Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня адзначаюць 10 гадоў з дня пачатку пратэстаў на Кастрычніцкай плошчы Менску на знак нязгоды з фальшаваньнем прэзыдэнцкіх выбараў 19 сакавіка 2006 году. Гэта была самая масавая і працяглая акцыя пратэсту ў гісторыі Беларусі. Яна адбывалася з 19 па 24 сакавіка 2006 году. Улады жорстка разагналі яе, сотні чалавек былі арыштаваныя.

Радыё Свабода прапануе два дакумэнтальныя фільмы, якія паказваюць тыя падзеі:

Плошча

У фільме Юрыя Хашчавацкага “Плошча” Павал Севярынец, які адбывае пакараньне на “хіміі” ў вёсцы Малое Сітна, разважае пра стан беларускай правінцыі й яе пэрспэктыву. Паралельнай лініяй ідзе гутарка зь дзяўчынай Дашай, якая прыходзіла ўначы ў намётавы лягер і перажыла разам зь іншымі сотнямі ўдзельнікамі акцыі затрыманьне, суд і турму. Юры Хашчавацкі ў фільме кранае некалькі тэмаў: культуру, адукацыю, стасункі паміж уладай і чалавекам.

Фільм распаўсюджваўся у выглядзе бясплатных DVD-дыскаў па ўсёй Беларусі, атрымаў шэраг міжнародных узнагародаў.

Урок беларускай мовы

Фільм апавядае пра падзеі 2005—2006 гадоў, падчас прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Яго зьняў польскі рэжысэр Міраслаў Дэмбіньскі. Стужка паказвае беларускую рэчаіснасьць вачыма выпускніка зьліквідаванага ўладамі гуманітарнага ліцэю Франака Вячоркі.

Фільм быў прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім, атрымаў больш за 20 міжнародных узнагародаў, у тым ліку атрымаў некалькі гран-пры і Prix Europa.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG