Лінкі ўнівэрсальнага доступу

8 спосабаў аздобы велікодных яек


Набліжаемся да Вялікадня. Адным з самых пазнавальных ягоных сымбаляў застаецца фарбаванае яйка. Чым хутка і эфэктна аздобіць велікодныя яйкі? Як зрабіць прыгожую васкоўку? Што надае яйкам зялёны і блакітны колер? Як выглядае шкрабанка? Якім чынам упрыгожыць яйка бяз фарбы? Пра ўсё гэта ведае наша аўтарка Яна Шыдлоўская.

1.У цыбульным шалупіньні

Самы распаўсюджаны спосаб фарбаваньня яек — у моцным адвары з цыбулевага шалупіньня, якое беларускія гаспадыні пачынаюць зьбіраць ад Калядаў. Чым больш шалупіньня — тым больш насычаны колер маюць яйкі. Шалупіньне кідаюць у ваду, запарваюць, каля сутак даюць настаяцца. У халодны адвар з шалупіньнем кладуць яйкі і на малым агні пачынаюць варыць. Каб яйкі ня трэснулі, а колер лепш замацаваўся, адвар падсольваюць. Яйкі ў цыбульным шалупіньні можна варыць ад 12 хвілін да гадзіны.

У выніку атрымліваюцца розныя адценьні чырвонага і карычневага колеру — рудыя, барвовыя, сьветла- і цёмна-карычневыя. Чырвона-фіялетавы колер дае шалупіньне ад чырвонай салатнай цыбулі. Гэты спосаб фарбаваньня можна зрабіць больш складаным і цікавым, калі паспрабаваць аздобіць яйкі. Так, яйка можна пакласьці ў панчоху з шалупіньнем ад цыбулі, моцна завязаць з абодвух бакоў і зварыць у цыбульным адвары. Тады колер яйка атрымаецца нібы мармуровым. Яшчэ прыкладваюць да яйка лісткі пятрушкі ці галінкі кропу, перад варкай яйка абвальваюць у крупах (добра падыдзе рыс), абвязваюць ніткамі ці гумкамі, таксама кладуць у панчошку і вараць у цыбульным адвары. Атрымліваюцца прыгожыя яйкі з малюнкамі ды ўзорамі. Каб яйкі выглядалі больш прывабна, пасьля варкі іх можна крышачку абцерці сьметанковым маслам.

2. Каляровыя мармуровыя яйкі

Эфэкт рознакаляровага мармуру на яйках атрымаецца, калі варыць іх ў панчошцы з цыбульным шалупіньнем, апусьціўшы ў фарбавальнік іншага колеру.

3.Скрабанкі (шкрабанкі)

Яйкі ў Беларусі аздабляюць і мэтадам гравіроўкі — малюнак наносіцца на афарбаваную паверхню яйка вострым шылам ці іголкай. Такая тэхніка характэрная для многіх рэгіёнаў краіны. Працэс выскрабаньня даволі марудны і працаёмкі. Тым ня менш, валодаючы гэтай тэхнікай, можна аздобіць яйка сюжэтным малюнкам ці складаным арнамэнтам з дробнымі элемэнтамі.

4. Васкоўкі, альбо пісанкі

Тэхнікай васкаваньня аздаблялі яйкі з даўніх часоў. Пчаліны воск наносілі на яйкі, каб пры фарбаваньні захаваць іх натуральны колер. Гэта маглі быць простыя кропачкі гарачага воску, што капаў са сьвечкі, альбо больш складаныя ўзоры, нанесеныя вострым пісаком, якія мелі свой сэнс і адмысловыя значэньні. Каб атрымалася васкоўка, найперш яйка трэба добра памыць. На сухую паверхню яйка пісаком, невялічкім цьвічком ці нават звычайнай шпількай наносіцца малюнак воскам, які загадзя трэба растапіць. Расьпісанае яйка зноў мыюць, пасьля чаго на лыжцы апускаюць у воцат на некалькі сэкундаў. Цяпер яйка гатовае для афарбоўкі. Традыцыйна фарбы рабілі з натуральных інгрэдыентаў — гэта мог быць адвар з цыбульнага шалупіньня, кары дуба, вольхі, пупышак вішні, морквы, бурака, бярозавых лістоў. У фарбе яйка мусіць знаходзіцца 3-7 хвілінаў, пасьля чаго яму даюць падсохнуць. Каб пазбавіцца ад воску, неабходна паднесьці яйка да вагню. Неўзабаве воск становіцца мяккім і яго акуратна здымаюць сухой і мяккай анучкай. Гатовую каляровую васкоўку зь белым узорам можна нацерці алеем і адпаліраваць кавалачкам ваўнянай тканіны.

Можна фарбаваць пісанкі-васкоўкі і некалькі разоў, паступова здымаючы воск. Тады яйка атрымаецца цалкам рознакаляровым.

5. Яйкі ў ягадах

Вельмі мяккія і далікатныя адценьні надаюць яйкам натуральныя фарбы, здабытыя з ягадаў. Яйкі добра фарбуюцца сокам чарніцаў, брусьніцаў, журавінаў, малінаў, чорных парэчак. Лепш за ўсё падыдуць ягады, замарожаныя ўлетку. Ягадным сокам фарбуюць і ўжо звараныя яйкі, якія кладуць у моцна канцэнтраваны сок і даюць пастаяць. Можна паспрабаваць нацерці яйкі сырымі ягадамі — колер кладзецца на паверхню яйка нераўнамерна, але ад гэтага ня менш прыгожа. Чырвоны і ружовы колер атрымаецца, калі зварыць яйка ў адвары з кары вішні альбо зь вішнёвых галінак. Блакітным ці фіялетавым будзе яйка, зваранае ў адвары з мінулагодніх чарніцаў, брусьніцаў, дурніцаў альбо бузіны.

6. Яйкі, пафарбаваныя сокам з гародніны

Хутка і проста пафарбаваць яйкі, маючы пад рукой гародніну. Так, калі пакласьці гарачыя вараныя яйкі ў сок з морквы і дадаць у адвар некалькі лыжак куркумы, на Вялікдзень у вашым кошыку будуць ляжаць цудоўныя аранжавыя яйкі. Адценьні чырвонага і ружовага можна надаць яйкам, калі гатаваць іх на працягу дзесяці хвілінаў у бурачковым соку з воцатам. Чырвоная ж капуста фарбуе яйкі ў далікатны блакітны колер. Капусту трэба дробна нарэзаць, заліць гарачай вадой і дадаць некалькі лыжак воцату. У адвар пакласьці яйкі і пакінуць на некалькі гадзінаў.

7. Каляровыя яйкі ў спэцыях і зёлках

Здаўна беларускія гаспадыні назапашвалі разнастайныя зёлкі і спэцыі, каб запарваць напоі, прыпраўляць ежу, фарбаваць тканіну і ніткі, лекаваць і аздабляць яйкі на Вялікдзень. Так, калі варыць яйкі ў настоі з кміну і рамонку, яны стануць жоўтага колеру. Аднак самым лепшым фарбавальнікам лічыцца куркума, зь якой можна атрымаць усе адценьні жоўтага — ад сьветлага жоўтага да насычанага залатога. Некалькі лыжак куркумы варта паварыць 15 хвілінаў, пасьля чаго пакласьці ў адвар яйкі і варыць з паўгадзіны. Аранжавы колер яйкам надаюць апэльсінавая цэдра і папрыка, а адценьні карычневага гарантуюць бярозавыя лісткі, моцная чорная гарбата і кава. Каб мець у кошыку незвычайныя зялёныя яйкі, варта паварыць іх у адвары з сушанага шпінату, пятрушкі, крапівы, плюшчу ці падбелу.

8. Аздабленьне яек без афарбоўкі

Прыгожа аздобіць велікодныя яйкі можна і не ўжываючы фарбу. Так, калі яйка старанна абваляць у парафіне, на яго выдатна мацуецца бісэр альбо дробныя пацеркі. Яйкі ўпрыгожваюць крупамі, гузікамі, стужкамі, на іх прыклейваюць кавалачкі тканіны і нават абвязваюць кручком. Для аздабленьня велікодных яек сучасныя гаспадыні актыўна карыстаюцца моднай тэхнікай дэкупаж, карані якой варта шукаць аж у Сярэднявеччы. Тэхнікай карысталіся перадусім, каб упрыгожыць мэблю, але зь цягам часу дэкупаж стаў магчымым для любых паверхняў — ім упрыгожваюць адзеньне, аксэсуары, посуд і нават велікодныя яйкі. Самы просты і даступны ў хатніх умовах спосаб заняцца дэкупажам — выбраць прыгожыя сурвэткі альбо тканіну з сакавітым веснавым малюнкам, выразаць яго і акуратна прыклеіць на яйка, замест клею ўжываючы яечны бялок.

Як толькі працэс аздабленьня будзе скончаны, застанецца ўдала падабраць форму і колер кошыка, дзе велікодныя яйкі будуць добра глядзецца ў храме, і посуд, у якім яны стануць аздобай сьвяточнага стала.

Яна Шыдлоўская для Радыё Свабода

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG