Ніколі больш тагачаснага лідэра беларускай апазыцыі, якім тады быў Аляксандр Мілінкевіч, не прымалі на такім высокім узроўні ў эўрапейскіх сталіцах. Бо, па-першае, пасьля пасьпяховай «памаранчавай рэвалюцыі» у Эўропе быў вялікі энтузіязм наконт пэрспэктываў «каляровых рэвалюцый» на постсавецкай прасторы. Па-другое, Мілінкевіч прадстаўляў аб’яднаную апазыцыю, што для эўрапейскіх палітыкаў было вельмі важна.

13.

Сёньня нават у апазыцыйным асяродзьдзі дамінуе ідэя «мірных пераменаў». Маўляў, мы выбіраем не рэвалюцыю, а эвалюцыю. Але насамрэч такой дылемы сёньня няма.

Беларуская трагедыя палягае ў тым, што сапраўдная дылема такая: рэвалюцыя ці дэградацыя.

Грамадзтва выбрала другое. І ў гэтым выбары існуе амаль кансэнсус. І ўлада, і грамадзтва, і большасьць апазыцыі адрынае вулічны пратэст. Толькі невялікая частка апазыцыі выступае за больш радыкальныя дзеяньні. Такая эвалюцыя беларускага соцыюму за 10 гадоў.

19.03.2016 г.

Меркаваньне аўтараў можа не супадаць зь меркаваньнем рэдакцыі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG